Падарунак нашым чытачам

З нагоды 10-годзьдзя сайту svaboda.org мы падрыхтавалі нашым чытачам і слухачам падарунак.
"Начная чытанка"-1 - на сайце svaboda.org.

Летась Радыё "Свабода" выдала мультымэдыйны дыск "Начная чытанка". На ім - запісаныя ў рамках праграмы "Начная Свабода" творы паўсотні аўтараў разам зь іх біяграфіямі і фатаздымкамі. У найбліжэйшым часе будзе выдадзены працяг - "Начная чытанка"-2, а тым часам першы мультымэдыйны дыск выстаўлены на svaboda.org у форме мікрасайту:

"Начная чытанка"

(Каб спампаваць паасобныя аўдыёфайлы, трэба на старонцы канкрэтнага аўтара навесьці курсор на назву файла (яны ўнізе, з датамі выхаду ў эфір) і клікнуць на слова “Захаваць”. Можна спампаваць і ўвесь мультымэдыйны дыск - як ISO-вобраз (625Mb),або як ZIP-архіў (615Mb)).

Там вы знойдзеце рэчы на любы густ і розных жанраў. Да прыкладу, Лявон Вольскі і Адам Глёбус чыталі свае казкі, Віктар Шалкевіч - міні-п'есы, Альгерд Бахарэвіч, Ева Вежнавец і Югася Каляда - апавяданьні. Ёсьць таксама і пераклады - Сяржук Мядзьведзеў чытаў урыўкі з пакуль не надрукаванай па-беларуску кнігі амэрыканца Чака Паланюка "Байцоўскі клюб", Вeраніка Бяльковіч - зь першай кнігі сэрыі сучаснай чэскай літаратуры, раману Ганы Андранікавай "Гук сонечнага гадзіньніка".

А найбольш у "Начной чытанцы" паэзіі - свае вершы чыталі паэты розных пакаленьняў - сярод іх Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў, Міхал Анемпадыстаў, Джэці, Віктар Жыбуль, Вальжына Морт, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч.