У Беларусі зьняволеных прэсінгуюць збольшага маральна

Расейскія праваабаронцы чарговым разам зьвяртаюць увагу міжнароднай супольнасьці на шматлікія факты катаваньняў у сваёй краіне. Па гэтым паказьніку Расея ўваходзіць у лік самых праблемных эўрапейскіх дзяржаваў.
На думку экспэртаў, самі ўмовы знаходжаньня ў ізалятарах часовага ўтрыманьня ці папраўчых калёніях маюць характар катаваньня — людзей, каб выбіць прызнаньне, пазбаўляюць сну, паветра, прасторы. Гэта ня кажучы пра фізычны гвалт над асобай, распаўсюджаны ў расейскіх “зонах”. У Беларусі катаваньні хоць і не асноўны інструмэнт абыходжаньня з абвінавачанымі ці падазраванымі ў злачынствах, аднак прыклады маральных зьдзекаў — далёка ня рэдкасьць.

Расея неаднаразова атрымлівала ад міжнародных арганізацый парады — ліквідаваць прычыны катаваньняў. Пры гэтым экспэрты нагадваюць: ужываньне катаваньняў супярэчыць Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, Эўрапейскай канвэнцыі ў абарону правоў чалавека, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвэнцыі супраць катаваньняў і іншых бесчалавечных відаў пакараньня.

Гэты напамін можа ўспрыняць на свой адрас і беларуская папраўчая сыстэма. Выпадкі зьдзекаў са зьняволеных, а таксама затрыманых у часе апазыцыйных акцый, лічацца на сотні. Да таго ж Беларусь — адзіная эўрапейская краіна, дзе няма мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

"У "амэрыканцы" актыўна выкарыстоўваецца катаваньне холадам"

Выпускаючы рэдактар незалежнай газэты “Згода” Алесь Зьдзьвіжкоў — фігурант адной з самых гучных крымінальных спраў апошніх гадоў. Быў асуджаны на тры гады турмы за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамэда. Пазьней журналіста вызвалілі дзякуючы міжнароднаму рэзанансу. Зьдзьвіжкоў кажа, што сытуацыя ў папраўчых сыстэмах Расеі і Беларусі шмат у чым падобная — усё робіцца, каб зламаць чалавека:

Алесь Зьдзьвіжкоў
“Працягваецца старая сталінска-берыеўская ідэалёгія і мэтадалёгія. Прыкладам, “амэрыканка”. Там актыўна выкарыстоўваецца катаваньне холадам. Тэмпэратура ў камэрах зімой не перавышае 13 градусаў. Затое ў памяшканьнях для допытаў унізе, у сьледчых КДБ, тэмпэратура 25—26 градусаў. Кантраст сячэ па мазгах вельмі здорава. Тыя, хто прыходзіць з халоднай камэры ў цёплую “допытную”, вольна ці нявольна вымушаныя расслабляцца. Па сабе ведаю. Усе маральныя прыніжэньні, выпрацаваныя рэпрэсіўнай машынай, цалкам працягваюцца. Прыніжальныя ператрусы — абавязкова; затрымка перадачаў (бо пазбавіць яны ня маюць права); жахлівае бібліятэчнае абслугоўваньне альбо ніякае. Скажам, у “амэрыканцы” правіламі забаронена перадаваць кнігі. А для такіх, як я, — гэта маральнае катаваньне. Абмежаваная падпіска на выданьні. Усё гэта цалкам знаходзіцца ў кампэтэнцыі турэмнага начальства”.

Як дадае Алесь Зьдзьвіжкоў, у Беларусі выпадкі фізычных катаваньняў альбо адзінкавыя, альбо застаюцца толькі ў памяці пацярпелых, а вось маральны прэсінг буяе.

Сёньня Дзярждэпартамэнт ЗША заявіў пра абразьлівае абыходжаньне ў магілёўскай турме з асуджаным амэрыканскім грамадзянінам Эмануілам Зэльцэрам. Прадстаўнік новай амэрыканскай адміністрацыі Эндру Лэйн у інтэрвію тэлеканалу FOX News паведаміў, што супрацоўнікі амбасады ЗША ў Менску выказваюць пратэст у сувязі з утрыманьнем Зэльцэра за кратамі.

"Тады ён мне сказаў: "Старавойтаў, трэба выехаць раней, вы можаце?"

Былыя асуджаныя кажуць, што амаль ва ўсіх выпадках лёсамі зьняволеных аднаасобна распараджаюцца кіраўнікі СІЗА ці калёній. Ад іхнага стаўленьня залежыць турэмны “дабрабыт” канкрэтнага чалавека. Двойчы Герой Сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў, ужо ў сталым веку абвінавачаны ў эканамічных злачынствах, згадвае: начальнік аршанскай калёніі, дзе ён адбываў пакараньне, асабіста прадставіў яго сукамэрнікам, арганізаваў лепшае спальнае месца. Аднак у іншым выпадку перастрахаваўся, каб ня мець для сябе праблемаў:

Васіль Старавойтаў
“Вось ён прыйшоў і папрасіў, каб мне месца на ніжнім паверсе саступілі. У гэтым выпадку, я думаю, ён для мяне зрабіў добра. А калі ўжо надышоў тэрмін мяне адпраўляць, як два гады мінулі, то ён ведаў, што да мяне могуць прыехаць карэспандэнты з Украіны, з Масквы. Тады ён мне сказаў: Старавойтаў, трэба выехаць раней, вы можаце? Я кажу: давайце машыну, хоць цяпер мяне адпраўляйце. Ён замовіў мне тэлефонную размову з жонкай, я пагаварыў: можаш прыехаць? Магу, — кажа. Вось ён такую паслугу мне зрабіў. Хоць калі раней я прасіў, каб ён мне даў дадому патэлефанаваць, гэтага не дазволіў. А калі яму запатрабавалася, то ён зрабіў, каб складанасьцяў сабе не нажыць. Толькі так адбываецца, і ніяк інакш. То бок яны дзейнічаюць так, як ім выгадна. І нічога ня зробіш”.

"Слонік", "ластаўка", "канвэрт"...

На думку экспэртаў, прычына зьдзекаў у немалой ступені палягае ў страце прафэсіяналізму работнікамі сьледзтва. Нізкая аплата працы, пераход у бізнэс прыводзіць да лягічнага фіналу: замест руплівага пошуку зьвяртаюцца да самага простага спосабу — выцягваньня патрэбных паказаньняў пагрозамі і катаваньнямі. Не апошняе месца займае беспакаранасьць, калі ўжываюцца недазволеныя прыёмы — практычна няма выпадкаў, каб сілавікоў прыцягвалі да адказнасьці за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Некаторыя людзі ў пагонах не пазбаўленыя садызму, ад зьдзекаў яны атрымліваюць асалоду.

Катаваньні падрабязна апісаныя ў спэцыяльнай літаратуры: “слонік” — дазаваная падача паветра праз адгазьнік, “ластаўка” — расьцяжка на вяроўках, “канвэрт” — складваньне ў эмбрыянальную позу. Прыкрую вядомасьць атрымалі “прэс-хаты” СІЗА, куды зьмяшчаюць людзей, якія не прызнаюць сваёй віны. Ролю катаў бяруць на сябе іншыя зьняволеныя, якім адміністрацыя абяцае пэўныя “льготы”. Якраз тут практыкуецца гвалтаваньне.

"Тэмпэратура ў камэрах даходзіць да 60 градусаў"

У катаваньнях Расею апярэджваюць краіны Сярэдняй Азіі. Бунт зьняволеных у Андыжане ў 2005 годзе — вынік ужываньня катаваньняў. У некаторых узбэцкіх турмах зьняволеныя сядзяць у клетках, ня маючы магчымасьці ўстаць на поўны рост. У Туркмэністане за часы кіраваньня Сапармурада Ніязава ягоныя апанэнты таксама зьведалі ўсю сілу ўвагі Туркмэнбашы.

Незалежны журналіст Чары Анамурадаў быў асуджаны да працяглага тэрміну зьняволеньня “за паклёп на дзяржаўны лад”. Расказвае пра надзвычайную сьмяротнасьць на “зонах” — тэмпэратура ў камэрах даходзіць да 60 градусаў, вады на ўсіх не хапае. Каб выбіваць паказаньні, ужываюць псыхатропныя прэпараты.

Чары Анамурадаў згадвае, што ў 2006-м пры загадкавых абставінах у турме памерла карэспандэнтка Радыё Свабода Агульсапар Мурадава. Калега Мурадавай не сумняецца ў прычынах сьмерці:

“Мне нават знаёмыя з гэтай турэмнай сыстэмы сказалі: яе папросту забілі. Потым, пры анатамаваньні, былі зафіксаваныя шматлікія пашкоджаньні пячонкі, іншых унутраных органаў. А ўлады проста ўзялі, не паказалі нават сваякам, пахавалі — і ўсё. Існуюць такія зьвесткі, што шмат якія апазыцыянэры за час кіраваньня Ніязава былі ў турмах проста зьнішчаныя. Бо пры той некантраляванай уладзе маглі зьнішчыць каго заўгодна, не пакідаючы нават трупаў. Няма ніякіх праблемаў вывезьці цела ў невядомым кірунку. Гэта ня стопрацэнтна, але цалкам магло быць і такое”.

На пасьлясавецкай прасторы найбольш распаўсюджаныя формы фізычнага гвалту — зьбіцьцё, знаходжаньне ў халодных памяшканьнях і антысанітарных умовах, а таксама ўтрыманьне людзей у прымусовых позах. Апроч таго, пашыраны маральны зьдзек, калі людзям пагражаюць зброяй, фізычным ці сэксуальным гвалтам.