Жлобін: “А хто тут у вас у казарме бэнээфавец?”

Сто сорак сутак служыць у транспартных войсках у Жлобіне дэмакратычны актывіст, былы студэнт-выдатнік матэматычнага факультэту Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны Зьміцер Жалезьнічэнка.
З унівэрсытэту ён быў адлічаны за грамадзкую дзейнасьць і тэрмінова прызваны ў войска. На знак пратэсту Зьміцер адмовіўся прымаць вайсковую прысягу. І цяпер статус радавога Жалезьнічэнкі застаецца няпэўным.

Гаворыць Зьміцер Жалезьнічэнка:

“Спэцыяльнасьці ў мяне ніякай няма, то бок афіцыйна я знаходжуся па-за штатам нават у роце. У мяне ў вайсковай картцы напісана, што я знаходжуся ў распараджэньні камандзіра. З прычыны таго, што я не прыняў вайсковую прысягу, мяне ня могуць ставіць на нейкую вайсковую пасаду. Такія пасады ёсьць ва ўсіх. Палова роты — майстры, астатнія — мэханікі, электрыкі. Але нічому гэтаму тут ня вучаць. Некаторыя людзі езьдзілі ў вучэбную частку ў Слуцак, у Печы пад Барысаў. У нас запісваюць, што салдат майстра альбо мэханік, але мы займаемся адным і тым жа — ходзім прыбіраем пляц”.

Як правіла, празь дзень Жалезьнічэнку прызначаюць у нарады — часьцей за ўсё на кухню.

“У нарады хаджу раз на двое сутак. Іншыя таксама ходзяць праз суткі, праз двое. Таму што людзей вельмі мала ў частцы, а нарадаў шмат. Прыехалі зараз рэзэрвісты, так званыя партызаны — вайсковаабавязаныя, якія ўжо адслужылі. Вось я хаджу ў сталоўку раз на двое сутак і мыю там за імі суткі посуд”.

Жалезьнічэнка кажа, што яго імя набыло нейкую вядомасьць і сярод “партызанаў”. І распавёў пра такі выпадак:

“Сядзім абіраем бульбу. Абіраем мы й некалькі чалавек з рэзэрву. Я нікога зь іх ня ведаю. Сядзім ціха й чысьцім. Хтосьці перамаўляецца. Адзін рэзэрвіст — было бачна, што нешта яго турбуе, пра нешта ён хоча спытаць, але ці то саромеецца, ці яшчэ што. Амаль ужо бульбу дачысьцілі. І тут ён ня вытрымаў і спытаў: “А хто тут у вас такі бээнэфавец служыць?” Усе пачалі моцна сьмяяцца, бо ўсе ўжо як бы ведалі маю гісторыю. Пэўна, рэзэрвіст адзін застаўся. Такая вось у мяне папулярнасьць”.

Зьміцер распавядае, што нейкай лютай дзедаўшчыны ў іхняй частцы няма:

“Ставяцца да мяне ў войску збольшага добра. Іншая справа, што ёсьць адрозьненьне па пэрыядах — хто больш праслужыў, а хто менш. Пэрыядычна просяць выконваць сякія-такія заданьні — кавы зрабіць ці ложак заправіць. Дзедаўшчыны як такой няма, хіба толькі дробныя яе праявы. Я, натуральна, рабіць нешта адмаўляюся, таму ў некаторых стараслужачых стаўленьне можа быць да мяне й нэгатыўнае. А з афіцэрамі й прапаршчыкамі мы кантактуем мала. Што кажуць, выконваю — у турму ж ня хочацца”.