Малако на разьліў... у каналізацыю

На гэтым тыдні ў Талачынскім раёне з фармулёўкай “за развал працы” былі зьнятыя з пасадаў чатыры старшыні былых калгасаў.

Аршанскі рэгіянальны Камітэт дзяржаўнага кантролю днямі распачаў праверку на жывёлагадоўчай фэрме ў вёсцы Азерцы. Падставай для яе сталі неаднаразовыя скаргі мясцовых апазыцыянэраў, якія сытуацыю тут называюць “жахлівай”.

Упершыню на фэрму ў Азерцы, дзе тры сотні кароў, я прыехаў у часе апошняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. У цесную бытоўку набіліся ўсе працаўнікі. Пачала спадарыня Тацяна Пастухова. Тады яна даіла 50 кароў і атрымлівала за гэта 340 тысяч рублёў.

Тацяна Пастухова
“Бывае і меней. Узімку мінімалку атрымліваем. Прыйшла ў 5 раніцы, усё не магу сысьці — і лядоўню памыць, і праход, кароўнік падсыпаць. Плаціцца толькі за надой, а што мы скрабем, мыем — ня лічыцца. Я і з гаспадаркай не магу ў хаце зладзіць, і ўнук маленькі, і на працы толку няма — кідаюся туды-сюды...”

У зусім нядаўні прыезд людзі свае прозьвішчы называць адмовіліся, хоць сытуацыя, казалі, пагоршылася. Але тады, пасьля скаргаў, кіраўнікі СВК пакаралі сяго-таго рознымі штрафамі. Аднак паступова жывёлаводы загаварылі наўзахваткі.

“Будай лаяўся, галоўны заатэхнік. У нас заатэхнік усім камандуе — калі сказаў пазбавіць, значыць — пазбавіць... Даплату прыбіраюць, нібы не працуем. За той месяц 256… Па 250… Лядоўня ў нас новая, але ня робіць, бо малакаправоду няма… Ой, малако выліваецца — во 2836 кг зараз… 6 лядоўняў перамарозілі! Старшыня Шутаў джып сябе купіў, а лядоўню ня могуць! Цёплая вада ідзе, зь вечара стаіць малако — якое яно на другі дзень?!.. А як яно не закісьне? Ахаладжэньня няма ніякага. 700 літраў і болей даводзіцца, калі сьпёка, выліваць!.. Людзі ня хочуць за капейкі ў 4 уставаць, дзень адбыць і скончыць у 23:30...”

Тэлефаную па тлумачэньні памянёнаму галоўнаму заатэхніку Віктару Будаю.

“Малакаправод сапраўды не працуе, бо ён з 86 году. Ці кісьне, ня ведаю. А во што дояць неакуратна, фальсыфікуюць тлустасьць антыбіётыкамі — яны ж ня хочуць сябе браць, і яно выліваецца. А па 250 атрымліваюць толькі неахайныя даяркі. На Азерцах і людзей такіх няма…”

Лідэр талачынскай апазыцыі Мікалай Петрушэнка, які пракамэнтаваў убачанае.


“Гэта ня ёмістасьць для малака, а талачынскае “ноў-хаў”. Лядоўня працуе ад водаправоднай вады. Дзясяткі тон праходзяць. Малако, вядома, ад такога “ахалоджваньня” закісае. У даярак заробак падае, таму што малако выліваюць у каналізацыю...”

Учора Мікалай Сямёнавіч патэлефанаваў мне з апошняй інфармацыяй.

“Я быў на прыёме ў КДК Аршанскага рэгіёну. Кіраўнік запэўніў, што разглядацца справа будзе аб выдачы разьліковых квіткоў, каб даярка бачыла, колькі яна даіла і колькі ёй вінны. Што да “фальсыфікацый” малака, трэба быць вялікім ідыётам, каб паверыць, што даярка купляе антыбіётык і дае яго каровам. Такім чынам можа паступаць вэтурач, заатэхнік сам. Прызначаць на гэтыя пасады няма каго. Таму не даяркі вінаватыя тут — кіраўнікі перш за ўсё. І самага высокага рангу...”