Дэпутаты Бундэстагу ня лічаць беларускіх дэпутатаў “свабодна абранымі”

Сёньня дэлегацыя камітэту правоў чалавека ў Бундэстагу, якая знаходзіцца ў Менску, сустрэлася зь сябрамі Нацыянальнага сходу Беларусі. У прэсавым рэлізе амбасады Нямеччыны ў Беларусі адзначаецца:
"Падчас сустрэчы ў будынку парлямэнту нямецкія дэпутаты адзначылі, што яны ня лічаць цяперашніх чальцоў гэтай структуры дэпутатамі свабодна абранага парлямэнту. Яны адзначылі, што візыт у Нацыянальны сход не азначае яго прызнаньня ў якасьці парлямэнту. Яны падкрэсьлілі, што дачыненьні паміж Бундэстагам і Нацыянальным сходам могуць быць палепшаныя, калі наступныя парлямэнцкія выбары пройдуць празрыста, свабодна і сумленна".

Як паведамляла “Свабода” ўчора, нямецкія дэпутаты сустракаліся таксама зь лідэрамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.