Вылучэнцам апазыцыі перашкаджаюць зьбіраць подпісы

Збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі ў рэгіёнах суправаджаецца перашкодамі.
МАГІЛЁЎ

Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў Магілёўшчыны патрабуе ад апазыцыйных прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты тэрмінова падаць дэклярацыі аб даходах.

Патрабаваньні датычаць каля дзясятка апазыцыйных актывістаў. Пра гэта “Свабодзе” паведамілі старшыня донарскай няўрадавай арганізацыі “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка й старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў. Яны сталі першымі, хто наведаў сёньня камітэт і ад каго запатрабавалі дэклярацыі.

Ігар Каваленка гутарыў з інспэктарам камітэту Максімам Сакаловым. Паводле спадара Каваленкі, інспэктар запатрабаваў ад яго падаць да восьмага жніўня дэклярацыю аб даходах за тры апошнія гады:

“Я зьвязваю гэта наўпрост з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Я яму задаў пытаньне: “Гэта мне давядзецца кідаць увесь збор подпісаў і займацца толькі вашымі падатковымі дэклярацыямі”. А ён адказаў: “Вы можаце гэтага не рабіць, але заплаціце штраф у памеры ад пяці да пяцідзесяці базавых велічыняў”.

Старшыня рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў ня ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі. Аднак ад яго інспэктар Іваніцкі таксама запатрабаваў дэклярацыю за апошнія тры гады. Яе ён абавязаны падаць цягам пяці дзён:

“Я ж быў у сьпісах кандыдатаў ад АДС, маё імя было вывешанае на сайце. Мне здаецца, што ўсіх, хто мае дачыненьне да выбараў, цяпер трасуць. Яны кажуць, што ў нас будзе дэмакратыя — гэта ўсё хлусьня. Гэта ўжо проста цяпер праглядаецца — хлусьня”.

Паводле Ўладзімера Шанцава, інспэктар яму паведаміў, што ў яго ёсьць сьпіс зь сямі апазыцыянэраў, ад якіх ён будзе таксама патрабаваць дэклярацыі.

Чым тлумачыць камітэт фінансавых расьсьледаваньняў сваё патрабаваньне да апазыцыянэраў? Гаворыць супрацоўнік камітэту:

“Ёсьць закон аб органах фінансавых расьсьледаваньняў, і там ёсьць права супрацоўнікаў органаў фінансавых расьсьледаваньняў патрабаваць дэклярацыі аб даходах і маёмасьці. Можа, яны ўтойваюць даходы. Гэта ж ня толькі ў іх правяраюць, але ва ўсіх людзей, у адносінах да якіх праводзіцца пэўная праверка”.

ДОБРУШ

На зборы подпісаў за вылучэньне ў парлямэнт прадстаўніка аб’яднаных дэмакратычных сілаў, актывіста АГП Адама Варанца адбілася папярэдняя палітычная кампанія.

На пачатку году ў раёне ініцыявалі правядзеньне сходу, каб адклікаць дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Анатоля Салаўёва з прычыны адмены парлямэнтам сацыяльных ільготаў насельніцтву.

Мясцовыя ўлады запатрабавалі ў шэрагу падпісантаў адклікаць свае подпісы. У выніку ціску шмат хто зь вяскоўцаў сапраўды напісаў заявы, што яны адмаўляюцца ад ініцыятывы правядзеньня сходу.

Распавядае Адам Варанец:

“Гэта наўпрост адбілася на цяперашнім зборы подпісаў. Калі я прыходжу нават да суседзяў, якія мяне добра ведаюць, яны просяць прабачэньня, бо ім няёмка. Яны разумеюць, што ўсё законна, што збор подпісаў за вылучэньне мяне кандыдатам у дэпутаты легальны, але выбачаюцца: “Адамавіч, прабач, але падпісацца ня можам, бо баімся. Баімся страціць працу, баімся ўсякіх непрыемнасьцяў ад улады”.

Старшыня Вуцеўскага сельскага Савету Сьвятлана Мішурава ўсялякі ціск на выбарцаў адмаўляе і паведамляе, што збор подпісаў заўсёды вядзецца адкрыта:

“Для мяне гэта навіна. Варанец Адам Адамавіч даўно жыве на тэрыторыі сельскага савету, ён — чарнобыльскі перасяленец, працаваў настаўнікам. Я ж не магу чалавеку загадаць: падпісвайся або не падпісвайся. Калі мы самі ходзім, зьбіраем подпісы, мы гаворым адкрыта. Цяпер вось вядзецца кампанія вылучэньня ва ўчастковыя камісіі: “У нас такі і такі чалавек выбіраецца ва ўчастковую камісію — вы згодны за яго паставіць подпіс ці, можа, супраць?” Таму я не разумею ўсіх гэтых размоваў”.

ГОРАДНЯ

У Горадні, як паведамляе наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў, акруговая выбарчая камісія № 49 выправіла памылку ў дачыненьні да сябра апазыцыі.

Былы палітвязень Аляксандар Васільеў зьбіраецца балятавацца ў Гарадзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе № 49. Яго дачка Яўгенія Васільева сабрала 66 подпісаў, каб стаць назіральнікам у гэтай акрузе. Аднак напачатку ёй адмовілі ў рэгістрацыі, і спадар Васільеў мусіў зьвярнуцца ў Цэнтравыбаркам.

Старшыня 49-й выбарчай камісіі Ўладзімер Хлябіч паведаміў, што Яўгеніі Васільевай адмоўлена ў рэгістрацыі назіральнікам. Падстава: у падпісным лісьце не пазначаныя даты нараджэньня выбаршчыкаў, якія падпісаліся за яе вылучэньне. На паседжаньні прысутнічаў назіральнік ад БХК Раман Юргель. Паводле яго, не зарэгістравалі толькі Яўгенію Васільеву.

“Я паглядзеў пастанову Цэнтравыбаркаму № 12 за 24 красавіка, дзе тлумачыцца артыкул 13 Выбарчага кодэксу аб парадку вылучэньня назіральнікаў, і ўбачыў, што гэтай графы там быць не павінна”.

Спадар Васільеў зьвярнуўся ў Цэнтравыбаркам, і яму гэта пацьвердзілі.

Васільеў: “Ня ведаю, якая там адбылася размова, але сёньня старшыня камісіі мне і маёй дачцэ паведаміў, што яна зарэгістраваная назіральнікам. Атрымліваецца, яны засядаюць невядома калі, невядома ў які час. І кантраляваць у такім выпадку назіральніку ход выбарчай кампаніі немагчыма”.