“У цывілізаваных краінах за хросныя ходы ня плацяць”

Улады Магілёва запатрабавалі ад мясцовых католікаў грошай за арганізацыю хроснага ходу, каб аплаціць паслугі міліцыі, камунальнікаў ды мэдыкаў. Наколькі гэта адпавядае Канстытуцыі і законам?

Меркаваньне юрыста Валянціна Стэфановіча:

“У дадзенай сытуацыі нічога дзіўнага няма, бо закон аб масавых мерапрыемствах рэгулюе правядзеньне, акрамя масавых акцый, яшчэ рэлігійныя сходы і шэсьці”,-- заявіў “Свабодзе” праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

“На правядзеньне рэлігійных мерапрыемстваў, у тым ліку і па-за памяшканьнямі, неабходна падаваць заяву ў мясцовыя органы ўлады. Заяўка падаецца за 15 дзён. Закон аб масавых прадпрыемствах надае мясцовым органам улады права ня толькі вызначаць месцы правядзеньня мерапрыемстваў, але і вызначаць аплату за правядзеньне”,-- дадаў спадар Стэфановіч,-- а менавіта за ўборку тэрыторыі, ахову парадку і мэдычную дапамогу”.

“Калі мы гаворым пра канстытуцыйныя правы грамадзянаў – права на свабоду сходаў, выказваньне свайго стаўленьня да грамадзка-палітычнага жыцьця краіны, у тым ліку і на рэлігійныя мерапрыемствы, то тут трэба зазначыць, што яны носяць некамэрцыйны характар і скіраваныя на рэалізацыю канстытуцыйных правоў, таму, натуральна, такая магчымасьць павінна быць забясьпечаная дзяржавай. Грамадзяне не павінныя плаціць гэта за свае сродкі”,-- перакананы В.Стэфановіч

“Нідзе ў эўрапейскіх цывілізаваных краінах такой практыкі няма. Калі дзяржава гарантуе рэалізацыю правоў, яна гэта робіць сваім коштам”, – падкрэсьлівае праваабаронца.