Дзеўкі-паэты

vika-trenas

ПРЫГАЖОСЬЦЬ БЕЛАРУСКІХ ПАЭТАК, АБО ХТО СТВАРАЕ МАЛАДУЮ ЛІТАРАТУРУ

Адкрыты ліст



Вітаю, дарагія сябры! Вы пыталіся, чым мне падабаецца блог? Тым, што ён дазваляе праявіць свабоду мысьленьня: аўтар ЖЖ мае права выказаць любыя, нават самыя патаемныя, асабістыя думкі, прычым у любым жанры, у любой паэтычнай або празаічнай форме бяз боязі таго, што строгі рэдактар, як, напрыклад, у папяровым выданьні, выкажа пажаданьні адносна фарматнасьці/нефарматнасьці або кантэкстуальнасьці/некантэкстуальнасьці матэрыялу.


Віка Трэнас (Вікторыя Ляйкоўская) нарадзілася ў 1984 г. у Менску. Скончыла філялягічны факультэт Белдзяржунівэрсытэту (беларускае аддзяленьне, 2007), вывучала філязофію і літаратуру ў Беларускім Калегіюме. Цяпер працуе рэдактарам аддзелу паэзіі часопіса “Маладосць”.

Піша на беларускай і рускай мовах. Зь вершамі, эсэістыкай, літаратурнай крытыкай выступае ў пэрыёдыцы з 2000 г.

Зьяўляецца літаратурным аглядальнікам інтэрнет-выданьня “Новая Эўропа” http://www.n-europe.eu/, супрацоўнічае з часопісамі “Паміж”, “pARTisan”, “Тэксты”.

У цяперашні час актыўна займаецца арганізатарскай і мэнэджэрскай дзейнасьцю: супольна з паэткай Юліяй Новік ажыцьцяўляе доўгатэрміновыя літаратурна-мастацкія праекты “Выявы”, “Францыя ў сэрцы Беларусі”, праводзіць фэстывалі, конкурсы, майстар-клясы, канцэрты, выставы, творчыя сустрэчы-дыскусіі, разнастайныя імпрэзы пры дапамозе і з удзелам маладых актуальных беларускіх пісьменьнікаў, музыкантаў, мастакоў.

Аўтар паэтычных кніг “Цуд канфіскаванага дзяцінства” (Мінск: Логвінаў, 2005), “Экзістэнцыйны пейзаж” (Мінск: Галіяфы, 2008). Творы перакладаліся на рускую, нямецкую, баўгарскую, швэдзкую і францускую мовы.

Блог Вікі Трэнас http://vika-trenas.livejournal.com/

E-mail:trenas007@gmail.com

У Жывым Журнале мажліва і актуальна ўсё. Нават дазваляецца пісаць літаратурную крытыку з ужываньнем займеньніка “Я” — чаго ў сур’ёзным навуковым часопісе рабіць ні ў якім разе нельга. Асабістасьць, прыватнасьць, элітарнасьць у блогу вітаюцца. Таму я сёньня дазволю сабе эгаістычнасьць і падзялюся з вамі, шаноўныя сябры, сваімі надзвычай суб’ектыўнымі жыцьцёвымі і літаратурнымі назіраньнямі. Прашу вас — не, нават патрабую! — не пагадзіцца са мной, паспрачацца, абвергнуць мяне. Тым больш што ў гэтым допісе я прадстаю не як літаратурны крытык, а як дзяўчына. Калі больш дакладна: як літаратурны крытык і як прадстаўніца прыўкраснага полу адначасова.

Вы скажаце: “Ага, зразумела — Віка будзе расказваць пра модныя зараз паняцьці: пра гендэрныя пытаньні, фэмінізм ды іншую трасцу, што не ўкладаецца ў галаве ніводнага сапраўднага мужыка — неістотна, пісьменьніка ці звычайнага абывацеля, і ніводнай клясычнай дзяўчыны — спартсмэнкі, камсамолкі і проста прыгажуні, якая марыць сустрэць казачнага прынца”. Аднак не сьпяшайцеся з высновамі: я проста распавяду вам пра свой досьвед рэдактарскай працы ў літаратурным часопісе “Маладосьць”.

Наймаладзейшая беларуская паэзія ствараецца паэткамі — менавіта паэткамі, а не паэтамі. (Вядомая блогерка і літаратарка Валярына Кустава сказала б “дзеўкамі-паэтамі”, яна так і называе сябе — дзеўка-паэт. Зрэшты, выбірайце самі азначэньне, сябры: як падказвае вам эстэтычны густ?)

Так, менавіта. Найноўшая паэзія, створаная дзяўчатамі з пакаленьня дваццацігадовых, прывабная, як жаночая прыгажосьць, разумная і глыбокая, як найлепшыя ўзоры філязофіі, складаная, разнастайная і непрадказальная, як само жыцьцё, найбольш актуальная, прафэсійная і запатрабаваная сёньня. Сьведчаньнем таму ня толькі рэдакцыйная статыстыка: вялізная колькасьць лістоў з усёй Беларусі ад маладых аўтарак і шматлікія паэтычныя публікацыі дзяўчат, якія выклікаюць вялікі розгалас ня толькі дзякуючы гожаму фота, што прыкладаецца да вершаў, але і ўласна таленавітымі творамі. Сьведчаньнем таму — шалёны посьпех многіх цікавых імпрэзаў і доўгатэрміновых праектаў, прыдуманых і праведзеных маладымі пісьменьніцамі: “Францыя ў сэрцы Беларусі” (Юлія Новік), “Слэм — бітва паэтаў” (Маргарыта Аляшкевіч), “Паэтычны тэатар АРТ.С.” (Аксана Спрынчан супольна са Змітром Арцюхом) ды іншыя.

1. Навошта я пішу блог

Жывы журнал для мяне сьпершага выконвае інфармацыйную функцыю. Гэта тая выдатная віртуальная пляцоўка, якую любы пісьменьнік можа плённа выкарыстаць, калі неабходна распавесьці, напрыклад, пра падрыхтоўку да выданьня новай кнігі, пра разнастайныя літаратурныя і музычныя імпрэзы — цяпер іх праводзіцца багата, шчыра, не пасьпяваю нават наведваць, і гэтае сьведчаньне бурлівага творчага жыцьця мяне вельмі цешыць. Блог я пішу таксама дзеля таго, каб завесьці новыя прыемныя знаёмствы, дазнацца, якімі цікавасьцямі жыве цяперашні чытач, даведацца пра падзеі ў сацыяльнай і культурнай сфэры. Блог — надзвычай карысная сацыяльная сетка. Я выкарыстоўваю ЖЖ і ў якасьці асабістай інтэрнэт-старонкі, і ў якасьці інфармацыйнага рэсурсу, і ў якасьці месца віртуальных сустрэч з даўнімі і новымі сябрамі. Думаю, што блог — унікальная зьява.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

У блогах я больш за ўсё люблю крэатыўнасьць, арыгінальнасьць у форме падачы запісаў, інтэлектуальнасьць.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Мне не падабаецца, калі блогеры — няважна, у сваіх дзёньніках або ў чужых, — праяўляюць у сваіх выказваньнях нетактоўнасьць у дачыненьні да апанэнта пры вядзеньні дыскусіі, выкарыстоўваюць зашмат нецэнзурнай лексыкі, не апраўданай кантэкстам. Па шчырасьці, не люблю Жывыя журналы, у якіх многа месца адводзіцца ня проста прыватнаму жыцьцю, а занадта прыватнаму жыцьцю чалавека. Думаю, што ёсьць настолькі асабістыя рэчы, пра якія ня варта пісаць у Інтэрнэце. Неабходна, на мой погляд, памятаць: Сеціва — гэта публічная прастора.

Хто пабачыць усходні танец у выкананьні цудоўнай паэткі Ганны Федарук — ня зможа застацца абыякавым. Журналіст Воля Чайкоўская да сваёй дэбютнай самвыдатаўскай кнігі вершаў “Лупы” супольна з дызайнэрам і мастаком Юрам Круглікавым зьняла канцэптуальны фільм па матывах сваіх тэкстаў. Акрамя таго, гэты цікавы творчы дуэт спрабуе сябе і ў электроннай музыцы (праект “Мяtnа”). Бард Натальля Пушкарова скарае сэрцы шматлікіх слухачоў сваімі непаўторнымі, адметнымі кампазыцыямі. Алёна Беланожка родам з Магілёва і нядаўна зьявілася ў Менску, але пасьпела гучна заявіць пра сябе і як паэтка, і як аўтар тэкстаў да песень самых розных выканаўцаў, і як рэжысёр, і як мастачка. Яскрава дэбютавалі ў часопісе “Маладосьць” Іра Агеева, Каця Макарэвіч, Каця Пікірэня, Алёна Рыбік, Даша Брыч, Іра Бельская, Каця Савіцкая, Юля Дубро. Актыўна друкуюцца ў літаратурных выданьнях Тацьцяна Будовіч, Тацьцяна Нілава, Наста Кудасава, Маргарыта Латышкевіч, Ганна Гарбунова, Ірына Поўх, Іна Каляда, Тацьцяна Сівец, Анка Упала, Вера Бурлак (Джэці), Ярына Дашына і многія, многія іншыя таленавітыя аўтаркі.

Вальжына Морт — несумненная зорка авангарднай паэзіі ня толькі беларускай, але і эўрапейскай — перамагае ў міжнародных літаратурных фэстывалях, выдае кнігі за мяжой у перакладзе на розныя мовы.

Вольга Гапеева вядомая як паэтка, празаік, драматург, перакладае з ангельскай, нямецкай, польскай, украінскай моў і наладжвае міжнароднае культурнае супрацоўніцтва.

Марыйка Мартысевіч — філёляг, перакладчык, паэтка, блогерка і журналіст — кожным сваім допісам у ЖЖ правакуе літаратурны асяродак на актыўную творчую дзейнасьць і “мазгавыя штурмы”: часам на старонках яе блогу разгортваюцца сапраўдныя ідэйныя баталіі — не раўнаўшы Грунвальдзкая бітва ў маштабах байнэту! Такія дыскусіі толькі на карысьць нашай літаратуры.

Спадзяюся, мне ўдалося пераканаць шаноўную аўдыторыю ў вялікай колькасьці таленавітых, актыўных і крэатыўных паэтак, тым больш што сьпіс імёнаў можна доўжыць бясконца. Хачу зьвярнуцца да вас, дарагія сябры і чытачы, з падступным пытаньнем: каго зь беларускіх паэтаў-хлопцаў пакаленьня дваццаці- або трыццацігадовых вы ведаеце? Чым адметная творчасьць гэтых маладых людзей, чым яны вам запомніліся? І галоўнае — ці праўда, што наймаладзейшую беларускую паэзію ствараюць дзяўчаты?

Заклікаю вас да абмеркаваньня. Гатовая адказаць на любыя пытаньні: і як рэдактар, і як крытык, і як аўтар вершаў, і як дзяўчына :) Чакаю.

Вашая Віка Трэнас



ПЯЦЬ БЛОГАЎ, ЯКІЯ Я РАЮ НАВЕДАЦЬ