А.Трусаў: “Для беларусізацыі дастаткова аднаго званка”

Магілёўскі аблвыканкам стварыў адмысловую камісію, якая павінна распрацаваць праграму паэтапнага вяртаньня беларускай мовы ў публічнае жыцьцё. Што канкрэтна павінны зрабіць улады для адраджэньня беларускай мовы?

У паэта Генадзя Бураўкіна, былога кіраўніка Беларускага тэлебачаньня, адказ на пытаньне “Што павінна зрабіць улада?” гучыць даволі проста — пачаць самім размаўляць на беларускай мове

“Хай загавораць па-беларуску, пачынаючы ад самага высокага кіраўніцтва, потым губэрнатары, потым кіраўнікі раёнаў, розных прадпрыемстваў. І калі яны гэта зробяць, я гарантую, што праз паўгода, самае вялікае — праз год усе будуць гаварыць па-беларуску і ня будзе ніякіх з гэтым праблем. Бо навучыць гаварыць літаратурна, навучыць пісьменнасьці — гэта ўжо другое і цалкам тэхнічнае пытаньне. А галоўнае — каб улада загаварыла па-беларуску, масава і паўсядзённа”.

Карэспандэнт: “Застаецца запытацца — на вашу думку, ці магчыма гэта ў найбліжэйшай пэрспэктыве?”

Бураўкін: “Лічу, што нічога немагчымага тут няма. Але трэба, каб на гэта была “палітычная воля”.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў
таксама лічыць, што галоўным чыньнікам у росьце аўтарытэту беларускай мовы павінна стаць актыўнае яе выкарыстаньне службовымі асобамі. Але зь якіх рашэньняў варта пачынаць сёньняшнім чыноўнікам, у якой сфэры рабіць першыя крокі?

“Трэба пачынаць зь візуальнага шэрагу гарадоў, каб шыльды і надпісы былі па-беларуску. З гэтага трэба пачынаць, і гэта вельмі лёгка зрабіць. Па-другое, трэба выканаць пастанову Міністэрства адукацыі яшчэ 2000 году і стварыць у кожным райцэнтры па адной беларускамоўнай школе ці гімназіі. Гэта таксама зрабіць нескладана — было б жаданьне. Што тычыцца прэсы, то, вядома, мясцовая прэса павінна пісаць як мінімум палову матэрыялаў па-беларуску. І для гэтага дастаткова аднаго званка кіраўніка горада рэдактару мясцовай раёнкі”.

А вось дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, намесьнік старшыні камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Галіна Юргелевіч увогуле лічыць, што ў беларускай мовы вялікіх праблемаў сёньня няма.

“Адраджэньне беларускай мовы ў сэнсе яе ўздыму — мне здаецца, так казаць не даводзіцца, бо яна ў заняпадзе ва ўстановах адукацыі
асабліва і не была. Я працавала настаўніцай, дырэктарам школы, і дзеці з задавальненьнем вывучаюць беларускую мову. У тым раёне, дзе я працавала, існуе беларускамоўная гімназія, і конкурс туды вялікі. Таму ў мяне толькі асабістае пажаданьне — размаўляць больш на беларускай мове і навучаньне ўсіх прадметаў ажыцьцяўляць на беларускай мове”.