Ці зьменшацца чэргі на мяжы?

Ад сёньня Расея зьмяніла парадак увозу на сваю тэрыторыю асабістых легкавікоў грамадзянамі Беларусі.
Раней пры кожным перасячэньні мяжы трэба было аформіць пасьведчаньне на часовы ўвоз. Цяпер дазвол будзе дзейнічаць паўгода. Ці зьмяніла гэтая навацыя становішча на памежжы?

Ля Чырвонай горкі — вялікая чарга


У пятніцу многія жыхары Віцебшчыны і Магілёўшчыны накіроўваюцца ў суседнія рэгіёны Расеі. У прыватнасьці, Віктар Русы вывозіць у Смаленск на суботні распродаж малако й мяса. Тэлефануем яму:

“А тут заўжды напярэдадні выходных чэргі. Калі яшчэ ў аўторак і сераду мала аўтамашынаў, то ў пятніцу — поўна. Каб сёньня раніцай прыехалі сюды, то, пэўна, было б вальней. А цяпер вось стаім у чарзе”.

У Фэдэральнай мытнай службе Расеі прызнаюць, што на дарогах з боку Беларусі ўтвараюцца чэргі. Расейскія мытнікі ўдакладняюць, што якраз сёньня пачалі выдаваць новыя пасьведчаньні на часовы ўвоз асабістага транспарту. Са словаў Натальлі Сямікінай, ініцыятарам навацыі быў беларускі ўрад:

“З вашага боку былі прапановы. Цяпер дазвол на часовы ўвоз прыватных аўтамабіляў дзейнічае паўгода. Часовы ўвоз беларусы цяпер афармляюць гэтаксама, як і грамадзяне іншых краінаў”.

У беларускіх кіроўцаў ёсьць хітрыкі, каб абысьці новыя патрабаваньні

Паводле дадзеных Фэдэральнай мытнай службы, яшчэ сёлета больш як 30 тысяч беларускіх аўтаўладальнікаў наведаюць Расею. Кожны зь іх вымушаны будзе заплаціць як мінімум па 300 расейскіх рублёў..

Прадпрымальнік зь Бялынічаў Алег Мяцеліца наведвае Расею прыкладна раз на месяц. І робіць гэта ўжо не адзін год. Ён зазначае, што канфлікты, зьвязаныя з адсутнасьцю часовых пасьведчаньняў на машыну, найчасьцей узьнікаюць у кіроўцаў, якія ня маюць вялікага досьведу знаходжаньня ў Расеі. У бывалых жа кіроўцаў ёсьць свае хітрыкі, каб абмінаць расейскія патрабаваньні. Пра некаторыя зь іх ён распавёў “Свабодзе”:

Кіроўцы спрабуюць браць квіткі на запраўках у Беларусі, каб паказаць, што мы ўчора запраўлялі
“Гэта альбо днём у часы пік выяжджаць, напрыклад, з гораду. Там, дзе вялікія патокі, там супрацоўнікі аўтаінспэкцыі так не працуюць, бо больш складана. Альбо ноччу іх тады менш на трасе. Альбо калі дождж. У дождж яны менш за ўсё будуць стаяць на трасе. Будуць хавацца ў сваіх будках. Кіроўцы спрабуюць браць квіткі на запраўках у Беларусі, каб паказаць, што мы вось учора запраўлялі й вось квіток зь беларускай запраўкі. Альбо нейкія іншыя касавыя чэкі. Зараз вось ёсьць страхоўка, у якой таксама ёсьць нейкія даты”.

На думку Алега Мяцеліцы, новы парадак наўрад ці зьменіць сытуацыю. Усё адно ня ўсе кіроўцы будуць афармляць пасьведчаньні. Няхай сябе яны будуць і на паўгода, зазначае ён.

“Гэта звычайная абарона расейцамі свайго аўтамабільнага рынку”

Эканамічны экспэрт Леў Марголін лічыць, што Расея зрабіла некаторую палёгку, але і надалей будзе асьцерагацца ўвозу легкавікоў празь Беларусь:

“Гэта звычайная абарона свайго рынку. Бо калі б не існавала такога часовага дазволу, то дзейнічаў бы спосаб імпартаваць замежныя аўтамабілі празь беларускі рынак. Растаможвалі б аўтамабілі ў Беларусі, усе пошліны накіроўваліся б у беларускі бюджэт, а іншамаркі — у Расею. Таму гэта проста змушаная мера. Расейцы абараняюць свой рынак”.