Прысуд Мікіту Ліхавіду пакінулі бязь зьмены

Мікіта Ліхавід

Менгарсуд пакінуў бяз зьмены прысуд актывісту руху "За свабоду" Мікіту Ліхавіду. Маці Паўла Севярынца не дазволілі спатканьне зь ім напярэдадні суду. У ізалятары на Акрэсьціне трымае галадоўку былы лідэр "Моладзі БНФ" Алесь Каліта.

29 красавіка ў Менскім гарадзкім судзе разглядалася скарга Мікіты Ліхавіда на прысуд Партызанскага суду, паводле якога актывіста асудзілі на 3,5 гады зьняволеньня. Вынік – прысуд пакінулі бязь зьмены. "Адвакат хадайнічала, каб Мікіту прывезьлі ў суд. Судзьдзі параіліся хвіліну і адмовілі", -- паведаміла маці актывіста Алена Ліхавід.

Алена Ліхавід
"Потым пачала выступаць адвакат. Болей за гадзіну яна гаварыла, вельмі пераканаўча даказвала, што прысуд трэба адмяніць. Я паглядзела на аднаго з судзьдзяў, і ў нейкі момант мне падалося, што вось яно! На ягоным твары быццам было напісана, што ён усё разумее і з усім згодны. Але яны зноў пайшлі ў пакой для парадаў, і калі праз 20 хвілінаў выйшлі, то я зразумела, што надзея была прывідная".

Мікіту Ліхавіда, паводле маці вязьня, адправяць па этапе ў калёнію ў Наваполацку 7 траўня. Да таго часу Алена Ліхавід спадзяецца яшчэ атрымаць спатканьне з сынам на "Валадарцы".

Няўдачай закончылася спроба спаткацца з сынам для Тацьцяны Севярынец. Маці сузаснавальніка БХД Паўла Севярынца меркавала пабачыцца з сынам да суду, але у судзьдзі Жанны Брыхінай на гэты конт аказаліся свае меркаваньні.

Тацяна Севярынец
"Сёньня ранкам атрымала 2 лісты з Завадзкога суду Менска. Ад судзьдзі Брыхінай, за яе подпісам. Што, маўляў, спатканьне з Паўлам можа быць толькі пасьля абвяшчэньня прысуду. Гэта адказ на першую маю заяву. А на другую, дзе я прасіла дапусьціць да Паўла сьвятара, Брыхіна адказала, што гэта не ў кампэтэнцыі суду. І не патрапіў да яго сёньня адвакат. Хаця зранку адвакат пайшоў да яго, але была вялікая чарга і не пусьцілі".

Паўла Севярынца будуць судзіць 11 траўня разам з журналісткай Ірынай Халіп і кіраўніком штабу Статкевіча Сяргеем Марцалевым. Дарэчы, сёньня, 29 красавіка, вязень СІЗА КДБ Сяргей Марцалеў, адзначыў дзень народзінаў – яму споўнілася 34 гады.

Алесь Каліта
Актывіст Партыі БНФ, былы старшыня «Моладзі БНФ» Алесь Каліта
, які 24 красавіка ў Гомелі быў пакараны арыштам на 10 сутак, зараз знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, паведамілі праваабаронцы цэнтру "Вясна". Прычыны гэтага раптоўнага перамяшчэньня актывіста праваабаронцам невядомыя. Нагадаем, 24 красавіка ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля Алеся Каліту абвінавацілі ў дробным хуліганстве і асудзілі на 10 сутак арышту.

Назіральнікі не выключаюць, што арышт актывіста зьвязаны са справай аб тэракце ў мэтро. Паводле зьвестак, ў войску Алесь Каліта служыў разам з адным з абвінавачаных у тэракце. Паводле зьвестак правабаронцаў, Алесь Каліта за кратамі абвясьціў галадоўку.