Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020
Падчас пратэсту ў Менску, 14 ліпеня 2020

Людзі выйшлі на вуліцы пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы. Адбыліся затрыманьні

Усё, што варта ведаць пра выбарчую кампанію ў Беларусі, якая адбываецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

Інстытут сацыялёгіі: Інфармацыя аб рэйтынгу Лукашэнкі ў 3,8% — фэйк

Кіраўнік Інстытуту сацыялёгіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў зьняпраўдзіў Свабодзе зьвесткі, якія распаўсюдзілі ў шэрагу СМІ са спасылкай на Інстытут сацыялёгіі Нацыянальнай Акадэміі навук.

У публікацыях прыводзілі наступныя лічбы:

  • Віктар Бабарыка — 58,2%
  • Сьвятлана Ціханоўская —20,4%
  • Валер Цапкала — 15,7%
  • Аляксандар Лукашэнка — 3,8%

Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Генадзь Коршунаў у размове са Свабодай зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю. Лічбы распаўсюдзіў telegram-канал «Трикотаж», які ня мае нічога супольнага з інстытутам. У апублікаванай інфармацыі пісалі пра тэлефоннае апытаньне, але тэлефонныя апытаньні аб рэйтынгу «ня робяцца».

Пальчысу — яшчэ 15 дзён арышту. У Менску судзяць за пікеты, у тым ліку Барысава, Губарэвіча і жонку Статкевіча

Цягам 19 чэрвеня ў Менску праходзіць каля 20 судовых працэсаў паводле адміністрацыйных справаў за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў» (арт. 23.34 КаАП). Падсудным пагражае арышт або штраф да 1350 рублёў.

Суды зьвязаныя зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Самыя пікеты легальныя, але на ранейшых судах сьведкі-міліцыянты заяўлялі, што падсудныя незаконна там мітынгавалі.​

Сьпіс падсудных, абнаўляецца >>

Таболіч не сабраў 100 тысяч подпісаў і сышоў з выбарчай кампаніі

Музыка і майстар татý​ Алесь Таболіч падзякаваў сябрам, прыхільнікам і ўсім патрыётам Беларусі, якія паставілі свой подпіс у ягоную падтрымку на вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты. На гэтым кампанію завяршыў​ — каманда зрабіла шмат, але сабраць неабходныя 100 000 подпісаў не ўдалося.

«Шчыра кажучы, дастатковую колькасьць сабралі ўсяго некалькі кандыдатаў, астатнім дапамагаюць іхныя куратары, каб мець для ўлады спойлераў, — напісаў Алесь на сваёй старонцы ў Facebook. — Я тапіў за Беларусь і далей буду гэта рабіць. Я прыцягваў увагу да нацыянальнай культуры, адраджэньня і буду займацца гэтым надалей».

Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў. Гэта рэкорд для канкурэнтаў Лукашэнкі за ўвесь час

Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Віктара Бабарыкі паведаміў 19 чэрвеня, што за вылучэньне Бабарыкі сабралі, праверылі і падрыхтавалі да перадачы ў выбарчыя камісіі 434 985 подпісаў.

19 чэрвеня — апошні дзень, калі подпісы можна зьбіраць і падаваць у выбарчыя камісіі. Для рэгістрацыі кандыдата трэба сабраць мінімум 100 тысяч подпісаў, а штаб Бабарыкі паведамляе, што на 19 чэрвеня ў выбаркамы перадалі ўжо 283 тысячы.

Штаб заяўляе, што гэта рэкордная колькасьць подпісаў, сабраных за альтэрнатыўных кандыдатаў за ўсю гісторыю Рэспублікі Беларусь. Зянон Пазьняк у 1994 годзе сабраў 217 тысяч, Аляксандар Мілінкевіч у 2006-м — 198 тысяч, Сямён Домаг у 2001-м — 164 тысячы. Бабарыка меў таксама рэкордна вялікую для альтэрнатыўнага кандыдата ініцыятыўную групу — да яе далучыўся 9183 чалавекі.

У ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі, як сьцьвярджаецца, «звыш 11 тысяч чалавек», і за яго нібыта сабралі ўжо звыш 1,5 млн подпісаў.

За вызваленьне Бабарыкі на Change.org падпісаліся 60 тысяч карыстальнікаў

Зварот «Патрабуем вызваліць Віктара Бабарыку» на сайце Change.org за 16 гадзінаў набраў каля 60 тысяч подпісаў. Адрозна ад зваротаў на сайце Petitions.by, улады не абавязаныя даваць адказ на гэтую пэтыцыю, а падпісваць яе могуць ня толькі жыхары Беларусі.

У звароце, які адрасуюць Аляксандру Лукашэнку, ураду, Вярхоўнаму суду і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, патрабуюць вызваліць з-пад варты патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку, а таксама спыніць перасьлед яго родных, сяброў, чальцоў ініцыятыўных групаў і «любых грамадзянаў, якія падтрымліваюць яго ў ролі кандыдата на пасаду прэзыдэнта».

Апошні дзень збору подпісаў на выбарах у Беларусі — 19 чэрвеня. Што чакаецца далей

Да 19.00 19 чэрвеня выбарчыя камісіі Беларусі прымаюць подпісы за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Нават калі кандыдат здасьць 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня, гэта яшчэ ня значыць, што кандыдата зарэгіструюць.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 18 чэрвеня паведамляла, што ініцыятыўныя групы двух патэнцыйных кандыдатаў ужо здалі звыш 100 тысяч подпісаў: за Аляксандра Лукашэнку — 364 тысячы, за Віктара Бабарыку — каля 150 тысяч.

Пра збор неабходных 100 тысяч подпісаў раней заяўлялі таксама Валер Цапкала, Сяргей Чэрачань, Ганна Канапацкая і Андрэй Дзьмітрыеў. З выбараў зьняліся Алег Гайдукевіч і Натальля Кісель.

Чытаць далей.

«Палітычнае месіва». Расейскі апазыцыянэр Навальны пра разгром Лукашэнкам сваіх апанэнтаў

Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны прысьвяціў сваю праграму на канале YouTube # РоссияБудущего выбарам у Беларусі.

«Акурат цяпер ў Беларусі адбываецца „палітычнае месіва“ — з арыштамі, катаваньнямі, затрыманьнямі ўсіх без разбору, — адзначыў Навальны. — Масавая незадаволенасьць Лукашэнкам адбываецца адначасова на фоне эпідэміі, якую беларускі кіраўнік не прызнае як зьяву, і фактычнага разбурэньня эканомікі. Бо кожны аўтарытарны лідэр, які шмат-шмат гадоў ва ўладзе, дасягае таго пункту, калі эканоміка рассыпаецца. Адпаведна —рэзкае падзеньне ўзроўню жыцьця насельніцтва».​ё

«Працягнем працаваць, магчыма, яшчэ больш актыўна»: затрыманьне Бабарыкі пракамэнтавалі ў яго выбарчым штабе

У штабе Віктара Бабарыкі Свабодзе заявілі, што працягваюць працаваць у штатным рэжыме і паабяцалі заўтра зладзіць стрым і расказаць пра далейшыя пляны і стратэгію штабу.

«Мы працуем у штатным рэжыме. У нас ёсьць мэта, мы ўсталявалі рэкорд — 425 тысяч сабраных подпісаў. Больш за 200 тысяч подпісаў мы ўжо накіравалі ў ЦВК, і цяпер мы праводзім апрацоўку і вэрыфікацыю астатніх подпісаў. Магчыма, заўтра нам таксама ўдасца іх падаць — пры ўмове, што Віктара і Эдуарда адпусьцяць, таму што менавіта яны маюць права (у тым ліку) падаваць подпісы ў ЦВК», — распавяла Свабодзе прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя.

Чытаць цалкам

Затрыманьне Бабарыкі: чаму Лукашэнка перадумаў

Віктар Бабарыка ўсё ж затрыманы. Роўна праз тыдзень пасьля «наезду» на «Белгазпрамбанк». Чаму не адразу яго «пасадзілі» разам з двума дзясяткамі затрыманых калегаў па працы ў банку і сяброў? Чаму чакалі цэлы тыдзень? Піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Чытаць цалкам

Сын Віктара Бабарыкі знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Эдуард Бабарыка
Эдуард Бабарыка

Сын патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і кіраўнік ягонага выбарчага штабу Эдуард Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку дзяўчына Эдуарда Аляксандра Зьверава.

«Толькі што са мной зьвязаўся дзяжурны хтосьці і паведаміў, што Эдзік знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яго абвінавачваюць па артыкуле «ўхіленьне ад выплаты падаткаў», — напісала Аляксандра.

Чытаць цалкам

«Надакучыла баяцца». Пікет салідарнасьці ў цэнтры Менску. УЖЫВУЮ

18 чэрвеня ў цэнтры Менску, каля Беларускай дзяржаўная філярмоніі на праспэкце Незалежнасьці, праходзіць супольны пікет прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі апазыцыі, які мае на мэце выказаць салідарнасьць зь Сяргеем Ціханоўскім, Паўлам Севярынцам, Міколам Статкевічам і іншымі затрыманымі падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі.

Па стане на 20:35 чарга расьцягнулася больш, чым на 1,8 кілямэтра. Свабода вядзе жывую трансьляцыю зь месца падзей.

«Пустым займаецеся». Качанава сустрэлася з чальцамі ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў

У гарадзкой бібліятэцы Баранавічаў старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Натальля Качанава сустрэлася з чальцамі ініцыятыўных групаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Як паведамляе «Наша Ніва», прысутнічалі каля 30 чалавек: зборшчыкі подпісаў са штабоў Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Сьвятланы Ціханоўскай, Андрэя Дзьмітрыева, апазыцыйныя актывісты.

«У Натальлі Іванаўны было некалькі пасылаў. Першы — такіх людзей, як Аляксандар Рыгоравіч, яна ў жыцьці ня бачыла, таму зь ім да канца. Другі — тых, хто не падтрымлівае Лукашэнку, вельмі мала, пустым займаецеся. І трэці пасыл — ніякіх фальсыфікацый не было», — падзяліўся з выданьнем адзін з удзельнікаў.

Калі ёй прапанавалі выйсьці на вуліцу і апытаць першыя дзесяць чалавек, за каго яны прагаласуюць, Качанава адмовілася: маўляў, незаконнае сацыялягічнае апытаньне. Цалкам чытайце па спасылцы.

Бабарыка — на допыце, у яго дома — ператрус. ВІДЭА

Свабода вяла жывы рэпартаж ад дома сям'і Бабарыкаў у вёсцы Мачаны Лагойскага раёну і ад будынка ДФР у Менску на вуліцы Кальварыйскай.

У доме Бабарыкі пачалі ператрус, яго самога дапытваюць

Штаб патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі пацьвердзіў Свабодзе зьвесткі аб ператрусе дома ў Бабарыкі ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёну​. Зьвесткі пра ператрус зьявіліся днём 18 чэрвеня. Ці знаходзіцца дома падчас ператрусу ўласьнік будынку, у штабе ня ведаюць.

Мясцовыя жыхары кажуць Свабодзе, што яшчэ гадзіну таму было шмат машынаў каля дому Бабарыкі: два мікрааўтобусы і ня менш за 5 легкавікоў. У аднаго зь мікрааўтобусаў адкруцілі нумары на вачах карэспандэнта Свабоды. Цалкам чытайце па спасылцы.

Ініцыятыўная група Ціханоўскай паскардзілася Лукашэнку на сваволю Ярмошынай і рэпрэсіі падчас выбараў

Вольга Паўлава, сябра ініцыятыўнай групы за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзыдэнты, 18 чэрвеня накіравала скаргу Аляксандру Лукашэнку і ягонай адміністрацыі. Скарга накіраваная ад імя Паўлавай і яшчэ 36 чальцоў і валянтэраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

У скарзе зьвяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі, бо ён як кіраўнік дзяржавы зьяўляецца гарантам Канстытуцыі і адказны за забесьпячэньне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Група ставіць пад сумнеў «адпаведнасьць займаным пасадам» асобных службоўцаў у рэгіёнах, а таксама чальцоў ЦВК на чале зь Лідзіяй Ярмошынай, якая пазьбягае кантактаў з чальцамі ініцыятыўных групаў і «патурае парушэньням заканадаўства, з надуманай нагоды ініцыюе крымінальны перасьлед удзельнікаў выбарчай кампаніі, робіць неправамерныя заявы, у тым ліку пра тое, што шляхам збору подпісаў хочуць дамагчыся зьмены ўлады». Цалкам чытайце па спасылцы.

Віктар і Эдуард Бабарыка «даюць паказаньні» ў ДФР без адвакатаў, якіх не дапускаюць у будынак

Прадстаўнікі штабу патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі паведамілі 18 чэрвеня, што ня могуць трапіць у Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, дзе трымаюць Віктара і яго сына Эдуарда Бабарыку. Іх дапытваюць без адвакатаў, адзначае штаб.

Ці затрыманыя яны і які іхны працэсуальны статус, у штабе Бабарыкі Свабодзе сказаць не змаглі, бо ніякай афіцыйнай інфармацыі няма, а адвакатаў да іх не дапускаюць. Далей чытайце па спасылцы.

У чым вінавацяць каардынатарку ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ

Сьвятлану Купрэеву падазраюць ва «ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». Пра гэта сказана ў пастанове аб арышце маёмасьці і перадачы на адказнае захаваньне ад 12 чэрвеня, паведаміла карэспандэнту Свабоды маці Сьвятланы.

У дакумэнце гаворыцца, што ў вытворчасьці ДФР КДК знаходзіцца крымінальная справа па падазрэньні Купрэевай і іншых асобаў ва ўчыненьні злачынства па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу, спалучанага з нанясеньнем шкоды на агульную суму ня менш за 8 мільёнаў 950 тысяч рублёў. «У Сьвятланы ніколі такіх грошай не было і падаткі яна спраўна плаціла. Яна да гэтага яўна ня мае дачыненьня, бо ня ў стане такое рабіць», — кажа маці Сьвятланы Тацяна Мікалаеўна. Цалкам чытайце па спасылцы.

Ярмошына расказала, колькі подпісаў ужо здалі патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты

У адмысловым відэазвароце на сайце ЦВК Лідзія Ярмошына расказала, што цяпер подпісы за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты зьбіраюць 13 ініцыятыўных групаў.

Паводле Ярмошынай, на цяперашні момант здалі:

  • за Аляксандра Лукашэнку — 364 тысячы;
  • за Віктара Бабарыку — каля 150 тысяч;
  • за Сьвятлану Ціханоўскую — звыш 43 тысяч;
  • за Валера Цапкалу — звыш 43 тысяч;
  • за Сяргея Чэрачня — менш за 10 тысяч;
  • за Ганну Канапацкую — «некалькі сотняў»;
  • за Андрэя Дзьмітрыева — 62 подпісы.

Мяркуючы з словаў Ярмошынай, подпісы пакуль не здавалі Юры Ганцэвіч, Юрась Губарэвіч, Уладзімер Няпомняшчых, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Алесь Таболіч. Цалкам чытайце тут.

Губарэвіч заявіў, што супраць яго «рыхтуюцца правакацыі»: невядомы фатаграфаваў яго машыну

А 7.30 раніцы 18 чэрвеня невядомы мужчына рабіў дэталёвыя здымкі аўтамабіля, які належыць лідэру руху «За свабоду» і патэнцыйнаму кандыдату ў прэзыдэнты Юрасю Губарэвічу. Палітык на Facebook задаецца пытаньнем: «Рыхтуюцца правакацыі?» Губарэвіч растлумачыў Свабодзе, што іншых вэрсіяў ня мае. Цалкам чытайце па спасылцы.

Віктар і Эдуард Бабарыка не выходзяць на сувязь. У штабе мяркуюць, яны могуць быць у ДФР

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, 18 чэрвеня не выходзяць на сувязь — у штабе мяркуюць, яны маглі быць дастаўленыя ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, паведаміў штаб Бабарыкі ў Telegram. Ім «ДФР дзьверы не адчыняе, камэнтароў не дае».

Першым пра бацьку і сына Бабарыкаў у ДФР паведаміў ананімны Telegram-канал «Папаратор». У паведамленьні сьцьвярджаецца, што Бабарыкаў нібыта даставілі ў ДФР для сьледчых дзеяньняў, «зьвязаных зь нясплатай падаткаў і легалізацыяй незаконна атрыманых даходаў». Цалкам чытайце па спасылцы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG