Рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгіяў — у паласе крызісу

Сур’ёзна пашкуматаўшы прамысловы сэктар, сусьветны крызіс абрынуўся на сфэру высокіх тэхналёгіяў. Істотна цярпяць рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ), які беларускія ўлады пазыцыянуюць як беларускую “Крэмніевую даліну”. Звальняюцца лішнія людзі, згортваюцца праграмы падтрымкі супрацоўнікаў, перад пагрозай застацца на галодным пайку апынуліся шматлікія праграмісты — замежныя партнэры адмаўляюцца ад кантрактных абавязкаў.

За тры гады існаваньня Парку высокіх тэхналёгіяў там зарэгістравана больш за шэсьць дзясяткаў кампаніяў-рэзыдэнтаў, якія задавальняюць патрэбы заказчыкаў у 35 краінах сьвету. Асноўную масу складаюць мясцовыя прадпрыемствы, якія скарысталі рэдкую ў беларускіх умовах магчымасьць пазьбегчы вялізнага падатковага цяжару. Аднак фінансавы крызіс сур’ёзна заблытаў карты жыхарам ПВТ — арыентаваныя на экспарт прадпрыемствы пачалі імкліва губляць прыбыткі. Калі за студзень-верасень 2008 году аб’ём вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня павялічыўся на 83% у параўнаньні з папярэднім годам, дасягнуўшы 76 мільёнаў даляраў, то сёлета паўтарыць такі подзьвіг наўрад ці ўдасца.

"У партнэраў грошай рэзка ня стала, таму проста няма магчымасьці працягваць працу"

Праўда, яшчэ пры канцы мінулага году дырэктар ПВТ Валеры Цапкала ў інтэрвію афіцыйным СМІ выказаў думку: беларуская ІТ-індустрыя можа ў крызісны час замацаваць свае пазыцыі ў сьвеце. На яго думку, шанец атрымаюць перадусім тыя, хто дае таньнейшы, але больш якасны прадукт — у крызіс спажывец перастае арыентавацца на дарагія брэнды. Плянавалася, што да канца 2008 году аб’ём вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня дасягне 120 мільёнаў даляраў, аднак пляны давялося тэрмінова карэктаваць. Пра агульную сытуацыю распавядае Андрэй, мэнэджар адной з буйных менскіх ІТ-кампаніяў:

“У бальшыні выпадкаў нашы беларускія ІТ-кампаніі завязаныя на замежных заказчыкаў. У партнэраў грошай рэзка ня стала, таму проста няма магчымасьці працягваць працу. Часта здараюцца выпадкі, калі ў пятніцу абмяркоўваеш плян на месяц-два, а прыходзіш у панядзелак — атрымліваеш ліст: хлопцы, прабачце, але не атрымалася. Таму ўсю сфэру закранула досыць моцна, вельмі шмат ідзе цяпер скарачэньняў, ажно да 30% — маю на ўвазе кампаніі ў Беларусі. Калі вярнуцца на некалькі гадоў таму, то ўвогуле чаму такое разьвіцьцё атрымаў аўтсорсінг у Беларусі? Па-першае, добрая якасьць паслуг, па-другое, прымальны цэньнік. Мы разьвіваліся апошнія некалькі гадоў вельмі моцна, і ў выніку цэньнік стаў практычна эўрапейскі, а якасьць паслуг — масавая. Таму пра якасьць ужо казаць ня варта. І плюс эўрапейскія краіны — Брытанія, Нямеччына — робяць вялікія заканадаўчыя палёгкі для тых кампаніяў, якія наймаюць свой пэрсанал. Таму замежным кампаніям стала эканамічна нявыгадна працягваць супрацоўніцтва”.

"Сёньня доўгатэрміновыя пляны ўвогуле не практыкуюцца"

Прадстаўнік ІТ-фірмы Анатоль Рубацкі дадае, што першымі капітулявалі дробныя замежныя кліенты, у якіх узьніклі фінансавыя праблемы. Істотна адкарэктаваліся тэрміны плацяжоў — большымі сталі затрымкі паміж аплатамі. На думку суразмоўцы, наўрад ці ў дадзенай сытуацыі могуць паправіць агульны стан рэчаў прэфэрэнцыі ды падатковыя льготы, якімі адміністрацыя Парку заваблівае новых рэзыдэнтаў. Цяперашнія ўмовы прычыніліся да таго, што за крок ад Парку шмат хто прыпыніў афармленьне дакумэнтаў на сяброўства ў ПВТ:

“Яны ня выканалі на мінулы год пляну па інвэстыцыях. Заяўка была ў раёне 160 мільёнаў даляраў, а выканалі толькі на 40%. Нібыта з задавальненьнем разглядаюць новых кандыдатаў, але пры гэтым такія патрабаваньні, што мы палічылі іх невыканальнымі і прыпынілі ўступ. Аб’ёмы выручкі закладаюць проста вялізныя, якія на фоне цяперашняга крызісу абсалютна нерэальна пацягнуць. Рэч у тым, што дзейнасьць адміністрацыі Парку праходзіць за кошт рэзыдэнтаў. Рэзыдэнты ня сплачваюць падаткаў, а плацяць у памеры 1% ад выручкі. Чым большы прыбытак, тым больш на ўтрыманьне Парку накіроўваецца сродкаў. Вядома, адміністрацыя зацікаўленая, каб выручка была большай, бо і фінансаваньне будзе большым. У тым ліку гэта тычыцца і інвэстыцыйных праектаў. І калі паўгоду таму мы думалі, што ўсё гэта рэальна, то цяпер разумеем, што не рэальна зусім. Сёньня доўгатэрміновыя пляны ўвогуле не практыкуюцца, толькі кароткатэрміновыя. Мы цяпер існуем у асноўным квартальнымі плянамі”.

"Мы ў гэты крызіс уступілі са сваім крызісам"

ПВТ задумваўся як сымбіёз навукі і высокіх “софтавых” тэхналёгіяў. Нездарма асаблівая роля ў дзейнасьці Парку адводзіцца Нацыянальнай Акадэміі навук. Старшыня Назіральнай рады ПВТ — кіраўнік НАН Міхаіл Мясьніковіч. Аднак колішні прэзыдэнт Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі ніякае высокае дзяржаўнае куратарства ня будзе мець асаблівага плёну:

“Пакуль ёсьць крызіс, то будзе крызіс, вядома, і ў гэтых галінах вытворчасьці. Няхай гэта інфармацыйныя тэхналёгіі ці іншыя навукаёмістыя тэхналёгіі. Крызіс распаўсюджваецца ў гэтай галіне. І магчыма нават, што тут ён будзе больш моцны. Таму што ёсьць сфэры, нашмат больш патрэбныя чалавеку. Дапусьцім, транспарт, ежа, адзеньне. Асабліва харчаваньне, безь якога не абыдзесься. А ёсьць сфэры, тыя ж навукаёмістыя распрацоўкі, якія могуць пачакаць, пакуль крызіс. І аб’ектыўна скарачаецца попыт на вытворчасьць тавараў гэтых сфэраў. Таму ў навукаёмістых галінах крызіс, ня выключана, будзе мацнейшы, чым у іншых. Да таго ж мы ў гэты крызіс уступілі са сваім крызісам. Хоць і казалі нам зьверху кіраўнікі, што ў нас нічога не адбываецца, гэты крызіс адкульсьці да нас занесены, і нават казалі, што фінансавага крызісу няма. Але ж яшчэ да сусьветнага крызісу ў нас складаліся перадумовы свайго фінансавага крызісу”.

"Адчуваецца скарачэньне заказаў на распрацоўкі"

Як расказваюць прадстаўнікі ІТ-кампаніяў, ад новага году нэгатыўныя наступствы крызісу адчуваюцца на ўзроўні бонусаў, якімі пасьпяховыя фірмы заваблівалі новых супрацоўнікаў. Не пазьбеглі згортваньня праграмаў і самыя вядомыя кампаніі — у тым ліку першы рэзыдэнт ПВТ, вытворча-гандлёвае прадпрыемства “ЭПАМ Сыстэмз”.

“Адчуваецца скарачэньне заказаў на распрацоўкі. Канкрэтна ведаю, што з кампаніі ўжо звольненая некаторая колькасьць людзей; скарачаецца колькасьць офісаў. Дагэтуль было шмат па ўсім горадзе пунктаў, але ад некалькіх офісаў давялося адмовіцца. І калі кіраўніцтва кампаніі яшчэ ўвосень вельмі аптымістычна трымалася, то цяпер усё пачалі скарачаць. Скарацілі праграмы ўсялякай падтрымкі, усялякіх бонусаў для супрацоўнікаў кампаніі — кшталту бясплатнага абанэмэнту ў спартовыя залі. Таксама раней былі праграмы крэдытаваньня, цяпер іх ужо няма, і г.д. Альбо навагоднія “паці” — вельмі папулярныя ў кампаніі былі, сёлета былі адмененыя. Што да пэрспэктываў, то рэаліі неакрэсьленыя. Паколькі ўпершыню такая рэч, то і любы прагноз ня можа быць праўдзівым”.

За тры гады існаваньня ПВТ агульная колькасьць задзейнічаных у вытворчасьці праграмнага забесьпячэньня дасягнула 6 тысяч чалавек. У сярэдзіне мінулага году сярэдняя зарплата супрацоўнікаў перавысіла 1000 даляраў і працягвала падвышацца. Аднак цяпер задача кіраўнікоў фірмаў-рэзыдэнтаў — утрымаць сытуацыю хоць бы на ранейшым узроўні.

Пад пагрозай адтэрмінаваньня на нявызначаны тэрмін — і пабудова адміністрацыйнага і жылога комплексаў Парку высокіх тэхналёгіяў у менскім мікрараёне Ўручча. Права на забудову Парку атрымала ірляндзкая кампанія “Lyons Financial Solutions Holdings”, аднак пакуль што стратэгічны інвэстар не фарсіруе падзеяў, што адкладае надыход лепшых часоў для ПВТ на неакрэсьленую пэрспэктыву.