Ня выйдзеш на працу - пазбавяць гандлёвага месца

Магілёўскія й бабруйскія прадпрымальнікі 10 сьнежня падтрымаюць усебеларускую акцыю пратэсту. У абласным цэнтры адміністрацыі рынкаў ужо папярэджваюць гандляроў — калі тыя ў гэты дзень ня будуць працаваць, іх пазбавяць гандлёвых месцаў.

У Бабруйску прадпрымальнікаў пакуль не палохаюць. Тым часам горацкія прадпрымальнікі наракаюць на нястачу інфармацыі пра акцыю пратэсту 10 сьнежня.

Магілёўскі прадстаўнік грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Сяргей Фамін кажа, што гандляры вырашылі выйсьці дзясятага сьнежня на працу, аднак тавар прадаваць ня будуць:

“Адміністрацыі некаторых рынкаў сказалі, што хто ня выйдзе гандляваць дзясятага чысла без паважнай прычыны, тых пазбавяць гандлёвых месцаў. Людзі вырашылі выйсьці й не гандляваць, толькі прысутнічаць на працоўным месцы. Яны такім чынам нібыта падтрымалі акцыю пратэсту й выйшлі на працоўныя месцы”.

У Бабруйску прадпрымальнікі пагрозаў пакуль ня чулі. На працу дзясятага сьнежня выходзіць яны не зьбіраюцца.

“Павінны ўсе ня выйсьці на працу. Я так разумею і гавораць так усе. А як там атрымаецца, я ня ведаю”, — мяркуе адна з бабруйскіх прадпрымальніц.

Горацкія прадпрымальнікі пра акцыю пратэсту 10 сьнежня амаль нічога ня ведаюць.

“Пра гэта мы краем вуха чулі, але ня ведаем падрабязнасьцяў. Проста чулі такое во: “Дзясятага акцыя”. А што за акцыя — ці гэта прадпрымальнікі, ці яшчэ нешта?...” — паведаміў горацкі прадпрымальнік Віктар Каралькоў.

Летась у студзені і лютым на плошчу Леніна ў Магілёве й Бабруйску пратэставаць супраць прэзыдэнцкага ўказу, які забараняў прадпрымальнікам выкарыстоўваць працу найманых асобаў, якія не даводзяцца ім сваякамі, выходзілі некалькі соцень гандляроў. Цяпер прадпрымальнікі сумняваюцца, што наважацца на такія масавыя акцыі пратэсту зноў.