Салдат-апазыцыянэраў ізалююць

Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук апынуліся ў поўнай ізаляцыі. Івана ўжо некалькі месяцаў пазбаўляюць звальненьня і кантактаў са сваякамі. Франка і Зьмітра раптоўна забралі са шпіталяў у часе лекаваньня. Бацькі салдат-апазыцыянэраў упэўненыя, што вайскоўцы атрымалі загад на поўную ізаляцыю хлопцаў.

Франак Вячорка
Франак Вячорка знаходзіцца ў вайсковай частцы ў Мазыры. Яго забралі з бабруйскага шпіталя праз два дні, як ён пачаў праходзіць мэдычнае абсьледаваньне. Між тым у шпіталь хлопца накіравалі вайсковыя мэдыкі.

Бацька Франка Вінцук Вячорка за дзень да гэтага здарэньня наведваў свайго сына. Ён паведаміў, што бачыў паказаньні прылады, якая была падвешана на Франку, каб мераць ціск. Ціск быў 160 на 100, 160 на 105. Франак мусіў прайсьці на наступны дзень ультрагукавое абсьледаваньне сэрца, мозгу, дэталёвае рэнтгеналягічнае абсьледаваньне. Але ў шпіталь прыехаў прадстаўнік вайсковай брыгады і заявіў, што мэдычнае абсьледаваньне прыпыняецца.

Гаворыць Вінцук Вячорка:

“Я буду зьвяртацца да міністра абароны Мальцава, які будзе мець шырокі, у тым ліку, міжнародны розгалас. Без адпаведных мэдычных паказаньняў чалавека б не зьмяшчалі на лекарскую камісію.

Тое, што абсьледаваньне прыпыненае фактычна пра 2 дні паказвае тое, што вынікі гэтага абсьледаваньня былі камусьці вельмі і вельмі невыгодныя. Я нават здагадваюся хто гэты “хтосьці””.

Вінцук Вячорка будзе патрабаваць даць магчымасьць яго сыну прайсьці нарэшце паўнавартаснае мэдычнае абсьледаваньне. Сувязі з Франкам няма, бо ў вайсковай частцы не працуе таксафон, а за спробу карыстацца мабільным тэлефонам Франак раней атрымаў чатыры пазачарговыя нарады.

Іван Шыла
У поўнай ізаляцыі апынуўся й Іван Шыла. У частцы пад Лепелем, дзе служыць Іван таксама няма таксафону. За тое, што ў Івана знайшлі мабільны тэлефон хлопец мусіць адседзець 7 сутак на гаўптвахце. Бацька Івана служыў у савецкім войску і лічыць, што такое жорсткае пакараньне не суразьмерна з такім парушэньнем.

“У нас гаўптвахта была як выключнейшая мера. Нельга тэлефон? Ну, дык, вы ж, пастаўце таксафоны на тэрыторыі часткі! Іх там няма наогул! Ведаеце, у нармальным сьвеце нават у турме ёсьць тэлефоны, інтэрнэт...

Іван ходзіць у нарады праз дзень. Гэта ня вельмі лёгка...

Там, дзе служыць Іван робяцца нейкія ненармальныя рэчы. Хлопца пакаралі за парушэньне формы вопраткі. 10 сутак гаўптвахты... Гэта зусім ненармальна. За гэта да салдата можна папросту прыдрацца....

Для многіх афіцэраў гэта зьяўляецца месцам высылкі. Там служыць непэрспэктыўна. Яны шалеюць. Хочуць давесьці да сьвету, што ня мы кепскія, а жыцьцё такое”.

Камандаваньне часткі не адпусьціла хлопца на суд у Салігорск. У адсутнасьць Івана суд пастанавіў, што дзеяньні вайскоўцаў падчас гвалтоўнага прызыву былі законнымі.

Зьміцер Хведарук
Зьмітра Хведарука як і Франка Вячорку раптоўна забралі ў вайсковую частку са шпіталя. Ахоўнік патлумачыў Зьмітру, што ягоныя сябры ледзь не трапілі ў галаву плястыкавай талеркай міністру абароны ў часе гульні ў двары шпіталя.

Маці Зьмітра Хведарука выказала сваё меркаваньне:

“Няхай пакажуць яшчэ хоць аднаго чалавека з такім наборам хваробаў як у Дзімы, які пайшоў у войска. Што здарылася, то здарылася. Ён намагаецца выконваць усе каманды і патрабаваньні.

А чым можна напалохаць нашых дзяцей? Яны ня пестуны, яны бачылі ўсялякія там “акрэсьціны”. Дзіма бачыў адзіночку ў турме КДБ... Яго войскам не напалохаеш. Пытаньне незаконнасьці прызыву, гэта адно. Але служыць ён гатовы так, як ён усё робіць у жыцьці, з аддачаям”.

9 чэрвеня Іван Шыла будзе здаваць экзамэн на атэстат у лепельскай школе. Пасьля гэтага ён мусіць адбыць арышт на гаўптвахце. Хлопец падаў заяву на імя камандзіра часткі, каб яму замянілі пакараньне на іншае.