“На роліку стаяў лягатып “Дайнова”...”

Пра што пісалі беларускія газэты 30 траўня ў розныя гады мінулага.

“Віцебскі пролетарый” у 1938 годзе паведамляе аб выніках іспытаў па мове ў 3-й сярэдняй рабочай школе: “У восьмым класе з 26 вучняў па дыктоўцы добрыя адзнакі атрымалі толькі 2 чал., пасрэдныя — 13 чал., дрэнныя і вельмі дрэнныя — 11 чал. У 5 класе з 14 чал. 8 атрымалі дрэнныя і вельмі дрэнныя адзнакі. Аналагічныя вынікі па беларускай мове і ў сёмых класах. Характэрна адзначыць, што ў паралельным пятым класе, дзе выкладае другі настаўнік, намнога большая паспяховасць вучняў: з 27 чал. 4 здалі на “выдатна”, 5 — на “добра”, 7 — на “пасрэдна” і 1 — на “дрэнна”.

“Вячэрні Мінск”, год 1968. Газэта інфармуе: “Думаецца, многім мінчанам было б цікава паглядзець рэгбі — гульню, якая распаўсюджана ў многіх краінах свету, якая і ў нас у краіне пачынае адваёўваць “месца пад сонцам”. Не будзем забываць і таго, што практычна ўжо вырашана пытанне аб прызнанні рэгбі алімпійскім відам спорту. Трэба падумаць аб месцы сустрэчы. Магчыма, правесці яе трэба на стадыёне “Дынама”, гэта значыць іменна там, дзе больш за трыццаць гадоў назад адбыўся першы ў краіне міжнародны матч Мінск-Масква”.

* “Имя”, год 1998. На гэтым тыдні на старонках тыднёвіка Ігар Варашкевіч апавядае: “У нас няма кліпаў. Быў адзін ролік на песьню “Гомельскі вальс”. Аднак хіба мы вінаватыя ў тым, што гэтая песьня пахаваная? Справа ў тым, што на роліку стаяў лягатып “Дайнова”, бо ён быў зьняты на грошы гэтай фірмы. Хоць, думаю, калі б стаяў лягатып “БПСМ”, кліп і дагэтуль круціўся б у эфіры БТ”.