Затулін: СНД натыкацца на палітычныя бар’еры

Дырэктар расейскага інстытута краінаў СНД Канстанцін Затулін кажа, што СНД мае гістарычны характар, бо прапаноўвалася ў якасьці замены Савецкаму Саюзу.

“Сама па сабе арганізацыя СНД, канечне, запатрабавана ў якасьці круглага стала і трыбуны для рознага роду ініцыятываў. Я з большым сумневам стаўлюся да яе магчымасьцяў у якасьці акцыянэрнага таварыства па прасоўваньню эканамічнай інтэграцыі. У гэтай якасьці яна адразу пачынае натыкацца на палітычныя бар’еры, рознанакіраванасьць памкненьняў розных краінаў СНД. Вельмі складана казаць пра эканамічную інтэграцыю адначасова з Беларусяй, Украінай, Грузіяй, Азэрбайджанам і Армэніяй. Некаторыя з гэтых краінаў знаходзяцца ў вострых супярэчнасьцях між сабой. Напрыклад, Армэнія з Азэрбайджанам. Таму, што тычыцца СНД, яна працягне існаваць. Яна зьяўляецца важным полем сустрэчаў і абмеркаваньняў. Толькі дзякуючы СНД, нягледзячы на цяжкасьці двухбаковых кантактаў, фармальна і нефармальна могуць сустракацца кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў, а гэта ўжо многа для міжнароднай арганізацыі. Гэта проста рэгіянальнае аб’яднаньне”.

Паводле спадара Затуліна, СНД патрэбна Расеі ня больш чым некаторым астатнім краінам, у тым ліку і крытыкам СНД:

“Найбольш актыўнымі крытыкамі СНД выступаюць як правіла тыя, хто найбольш і заўважаны ў тым, што ставіў палкі ў калёсы ў СНД, не даваў прымаць рашэньні ці падпісваючыся пад рашэньнямі потым іх не выконваў. Крытыкам СНД, да прыкладу, зьяўляецца Ўкраіна. Пэрыядычна мы чуем, у тым ліку ад прадстаўнікоў кіроўнай кааліцыі, прапановы аб выхадзе з СНД. Але гэта менавіта Ўкраіна ад першых дзён існаваньня СНД пачала правіць яе дакумэнты. Фактычна, нават Белавескае пагадненьне ратыфікавана Ўкраінай з выняткамі. І будучы найменей зацікаўленай ў інтэграцыі ў СНД яна сёньня папракае СНД за адсутнасьць канкрэтных вынікаў. Дык хто вінаваты? У тым ліку і Ўкраіна. І галоўным чынам тыя краіны, якія не хацелі прымаць рашэньні, разьлічвалі пакінуць сабе свабоду рук. Таму СНД, канечне, не ідэал і ёсьць падставы для яго крытыкі. Але давайце разьбярэмся, зь якімі мэтамі гэта крытыка праводзіцца і кім. Крытыкаваць мае права кожны. Але ня кожны мае маральнае права гэта рабіць”.