Пензенскіх пустэльнікаў вяртаюць у Беларусь

Сёньня апошнія 11 пустэльнікаў, якія хаваліся ў пячоры ў Пензенскай вобласьці Расеі, пакінулі свой прытулак.
Начальнік упраўленьня Фэдэральнай міграцыйнай службы Расеі па Пензенскай вобласьці палкоўнік Міхаіл Салміна паведаміў “Свабодзе”, што ў Беларусь яшчэ, мажліва, сёньня дэпартуюць сям’ю Вабішчэвічаў — маці, бацьку і дзьвюх дачок, малодшай зь якіх няма і двух гадоў. Вось як камэнтуе палкоўнік пытаньне, ці будуць гэты раз выкарыстаныя меры пакараньня да пустэльнікаў, якія фактычна парушалі законы Расеі:

“Якія ў нас могуць быць прэтэнзіі да гэтай катэгорыі людзей? У мяне такое ўражаньне, што гэта людзі зь іншай плянэты. Маё пажаданьне, каб яны хутчэй вярнуліся ў свае сем’і і каб у іх усё было нармальна. Гэта маё самае вялікае пажаданьне. Кантакты зь імі на станоўчы лад не настройваюць”.

Палкоўнік Салмін нагадаў, што раней, 18 красавіка, у Беларусь былі дэпартаваныя Натальля Клімовіч, Алена Панасюк, Сьвятлана Жуковіч, Вольга Карповіч і Еўдакія Папова.

На пачатку лістапада 2007 году 35 чалавек (у тым ліку — чацьвёра дзяцей) схаваліся ў загадзя абсталяванай пячоры ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці. Пустэльнікі вырашылі заставацца там да траўня 2008 году, калі, на іх думку, павінен надысьці канец сьвету. Людзі пагражалі спаліць сябе, калі іх паспрабуюць пад прымусам дастаць з-пад зямлі.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй амбасады Беларусі ў Расеі, у падземным сховішчы ля расейскай вёскі Нікольскае знаходзіліся 10 грамадзянаў Беларусі, сярод іх двое дзяцей. Дарослыя лічаць сябе прыхільнікамі сэкты “Горні Ерусалім”, якую ачольваў жыхар вёскі Нікольскае Пётар Кузьняцоў. Гэты прапаведнік у 2006—2007 гадах некалькі разоў наведваў рэгіёны Беларусі, адкуль пазьней выехалі, каб схавацца ў пячоры, ягоныя прыхільнікі-пустэльнікі.