Зубны лекар супраць “Газеты Слонімскай”

Зубны лекар са Слоніма Натальля Кіман патрабуе, каб “Газета Слонімская” абвергла надрукаваныя пра яе зьвесткі і хоча спагнаць з газэты й аўтара артыкула 10 мільёнаў рублёў.

Аўтар артыкулу, на які пакрыўдзілася Натальля Кіман, Сяргей Васільеў распавёў у адным з нумароў газэты гісторыю пра тое, як жыхарка Слоніма Галіна Мароз лекавала ў яе зубы і з-за некампэтэнтнасьці лекаркі перанесла некалькі апэрацый у абласным шпіталі.

Кажа сама пацярпелая:

Мароз: “Я ўжо амаль памірала, і каб гэта працягнулася яшчэ гадзіны дзьве — мяне б ніхто не ўратаваў. Справа ў тым, што яна ўкалола мне іньекцыю й патрапіла ў сасудзік, утварылася гематома. Але я даведалася пра гэта толькі ў судзе ад экспэртаў”.

Галіна Мароз, перанёсшы пасьля гэтага некалькі апэрацый у абласным шпіталі, зьвярнулася ў суд. Раённы суд прызнаў лекарку вінаватай і пастанавіў спагнаць 700 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі на карысьць Галіны Мароз. Пазьней касацыйны суд пакінуў рашэньне ў сіле.

Пра гэта і напісаў журналіст незалежнай “Газеты Слонімскай” Сяргей Васільеў. Натальля Кіман жа лічыць, што ў газэтным матэрыяле закрануты яе гонар і годнасьць, і ў сваім пазове патрабуе абвергнуць адзін сказ у матэрыяле, а таксама выплаціць кампэнсацыю ў 10 мільёнаў рублёў. Сяргей Васільеў цытуе гэты сказ:

Васільеў: “Такім чынам, няпоўнае І няўважлівае абсьледаваньне пацыента ледзьве не прывяло да ягонай сьмерці”. У мяне ж было напісана інакш: “такім чынам, няпоўнае АЛЬБО няўважлівае абсьледаваньне пацыента ледзьве не прывяло да ягонай сьмерці”.

Юрысты, зь якімі даводзілася размаўляць, выказваюць зьдзіўленьне наконт таго, што Натальля Кіман падала ў суд пасьля таго, як ёй самой не задаволілі касацыйную скаргу, хоць, безумоўна, яна мае на гэта поўнае права.

Пытаюся ў Сяргея Васільева, ці ня зьвязвае ён гэты пазоў зь перасьледам, які ў апошні час церпіць рэдакцыя ад мясцовых уладаў.

Васільеў: “Цалкам магчыма, бо абсалютна незразумела, навошта яна падае зноў у суд, калі ўжо некалькі разоў прайграла, тым больш у касацыйным судзе”.

Першае паседжаньне па пазове ў Слонімскім судзе адбудзецца 26 траўня.

Нагадаем, што “Газета Слонімская” надалей застаецца пад пагрозай закрыцьця. Рэдакцыі адмовілі ў арэндзе памяшканьня, а знайсьці новае, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца.

Па вусным загадзе мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах, а рэдактар атрымаў ліст з папярэджаньнем аб парушэньні ліцэнзіі дробнага гандлю (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі), у якім зьмешчана пагроза ануляваць ліцэнзію.

Усё гэта на дадатак да таго, што вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, бо дамову не працягнулі.

Днямі “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі фонду “Цайт”. Уручэньне прэміі адбылося 19 траўня ў ратушы Гамбурга (Нямеччына). “Газета Слонімская” прызнана найлепшай за асьвятленьне падзей у рэгіёне.