У Менску акцыя “Вучыцца па-беларуску”

Актывісты моладзі БНФ правялі пэрформанс каля гандлёвага дома “На Нямізе”.
Адзін з удзельнікаў пэрформансу Сяржук Семянюк паведаміў, што акцыя “Вучыцца па-беларуску” будзе адбывацца цягам дня ў розных месцах сталіцы.

Маладыя людзі пратэстуюць супраць таго, што са школьных падручнікаў выкінутыя творы Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Сьвятланы Алексіевіч, Сяргея Законьнікава, Вольгі Іпатавай, Уладзімера Арлова, Міхася Скоблы, Вітаўта Чаропкі, а таксама ілюстрацыі мастака Аляксея Марачкіна.

Удзельнікі акцыі сфармулявалі свае патрабаваньні: спыніць бяздумныя экспэрымэнты над беларускай школай; стымуляваць стварэньне профільных клясаў, гімназіяў, ліцэяў; вярнуць легальны статус Беларускаму гуманітарнаму ліцэю імя Якуба Коласа й Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту; стымуляваць выкладаньне ў школах па-беларуску.

А 16 гадзіне актывісты ўсклалі кветкі да помніка Янку Купалу.