Начная аБЛОГа, 15 красавіка

Агляд сеціва.
Ад аўторка ў сеціве пачала працаваць новая суполка – “Сябры Свабоды”. Зьяўленьне гэтай суполкі – ня проста водгук на патрабаваньне часу, тэхнічны прагрэс. Гэта яшчэ і, спадзяемся, сродак адваротнай сувязі з аўдыторыяй, месца для дыскусіяў, спрэчак, абмену навінамі, інфармацыяй наагул. Суполка, такім чынам, створана зусім не для дубляваньня сайту нашага радыё. Задачы ў яе іншыя. І ці будзе яна актыўная і цікавая, залежыць і ад нас, і ад інтэрнэт-грамады.

Сайт “Хартыі'97” пераказвае сёньняшні выступ канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дзе яна між іншага заявіла, што “Эўропа павінна падтрымліваць тых, хто ў Беларусі змагаецца за дэмакратыю, і тых, хто знаходзіцца ў беларускіх турмах з палітычных матываў”. Камэнтары:

“Ну вядома, “распаўсюдам інфармацыі”, пераліваньнем з пустога ў парожняе... Больш Эўропе няма чым дапамагчы...”

“А.Лукашенку наагул немагчыма прымусіць памяняць створаны ім дыктатарскі рэжым на дэмакратыю. Ён ня вораг сам сабе. Ён можа перапусьціць нешта дробнае, але не саступіць у галоўным – зьберажэньні ягонай некантраляванай улады над Беларусьсю”.

Блогер “Беларускі аглядальнік” ва ўласным дзёньніку пакінуў наступны запіс:

“Я, такі-такі, разумеючы неабходнасьць клопату дзяржавы і яе грамадзянаў аб хворых дзецях, але асэнсоўваючы, што ўзровень маёй кваліфікацыі недастатковы для таго, каб якасна месьці вуліцы і фарбаваць платы, прашу прыняць ад мяне ўнёсак у падтрымку суботніку ў памеры пяцімільённай часткі заплянаванага прыбытку – 2880 (дзьве тысячы васямсот восемдзесят) рублёў”. Дадатак: квітанцыя аб аплаце.

Нагадаю, што ў найбліжэйшую суботу, 19 красавіка, урад Беларусі рэкамэндаваў правесьці суботнік. Свой чын блогер пракамэнтаваў так:

“5 мільёнаў чалавек прымусяць працаваць у выхадны дзень, каб зарабіць бакс і аддаць яго дзяржаве. Калі яна такая бедная, няхай лепш возьме два баксы і пакіне мяне ў спакоі”.

Наведнікі суполкі “Жывога журналу” minsk_by абмяркоўваюць навіну пра тое, што ад 1 чэрвеня цягнікі мэтро ня будуць спыняцца на станцыі “Кастрычніцкая” ў сувязі з заменаю трох эскалятараў на чатыры. Мяркуецца, што на гэта пойдзе 150 дзён пры ўмове, што працаваць рабочыя будуць кругласутачна. Камэнтары:

“Паўгоду эскалятары мяняць?”

“Як, цікава, выкладчыкам тлумачыць будзем, што з 10-й у сухотную бальніцу 2 гадзіны замест 50 хвілін дабіраліся? То бок выкладчыкі, безумоўна, зразумеюць, але вось дэканат, адчуваю, працягне заняткі на гадзіну. А гэта ўжо зусім нядобра”.

“А што такое здарылася з эскалятарамі, што іх 150 дзён рамантаваць зьбіраюцца? За гэты час можна новую станцыю збудаваць”.

“Я неяк бачыў падобную працэдуру ў Стакгольме. Ужо й ня ведаю, колькі гэта заняло, але станцыі ніхто, натуральна, не закрываў. Проста адзін з эскалятараў быў увесь захутаны сіняй будаўнічай плёнкай – і ўсё. Проста трэба, каб рукі расьлі са слушнага месца...”

“Пабудуюць чатыры, а вечарамі ўсё адно будуць працаваць два. Лепш бы зрабілі звычайныя шырокія сходы. У нас усё-такі ня Кіеў па глыбіні”.

Сайт “Народныя навіны з усіх куткоў” паведамляе, што з траўня 2008-га ў Магілёўскім дзяржунівэрсытэце харчаваньня ўводзяцца платныя адпрацоўкі прапушчаных практычных і сэмінарскіх заняткаў. Кошт адной “пары” складзе каля 16 тысяч рублёў. Пераздача іспытаў застаецца бясплатнай, каб папярэдзіць спэцыяльнае “завальваньне”.