Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Беларускія жанчыны падалі генэральнаму пракурору скаргу на Лукашэнку за дыскрымінацыю

Жанчыны, якія зьяўляюцца сябрамі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), накіравалі зварот на імя генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка.

Падставай стала выказваньне Аляксандра Лукашэнкі падчас ягонага наведваньня Менскага трактарнага заводу, калі ён заявіў: «У нас Канстытуцыя не пад жанчыну, і грамадзтва не сасьпела для таго, каб галасаваць за жанчыну». «Лічым, што такое нэгатыўнае выказваньне зьяўляецца наўпроставай дыскрымінацыяй паводле гендэрнай прыкметы, чым парушаюцца нашы правы як грамадзянак», — адзначаецца ў заяве. Цалкам чытайце тут.

САЗ пра выбары ў Беларусі падчас эпідэміі: «Улады маглі б разгледзець іх перанос»

Сытуацыю з пашырэньнем эпідэміі COVID-19 Свабодзе пракамэнтаваў афіцыйны прадстаўнік эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Джэймс Крэсуік.

«На 10 чэрвеня Беларусь па-ранейшаму паведамляе пра заражэньні зь невядомай крыніцы (community transmission), і таму мы рэкамэндуем фізычнае дыстанцыяваньне прынамсі на 1 мэтар, а таксама раім, каб урад заахвочваў людзей насіць маскі там, дзе фізычнае дыстанцыяваньне захоўваць складана».

Паводле рэкамэндацыяў САЗ, гэта накладае пэўныя абмежаваньні на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

У тым ліку, напрыклад, прэзыдэнцкіх выбараў. «На думку САЗ, усе краіны, дзе адбываецца перадача інфэкцыі зь невядомай крыніцы, мусілі б падтрымаць рэкамэндацыі пра сацыяльнае дыстанцыяваньне і сур'ёзна разгледзець магчымасьць адкласьці ці абмежаваць вялікія мерапрыемствы, якія зьбіраюць разам людзей і маюць патэнцыял узмацніць хваробу, — адзначаюць у САЗ. Цалкам чытайце па спасылцы.

Ціханоўская заявіла, што ёй пагражалі адабраць дзяцей, калі ня спыніць выбарчую кампанію. ВІДЭА

«Шантажаваць дзецьмі – гэта нізка і подла! — кажа Сьвятлана Ціханоўская. — Мне сказалі падумаць: можа, вам варта спыніць здаваць подпісы».

Патэнцыйная кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская 16 чэрвеня прыслала Свабодзе відэазварот, у якім заявіла аб пагрозах, якія ёй паступаюць у сувязі з удзелам у выбарах. Цалкам чытайце па спасылцы.

Цапкала: 50 мільярдаў даляраў убухалі ў аграгарадкі. І ўсё марна

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала падчас відэатрансьляцыі на сваім канале ў YouTube заявіў, што на гэты момант ягоная ініцыятыўная група сабрала 180 тысяч подпісаў.

У штабе канчаткова апрацоўваюць 144 тысячы, каб у Цэнтравыбаркам здаць бездакорны варыянт. Асноўныя заявы Валера Цапкалы зь трансьляцыі чытайце па спасылцы.

1246 сутак арышту, 90 тысяч рублёў штрафаў. Праваабаронцы падлічылі вынікі судоў ад 6 траўня

Праваабарончы цэнтар «Вясна» вядзе ўлік выракаў паводле адміністрацыйных артыкулаў, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі ў мэтах палітычнага перасьледу. Ад 6 траўня, калі затрымалі прызнанага палітвязьнем блогера Сяргея Ціханоўскага, да 16 чэрвеня налічылі:

  • 97 чалавек пакараныя арыштамі;
  • арышты сумарна працягнуцца 1246 сутак;
  • 105 чалавек атрымалі штрафы;
  • агульная сума штрафаў — каля 90 тысяч рублёў.

Гэтыя лічбы не канчатковыя: суды чакаюцца і 16 чэрвеня (над Вольгай Мікалайчык, Валянцінам Троцкім, Веранікай Мішчанкай і Аляксандрм Грышчанкавым), і ў наступныя дні. Цалкам чытайце тут.

ЦВК адмовілася ад ідэі Бабарыкі аб «суправаджальных лістах» да подпісаў выбарнікаў

Ідэя штабу Віктара Бабарыкі была ў тым, каб разам з падпіснымі лістамі даваць сьпісы прозьвішчаў выбарнікаў і нумарацыю падпісных лістоў, каб ведаць, куды і калі здалі кожны з падпісных лістоў. Гэтая ідэя «ня мае ні праўнага, ні фактычнага значэньня», сьцьвярджае ЦВК.

Прымаюць і пералічваюць падпісныя лісты ў асабістай прысутнасьці каардынатара ініцыятыўнай групы, які здае лісты; дату прыёму і колькасьць лістоў засьведчваюць каардынатар групы і чалец тэрытарыяльнай камісіі, які прыняў лісты. ЦВК лічыць гэта дастатковым, каб «гарантаваць поўную захаванасьць здадзеных у камісіі падпісных лістоў». Цалкам чытайце па спасылцы.

Рада БНР заклікала вызваліць затрыманых актывістаў і правесьці ў Беларусі сумленныя выбары

У сваёй заяве, поўны тэкст якой зьмешчаны на старонцы ў фэйсбуку, Рада Беларускай Наароднай Рэспублікі патрабуе «неадкладна вызваліць усіх незаконна затрыманых асобаў». На сёньняшні дзень, гаворыцца ў заяве, у Беларусі няма ўмоваў для правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў, а Аляксандар Лукашэнка «ня мае законнага права вылучаць сваю кандыдатуру».

«Рада БНР заклікае міжнародную супольнасьць аказаць увесь магчымы ціск на ўлады Рэспублікі Беларусі дзеля забесьпячэньня абароны правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі ў Беларусі» — гаворыцца ў заяве. Цалкам чытайце па спасылцы.

«Лукашэнкі заўтра ня будзе. Прыйдзе Бабарыка». Былы лідэр Літвы пра выбары ў Беларусі і «сьвінскую» АЭС

Колішні лідэр літоўскага руху «Саюдзіс» і былы старшыня літоўскага парлямэнту Вітаўтас Ландсбергіс расказаў у інтэрвію Свабодзе, калі адносіны паміж беларусамі і літоўцамі былі найлепшыя ў гісторыі, чаму сапсаваліся, ці здольныя беларусы на перамены, як гэтыя перамены зрабілі літоўцы і ці задаволеная іх вынікамі Літва.

Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.

Ініцыятыўная група Бабарыкі здала ў выбарчыя камісіі 120 тысяч подпісаў

Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі паведаміў вечарам 15 чэрвеня пра здачу ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі першай партыі падпісных лістоў з 120 тысячамі подпісаў.

Агулам, сьцьвярджае штаб, за вылучэньне Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты сабралі 335 тысяч подпісаў, зь іх ужо праверылі 220 тысяч.

Пры тым этап збору подпісаў яшчэ трывае — іх можна зьбіраць да 19 чэрвеня ўключна. Штаб Бабарыкі піша, што працягне і збор, і праверку подпісаў.

Штаб Бабарыкі паведаміў пра арышт каардынатаркі ягонай ініцыятыўнай групы

Штаб патэнцыйнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі паведаміў, што Сьвятлану Купрэеву затрымалі ў яе дома яшчэ раніцай у чацьвер, 11 чэрвеня.

«У кватэры ў прысутнасьці 81-гадовай маці Сьвятланы пачалі праводзіць ператрус, а саму Сьвятлану, бяз рэчаў і зьменнага адзеньня, павезьлі работнікі ДФР (Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. — РС). Увечары сяброўцы Сьвятланы паведамілі праз тэлефон, што Сьвятлана затрыманая і будзе знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

На наступны дзень, 12 чэрвеня, Купрэеву дапыталі, але зь СІЗА ня вызвалілі. Па заканчэньні 72 гадзін яе таксама ня выпусьцілі, што можа азначаць толькі тое, што была ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым аб заключэньні пад варту ДФР не паведаміў ні маці, ні каму-небудзь зь сяброў Купрэевай. Перадаць Сьвятлане ў СІЗА рэчы першай неабходнасьці ўдалося толькі праз чатыры дні пасьля затрыманьня».

«Спыніцца на гэтым этапе — здрадзіць і Сяргею, і людзям, якія паверылі яму», — Сьвятлана Ціханоўская заявіла пра 100 тысяч сабраных подпісаў

Ініцыятыўная група Святланы Ціханоўскай сабрала 100 тысяч подпісаў, кажа патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнцкую пасаду. «Фактычна яны ёсьць, але ці пасьпеем мы іх здаць фізычна, бо ўмовы не на нашу карысьць... Але мы вельмі стараемся гэта зрабіць», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў камэнтары Свабодзе.

Паводле Святланы, на сябраў ініцыятыўнай групы ідзе ціск. «На мяне ціску няма, але эмацыйна і псыхалягічна вельмі цяжка», — дадала яна.

Сябры ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай трапляюць пад адміністрацыйныя арышты, кіраўнік групы — яе муж, вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, прызнаны палітвязьнем, цяпер знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Нядаўна яго зьмясьцілі ў карцар «за парушэньне ўнутранага распарадку СІЗА».

У Берасьці затрымалі прэс-сакратара Сьвятланы Ціханоўскай

У Берасьці 15 чэрвеня затрымалі Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы патэнцыйнай кандыдаткі на прэзыдэнта Сьвятланы Ціханоўскай. Пра гэта Свабодзе сказаў кіроўца Кабанава.

Ён расказаў, што Кабанава папрасілі прыйсьці ў паліклініку, бо нядаўна ён перахварэў на каранавірус. На выхадзе з паліклінікі Кабанава паспрабавалі затрымаць, але гэта не ўдалося. Кабанава затрымалі пазьней.

«Ён падазраваў што гэта правакацыя, што недарма яму патэлефанавалі».

Пасьля канфіскацыі цішотак ПСІХО3% у краму Symbal.by прыйшлі з праверкай

15 чэрвеня ў памяшканьне крамы symbal.by а 14.30 прыйшлі з праверкай супрацоўнік аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Савецкага РАУС і чатыры галоўныя падатковыя інспэктары Міністэрства па падатках і зборах па Менску, паведаміў у Фэйсбуку ўладальнік крамы Павал Белавус. Чатыры гадзіны яны праводзілі праверку, аглядалі гандлёвыя, офісныя і вытворчыя памяшканьні, складалі пратаколы, вымалі частку бухгальтарскіх дакумэнтаў.

Надпіс «ПСІХОЗ%» на майцы Symbal.by зьвязаны зь лічбай 3%. Менавіта столькі ў розных інтэрнэт-апытаньнях атрымаў Аляксандар Лукашэнка, што стала ўжо папулярным інтэрнэт-мэмам. Матэрыял цалкам чытайце па спасылцы.

Захад даруе Лукашэнку ўсё. Акрамя крыві

Які міжнародны кантэкст сёлетняй выбарчай кампаніі? З аднаго боку — заява Брусэлю супраць ціску на актывістаў штабоў апанэнтаў Лукашэнкі, з другога — падтрымка з боку лідэра Кітаю, і на гэтым фоне — наступ уладаў на банк, які належыць бюджэтаўтворнай расейскай карпарацыі. Сытуацыю амяркоўваюць аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык. Чытайце тэкст па спасылцы.

«Беларусь — гэта ня толькі сталіца, гэта рэальна рэгіёны». Як прайшоў пікет Бабарыкі ў Бабруйску. Фотагалерэя

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка 15 чэрвеня наведаў выбарчы пікет у Бабруйску.​ Сотні бабруйчан прыйшлі сустрэцца з патэнцыйным кандыдатам у прэзыдэнты, акружылі яго і актыўна задавалі пытаньні. Побач таксама былі разгорнутыя пікеты па зборы подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую і Валера Цапкалу. Многія казалі, што прыйшлі падпісацца за ўсіх, толькі не за Лукашэнку.

Прыгоды рэйтынгу прэзыдэнта, або Які адсотак у Лукашэнкі

Хвосткі мэм пра надзвычай нізкі рэйтынг Лукашэнкі набыў вялікую папулярнасьць у беларускім грамадзтве. Ён грунтуецца на онлайнавых апытаньнях, праведзеных апошнім часам у шэрагу інтэрнэт-выданьняў. Але які ён на самай справе, ці праўда, што ён насамрэч настолькі нізкі? Разважае ў новым блогу Юры Дракахруст. Чытайце па спасылцы.

Пікет Бабарыкі ў Бабруйску. ВІДЭА

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка 15 чэрвеня наведаў выбарчы пікет у Бабруйску.​ Асноўныя цытаты чытайце па спасылцы.

Цапкала: Лукашэнку на выбарах можа дапамагчы толькі цуд

На сёлетніх выбарах прэзыдэнта ў Беларусі Аляксандру Лукашэнку «толькі цуд можа дапамагчы», заявіў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Валер Цапкала 15 чэрвеня ў інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы».

«Бо рэйтынг яго надзвычай нізкі, што мы бачым па велізарнай колькасьці людзей, якія ставяць на пікетах подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, — адзначыў Цапкала. — Людзі перасталі баяцца, і мы бачым, што фактычна за ўвесь час толькі два пікеты было за Лукашэнку, дзе падвозілі трыма мікрааўтобусамі людзей, якія сталі ў чаргу для таго, каб аддаць за яго подпісы. А так тыя пікеты, якія я бачыў, — людзі наогул да яго не падыходзяць». Цалкам чытайце па спасылцы.

Лукашэнка дзейнічае ў той жа парадыгме, што і Януковіч аж да канца 2013 году, — кіраўнік фонду «Ўкраінская палітыка»

Як выглядае беларуская выбарчая кампанія з Кіева? Ці не раздражняюцца ва Ўкраіне няспыннымі спасылкамі Лукашэнкі на «жахі» Майдану? Які вынік беларускіх выбараў будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Украіны?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да Канстанціна Бандарэнкі, кіраўніка фонду «Ўкраінская палітыка». Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.

Канапацкая пракамэнтавала інфармацыю пра 10 тысяч подпісаў

Патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта Ганна Канапацкая пракамэнтавала Свабодзе інфармацыю пра збор подпісаў.

Што адбылося?

Двое сябраў каманды Ганны Канапацкай на ўмовах ананімнасьці расказалі «Нашай Ніве», што насамрэч Ганна Канапацкая сабрала ня больш за 10 тысяч подпісаў. А ўсе пікеты і абыход кватэр патэнцыйная кандыдатка на прэзыдэнта спыніла.

Што кажа Канапацкая?

Паводле Канапацкай, на канец мінулага тыдня яе ініцыятыўная група сабрала больш 110 тысяч подпісаў.

Інтэрвію каардынатараў яе ініцыятыўнай групы «Нашай ніве» палітык назвала «няўдалай спробай зьбіць рэальна моцнага кандыдата, які выступае за незалежнасьць Беларусі».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG