У чарзе на “Рэал” ужо зьявіліся спэкулянты

<a href="http://www.svaboda.org/content/Article/1350640.html">300 мэтраў да квітка. Фотарэпартаж<img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 /></a>

З ночы ў&nbsp;Менску каля касаў стадыёну “Дынама” выстраілася чарга ахвотных набыць квіткі на&nbsp;футбольны матч “БАТЭ” (Барысаў)&nbsp;— “Рэал” (Мадрыд). Што кажуць людзі ў&nbsp;чарзе пра&nbsp;сыстэму продажу квіткоў ды&nbsp;іншыя праблемы вялікага футболу?

На слупку тэрмомэтра нуль, мокры сьнег, пранізьлівы вецер. Але тут, на вуліцы Кірава, у чарзе да касаў стаіць ня меней за дзьве тысячы чалавек, у асноўным маладога веку. Непасрэдна каля касаў амонаўцы дзеляць плынь на некалькі ручайкоў да паасобных вакенцаў. Адыходжу за пяцьдзясят мэтраў, у сярэдзіну чаргі, і пытаюся, ці варта ўвогуле стаяць?

“Чаргу можна было арганізаваць лепей. Стаім ад сёмай раніцы, зараз другая. Спадзяемся яшчэ празь дзьве гадзіны купіць квіткі, але шмат людзей падыходзіць з бакоў, таму неяк марудна ідзем наперад”.

Прадаюць па 4 квіткі на рукі. Кошты розныя — ад 20 да 70 тысяч рублёў. Студэнт БНТУ Мікалай — супраць разьмеркаваньня квіткоў па заяўках прадпрыемстваў:

“Усе квіткі трэба прадаваць праз касы. Сапраўдныя аматары футболу, калі захочуць, адстаяць любыя чэргі і купяць. Колькі я ні ведаю людзей, якія зьвярталіся на свае прадпрыемствы, каб набыць там квіткі, ніхто не атрымаў. Куды дзяюцца іх квіткі — невядома. Мая вэрсія — спэкулянты”.

Шмат хто ў чарзе наракае на спэкулянтаў: людзі перакананыя, што хутка зьявяцца дзясяткі дзялкоў, якія будуць прадаваць квіткі ў некалькі разоў даражэй. Андрэй, які назіраў за гульнёй “БАТЭ” з ”Зэнітам”, пераканаўся ў злоўжываньнях з квіткамі на заводах:

“Гэта вельмі дрэнна. Я сам бачыў, як на сэктары, дзе былі месцы, прададзеныя заводам, сядзела шмат расейцаў, заўзятараў “Зэніту“. Гэта ўсё даказана!”

Некаторыя аматары прапануюць прадаваць квіткі іменныя — упісваць у іх пашпартныя зьвесткі, як гэта робіцца з квіткамі на цягнікі. Але ў касах стадыёну “Дынама” кажуць, што гэта тэхнічна немагчыма. Яшчэ адна прапанова з чаргі: хай квіткі на падобныя матчы прадаюць ня толькі ў Менску, але выключна праз касы футбольных стадыёнаў.

Колькі і куды разьмеркавана квіткоў на гульню “БАТЭ” — ”Рэал”? Кіраўнік Беларускай фэдэрацыі футболу Генадзь Нявыглас паведаміў, што ў свабодны продаж трапіць амаль палова квіткоў — 15 тысяч. Генадзь Нявыглас запэўніў, што да 3 тысяч зь іх будзе прададзена ў рэгіёнах, у тым ліку ў Барысаве і Хойніках, дзе нарадзіўся трэнэр “БАТЭ” Віктар Ганчарэнка. Тры тысячы зарэзэрвавана для заўзятараў “Рэалу”, хаця мала хто спадзяецца на такую колькасьць гасьцей з Гішпаніі. Яшчэ 15 тысяч будзе разьмеркавана празь безнаяўны разьлік прадпрыемствам краіны праз кампанію АБФ “Путешествіе”. Але колькі квіткоў і каму прадасьць “Путешествіе”, пакуль вядома толькі органам, якія вядуць праверкі, паведаміў галоўны бухгальтар фірмы Аляксандар Авіла:

“Мы такіх зьвестак праз тэлефон не даем. Такія зьвесткі мы мусім даваць Камітэту дзяржкантролю і ў міліцыю ў аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Туды мы паведамляем кожны дзень”.

Напярэдадні нядаўняй гульні “БАТЭ” з ”Зэнітам” спэкулянты пачалі прапаноўваць квіткі і праз інтэрнэт. Міліцыя потым паведамляла пра некалькіх затрыманых махляроў. Ці будуць прадаваць квіткі праз інтэрнэт на “Рэал”? Аляксандар Авіла сказаў, што рабіць гэтага не плянуецца.

А ў чарзе на вуліцы Кірава ўжо прапаноўваюць квіткі з рук. Малады чалавек прапанаваў мне за 70 тысяч квіток, які ў касе каштуе 20:

“Стаяў за ім ад 6 раніцы, вунь ад той елачкі. Набыў два квіткі, разьлічваў пайсьці зь сябрам, а той адмовіўся. А я адзін ісьці не хачу”…

Тым часам міліцыя папярэдзіла пра адказнасьць за продаж квіткоў па спэкулятыўных коштах.

Алег Грузьдзіловіч, Менск