Журналіст у кандыдаты — газэту ў “чорны сьпіс”

Галоўны рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка

Міністэрства інфармацыі Беларусі вынесла адразу два папярэджаньні недзяржаўнай газэце “Бобруйский курьер”. Яшчэ адно папярэджаньне выданьне мае ад 7 лістапада мінулага году. Год тэрміну яго дзеяньня яшчэ ня скончыўся.
Галоўны рэдактар “Бобруйского курьера” Анатоль Санаценка тлумачыць:

“Я глыбока перакананы, што гэтыя непрыемныя для нас папярэджаньні наўпрост зьвязаныя з тым, што намесьнік галоўнага рэдактара нашай газэты Алесь Чыгір зьяўляецца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Прычым ужо зарэгістраваным кандыдатам”.

Я мяркую, што ўлады гатовыя да такога рашэньня, як прыпыніць выхад газэты на тры месяцы альбо зачыніць яе
Са словаў Анатоля Санаценкі, чыноўнікі міністэрства вінавацяць газэту ў тым, што яна зарэгістраваная як рэспубліканскае выданьне, а распаўсюджваецца па падпісцы толькі на Магілёўшчыне. Другое папярэджаньне грунтуецца на перадруку з інтэрнэт-сайту нібыта непраўдзівых зьвестак.

Гаворыць Анатоль Санаценка:

“Я мяркую, што ўлады гатовыя да такога рашэньня, як прыпыніць выхад газэты на тры месяцы альбо зачыніць яе. Магчыма, такім чынам яны спрабуюць навучыць нас тым прынцыпам, па якіх яны жывуць. Аднак у нас свае і іншыя прынцыпы. Менавіта імі кіруецца дэмакратычная прэса ва ўсім сьвеце”.