Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 сакавіка 2017 году ў Менску: затрымліваюць Яна Грыба
25 сакавіка 2017 году ў Менску: затрымліваюць Яна Грыба

Да 25 сутак. Суды за Дзень Волі па ўсёй Беларусі

Пасьля масавых затрыманьняў на акцыях 25 сакавіка і 26 сакавіка ​ў Беларусі чакаюць судоў у панядзелак да сотні чалавек, паводле зьвестак Беларускага Хэльсынскага камітэту. Прыблізна столькі ж — паводле сьпісу «Вясны». Агулам за два дні затрымана было каля тысячы чалавек. Да Дня Волі суды над «недармаедамі» ішлі два тыдні.

Судзяць Паўла Белавуса

Павал Белавус
Павал Белавус

Менск. У Ленінскім раённым судзе судзяць Паўла Белавуса, дырэктара «Арт-сядзібы». Судpьдзя Дзьмітры Астапенка. Выступілі сьведкі міліцыянты Яфанаў і Мікуцэвіч, якія даказвалі, што Белавус нібыта ўдзельнічаў у недазволенай акцыі на Кастрычніцкай плошчы 26 сакавіка. Павал абвяргаў, казаў, што быў з жонкай, паставілі аўто на Кастрычніцкай плошчы і ішлі ва ўнівэрсам «Цэнтральны», як іх спынілі міліцыянты і затрымалі абодвух.

Жонку, Кацярыну Маковіч, якая цяжарная, празь 10 хвілінаў выпусьцілі з аўтазаку, яго затрымалі. Адвакат запрасіла ў суд праглядзець відэазапіс. Было бачна, што затрымлівалі іншыя, ня сьведкі. Перапынак. Пасьля абеду будуць праглядаць іншае відэа.

Менск. Суд Маскоўскага раёну. Андрэй Лыньнік аштрафаваны на 30 базавых велічынь — 690 рублёў. Андрэй кажа, што штраф большы за месячны заробак, будзе абскарджваць.

Андрэй Лыньнік
Андрэй Лыньнік

Судзяць фотакарэспандэнта

Менск. У Ленінскім раённым судзе таксама судзяць фотакарэспандэнта-фрылансэра Рамана Пратасевіча. Судзьдзя Тацяна Дарашчонак. Яму пагражае пакараньне па двух пратаколах, за 25 і 26 сакавіка.

Раман Пратасевіч
Раман Пратасевіч

Арыштам пакаралі расейца, фігуранта «Балотнай справы»

Менск. У Ленінскім раённым судзе 12 сутак атрымаў расеец Аляксей Паліховіч, былы фігурант «Балотнай справы».

Судзяць грамадзянку Расеі

Менск. Суд Маскоўскага раёну. Судзяць Вольгу Рошчыну. Судзьдзя Аляксандар Петраш. Яна грамадзянка Расеі, жыве ў Кашыры. На працэсе Вольга кажа, што ня бачыла пратаколу.

Вольга Рошчына
Вольга Рошчына

Абвясьцілі перапынак для азнаямленьня з пратаколам. Пасьля перапынку Вольга заявіла, што нязгодная з пратаколам. На яе складзеныя два пратаколы. Нібыта на Акадэмічнай удзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве — арт. 23.34. Другі пратакол — нецэнзурна лаялася, арт.17.1 — хуліганства. Яна сьцьвярджае, што на першым пратаколе — не яе подпісы. Таксама адмаўляе, што нецэнзурна выказвалася, мітынгу не было — там былі толькі АМАП і журналісты.

Вольга скардзіцца, што не далі патэлефанаваць, не пускалі ў прыбіральню, не давалі вады цягам 10 гадзін — да прыводу ў камэру на Акрэсьціна. У справе ёсьць рапарт міліцыянта. Быццам бы сярод асабістых рэчаў быў пакет з расьцяжкай «Усіх не перасаджаеш». Вольга сьцьвярджае, што расьцяжка не яе, пакет «падкінулі». А нецэнзурна яна ніколі не выказваецца.

У Кастрычніцкім судзе пачалі штрафаваць

Штраф у 30 базавых велічынь атрымаў Максім Кавалёў. Паводле пратаколу, яго затрымалі ў 13.50 ля Акадэміі навук, насамрэч у 15.40 каля пл. Якуба Коласа. Судзьдзя Сяргей адмовілася праглядаць відэа, на якім а 15.00 Максім зь сябрам быў у гандлёвым цэнтры «Імпульс».

Максім Кавалёў
Максім Кавалёў

Гомель. У Савецкім раённым судзе штрафам у 18 базавых велічынь пакаралі Алу Раманчык.

Менск. Суд Маскоўскага раёну. Вольга Рошчына, грамадзянка РФ — арышт 13 сутак.

Гомель. Натальлі Шчукінай — штраф 12 базавых велічынь.

Менск, Ленінскі суд. Уладзь Рудакоў пакараны штрафам у 10 базавых велічынь.

Судзяць журналіста «Белсату» Алеся Баразенку

Аляксандар Баразенка абвінавачваецца паводле артыкулу 17.1- хуліганства. Ён быццам бы нецэнзурна лаяўся, запісана ў пратаколе. Баразенка распавядае, як ён ішоў ад Акадэміі навук пра праспэкце з калегай Кацярынай Бахвалавай, журналістамі зь іншых СМІ, калёны не было, ён працаваў.

Журналіста Пратасевіча засудзілі на 10 сутак

Менск. Ленінскі раённы суд. На працэсе Рамана Пратасевіча судзьдзя адмовілася праглядаць відэа tut.by, на якім бачна ягонае затрыманьне.

У суд Цэнтральнага раёну Менску прывезьлі 20 затрыманых за ўдзел у акцыі 25 сакавіка. Сярод затрыманых — Дзяніс Садоўскі, прадстаўнік партыі БХД, адзін з заяўнікаў акцыі 25 Сакавіка.

За 5 хвілінаў бязь сьведак

Менск. Актывіст Аляксандар Курэц у Кастрычніцкім судзе арыштаваны на 10 сутак. Суд цягнуўся 5 хвілінаў, асудзілі бязь сьведак.

Міліцыянт называў затрыманых «кавалкамі г…а»

Менск. Ленінскі раённы суд. Працэс над Сяргеем Дар'ічавым, беспрацоўным. Судзьдзя Тацяна Дарашчонак. Сяргей дае паказаньні па-беларуску.

Сяргей Дар'ічаў
Сяргей Дар'ічаў

​Да суду пасьпеў расказаць, што быў затрыманы на Акадэмічнай вуліцы да мітынгу. Яго зь сябрам спынілі міліцыянты, затрымалі, зьбілі пры затрыманьні. Паводле пратаколу, ён нібыта размахваў рукамі і брыдкасловіў, а пры затрыманьні клаўся на асфальт. Сяргей гэта абверг, паводле яго, іх з сябрам затрымалі пасьля таго, як яны ўжо разьвярнуліся і пайшлі прэч ад міліцыянтаў, якія іх спынілі. Ніхто зь міліцыянтаў не называўся. У камэры Ленінскага РУУС яго патрымалі не 3 гадзіны, а больш за 6.

Сяргей абураецца абыходжаньнем міліцыянтаў у Ленінскім РУУС: «Адзін зь міліцыянтаў, нейкі Міша, называў нас КАВАЛКАМІ Г…А. Таксама не давалі пазваніць, мая маці дагэтуль ня ведае, дзе я».

Менск. Ленінскі раённы суд. Дар'ічаў Сяргей аштрафаваны на 20 базавых велічынь.

Менск. Крысьціян Шынкевіч у Ленінскім судзе аштрафаваны атрымаў 20 базавых.

Быў затрыманы яшчэ ў 10 раніцы непадалек ад Акадэміі навук, ня меў дачыненьня да пратэстаў.

У Бабруйску судзяць проста ў ізалятары

Сёньня ў Бабруйску адбудзецца суд над Аляксеем Данілейкам, які застаўся адзіным з прыкладна сарака затрыманых учора вакол плошчы Перамогі, каго ня выпусьцілі на волю.

Іншых выпускалі зь 17-й да 21-й гадзіны вечара, і ўсіх без пратаколу правапарушэньня. Суд над Данілейкам мае пачацца а 15.00 проста на тэрыторыі ізалятара часовага ўтрыманьня.

Таксама чакаюцца суды над затрыманым 24 сакавіка Уладзімерам Лазаравым і затрыманым уноч на 26-га, адразу пасьля выхаду зь 15 сутак, Максімам Буйніцкім.

Прысуд Леаніду Кулакову — 25 сутак

Менск. Суд Савецкага раёну, Леанід Кулакоў — 25 сутак. Арт. 23.34 і 23.4 КаАП, судзьдзя Федарава М., паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Самы вялікі на гэты час прысуд.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG