“Адстаўкі Паўлічэнкі і Навумава — сыгнал Эўропе”

Дзьмітры Паўлічэнка

Звольніўся зь міліцыі былы камандзір брыгады спэцназу Зьміцер Паўлічэнка, які знаходзіцца ў сьпісе неўязных у Эўразьвяз і ЗША як падазроны ў датычнасьці да зьнікненьняў апазыцыянэраў. З чым зьвязаная гэтая адстаўка?


СЛУХАЦЬ:


Зьвесткі пра адстаўку Дзьмітрыя Паўлічэнкі пацьвердзілі ў прэсавай службе Ўнутраных войскаў МУС Беларусі. “Так, ён пайшоў у адстаўку. Гэта было яшчэ ў сакавіку. Да таго доўга лячыўся ў шпіталі МУС — магчыма, нешта з сэрцам — і таму звольніўся паводле стану здароўя”, — паведаміў кіраўнік прэсавай службы Ўнутраных войскаў Сяргей Кабаковіч. Міліцыянт сказаў, што яму невядома, чым цяпер займаецца Зьміцер Паўлічэнка і ці ня зьехаў ён зь Беларусі. “Але сувязі з былымі таварышамі па службе ён ня страчвае. У траўні прысутнічаў на нашым мерапрыемстве, калі найбольш дасьведчаных вайскоўцаў пасьвячалі ў “крапавыя бэрэты”, — згадаў Сяргей Кабаковіч.

Апошнім месцам працы Дзьмітрыя Паўлічэнкі была пасада намесьніка камандзіра корпусу аховы грамадзкага парадку Ўнутраных войскаў. Яго прызначылі туды ў лістападзе 2008 году, але ў канцы таго ж месяца палкоўнік Паўлічэнка патрапіў у шпіталь. Пры гэтым аглядальнікі адзначаюць: у студзені 2009 году Дзьмітры Паўлічэнка разам з былымі падначаленымі купаўся ў палонцы, як і ў ранейшыя гады.

Дзьмітры Паўлічэнка ўваходзіць у сьпіс асобаў, якіх Эўразьвяз і ЗША падазраюць у датычнасьці да выкраданьня беларускіх апазыцыянэраў. Сам палкоўнік Паўлічэнка сваю датычнасьць да гэтага адмаўляе, але ўхіляецца ад кантактаў з журналістамі на гэтую тэму. Былы сьледчы Алег Воўчак, які вёў грамадзкае расьсьледаваньне спраў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, лічыць цалкам верагоднай датычнасьць Паўлічэнкі да зьнікненьняў апазыцыянэраў:

Алег Воўчак
“Вядома, на 100% я казаць не магу, бо ня бачыў матэрыялаў справы, але на 99% перакананы. Згадайце пра пісталет, пра рапарты, экспэртызы, пра тое, што казалі былыя сьледчыя Случак, Петрушкевіч, Алег Алкаеў. Згадайце ўскосныя дадзеныя, што ягоныя падначаленыя былі задзейнічаныя ў сачэньні за Завадзкім, што сьведкі бачылі аўтамабіль Паўлічэнкі падчас выкраданьня Ганчара.

У мяне няма сумневу, што адстаўка Паўлічэнкі зьвязаная з новай палітыкай Лукашэнкі. Заўважце, што і Навумава зьнялі з пасады міністра, пра Сівакова мы даўно ня чуем, пра Шэймана таксама. Іх прыбралі, каб не сьвяціліся, бо інакш цяжка нешта адказваць эўрапейскім чыноўнікам, чаму за 10 гадоў сьледзтва няма вынікаў“.

Як адаб’ецца на пэрспэктывах расьсьледаваньня спраў пра зьнікненьні вядомых апазыцыянэраў уступленьне Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства”?

Алесь Бяляцкі
Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць адстаўкі Паўлічэнкі і Навумава “пэўным сыгналам Эўропе, нібыта да яе прыслухоўваюцца”. Пры гэтым праваабаронца ня верыць у шчырасьць беларускіх уладаў і ў тое, што “Ўсходняе партнэрства” падштурхне да новых расьсьледаваньняў:

“Гэта азначае, што проста мяняюцца мэтады ўплыву і ціску на дэмакратычнае грамадзтва. Ад брутальных мэтадаў, як зьнікненьні, ідзе пераход да больш схаваных. Што да лёсу Паўлічэнкі, Навумава, Сівакова — паглядзім, але мяркую, што пакуль застаецца гэтая ўлада, працэсаў над імі мы не пабачым”.



Нагадаем, у траўні 1999 году пры нявысьветленых абставінах зьнік былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка, які на той час быў актыўным дзеячам апазыцыі. Меней як праз паўгода зьніклі былы віцэ-сьпікер Віктар Ганчар і ягоны сябра прадпрымальнік Анатоль Красоўскі. У ліпені 2000 году адбылося яшчэ адно зьнікненьне, якое, магчыма, мае палітычныя прычыны — апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Да гэтага часу лёсы гэтых людзей невядомыя, іх целы ня знойдзеныя. Афіцыйна расьсьледаваньні спраў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага ня спыненыя, хоць фактычна, як лічаць праваабаронцы, сьледчыя дзеяньні не вядуцца.