Групу ананімных алькаголікаў у Менску наведвае мільянэр

Рух ананімных алькаголікаў утварыўся ў 1935 годзе ў ЗША. У Менску працуе з 1990 году. Як формула, створаная ў Амэрыцы, прышчапілася да беларускага мэнталітэту, якія посьпехі і якія праблемы суправаджаюць працу груп, дазнавалася нашая карэспандэнтка.
Я прыйшла на звыклую для чальцоў тэрапэўтычнай суполкі “Каўчэг” сустрэчу. Каля дзясятка чалавек сядзяць у невялічкім пакоі падвальнага памяшканьня, паставіўшы зэдлікі ў кола. Абмяркоўваюць свае дасягненьні, свае цяжкасьці, свае праблемы.

Кіруе размовай стваральнік руху ананімных алькаголікаў у Беларусі Ўладзімер Іваноў. Колішні галоўны нарколяг і псыхіятар Міністэрства здароўя цяпер загадвае псыханэўралягічным кабінэтам цэнтральнай паліклінікі МУС. Рэабілітацыяй хворых на алькагалізм людзей займаецца амаль 30 гадоў. Асноўны касьцяк групы – дзясятак былых алькаголікаў, якія не п’юць цягам гадоў. Тэрапія сумяшчае мэдычныя навуковыя прынцыпы і некаторыя пастулаты руху ананімных алькаголікаў.

Алькагалізм – хвароба, якую можна лекаваць словам

Станоўчы прыклад хворага на такую ж праблему, якую маеш сам, – дзейсная матывацыя справіцца зь ёй, кажа доктар Іваноў:

“Чаму людзі п’юць, усім вядома. Хочацца – таму і п’юць. Ніякай іншай прычыны няма насамрэч. А вось якім чынам дзевяць год ня п’е Іна – вось што цікава. Гэта варта абмеркаваньня”.

Іна ня лічыць, што яна вылечылася ад алькагалізму. Але яна можа цяпер ня піць – і здатная падбадзёрыць, падтрымаць тых, хто таксама імкнецца да гэтага. Асноўны прынцып узаемападтрымкі – стасункі паміж хворымі. Калі чалавек адчувае непераадольнае жаданьне выпіўкі, ён можа пазваніць сваім калегам з “Каўчэгу” ў любы час.

Іна кажа, што яе праблема вызначыла лад жыцьця ўсёй сям’і:

У сям’і не прынята становіцца з гадамі алькаголь ужываць. Гэта не прыносіць ніякага задавальненьня. У маёй сям’і не запатрабаваныя на сёньняшні дзень сьвяты, якія павінны суправаджацца алькаголем”.

Шмат хто на мае пытаньне падкрэсьліваў: алькагалізм – хвароба, якую можна лекаваць словам. Эмоцыямі, падтрымкай, сяброўствам. З аддзяленьнямі наркалёгіі прысутныя знаёмыя не па чутках. Але там лячэньне вынікаў не дало. Доктар Іваноў ілюструе сытуацыю лічбамі:
“У нас на 9 мільёнаў жыхароў – больш за 400 спэцыялістаў з вышэйшай адукацыяй працуюць на полі наркалёгіі. У Польшчы на 40 мільёнаў – усяго 120-130 чалавек. Адчуваеце, якая розьніца? Залежыць, вядома, ад нормаў заработнай платы. Таму што ў нас яны настолькі мізэрныя, што можна сабе дазволіць колькасьць. А ў Англіі гэта было б немагчыма, бо вельмі высокі кошт мэдычных паслуг”.

"Мы павінны плаціць, што займаемся рэабілітацыяй хворых на алькагалізм. Гэта ж фантастыка!"

Што да працы “Каўчэгу”, то для дзяржавы гэта ня толькі бясплатна, але й прыбыткова:

“Гэта быў падвал, брудны, запусьцелы, ёсьць і фота, які ён быў, які ён стаў. І ніводнай на гэта капейкі бюджэтных грошай. Усё зроблена рукамі хворых, мы ж там працуем. І адначасова мы павінны штомесяц плаціць 500-600 тысяч беларускіх рублёў за арэнду памяшканьня. Мы павінны плаціць за тое, што займаемся рэабілітацыяй хворых на алькагалізм людзей. Гэта ж фантастыка!"

Раней на “Каўчэг” больш зьвярталі ўвагу ў СМІ. І гэта давала плён. Сьвятлана ў групе ананімных алькаголікаў – шэсьць год. Яе маці пабачыла інтэрвію Ўладзімера Іванова па тэлебачаньні і распавяла дачцэ. Тая прыйшла. Трымаць цьвярозасьць – гэта значыць перагледзець усе свае жыцьцёвыя сьветапогляды – удалося. Хаця было надзвычай цяжка:

“Калі мы езьдзілі адпачываць на першым годзе цьвярозасьці з Хрысьцінай, гэта быў жах. Нішто нас ня цешыла, нішто не было патрэбна – ані стрыптыз, ані дыскатэка на караблі, нішто. Усе вакол нас выводзілі зь сябе, усё нам было сумна. І паміж сабой сварыліся, і што заўгодна. Гэта быў не адпачынак”.

Для тых, хто не хацеў бы правяраць сябе на трываласьць, Сьвятлана рэкамэндуе Эгіпет:

“У Эгіпце сухі закон – і там няма алькаголікаў. Так, вядома, у гатэлях п’юць. Але менавіта ў гатэлях, яны не выходзяць на вуліцу. Нехта п’яны ўпаў у басэйн – яго там вылоўлівалі сачком. І гэта – хохма для ўсяго гатэлю. І трапіць на яго месяца зусім ня хочацца”.

"У нас наагул паводле тэхнікі бясьпекі застольле – зона рызыкі"

Наагул, спакушаць хваробу паводле правілаў ананімных алькаголікаў – нельга. Дзеліцца сёньняшнімі рэаліямі Барыс. Ён трымае цьвярозасьць 5 месяцаў:

“Для мяне цяпер адпачынак – торт, гарбата. Нават калі на застольле трапляю, хімія пачынае ў арганізьме “граць”, але я неяк гэта салодкім заядаю – і сыходжу. У нас наагул паводле тэхнікі бясьпекі застольле – зона рызыкі. Трэба абыходзіць гэтыя правакацыі – крамы алькагольныя, кампаніі ранейшыя. Чаму я прыйшоў у “Каўчэг”? Таму што я хачу стасункаў зь цьвярозымі людзьмі, тут канкрэтна мяняецца кола стасункаў”.

Пэнсіянэр Аляксандар кажа, што ў сацыяльным сэнсе, як гэта ні парадаксальна, яму стала значна цяжэй жыць цьвярозым:

“Мне стала складаней. Мяне нядаўна звольнілі, аб’ектыўна праз тое, што я быў белай варонай. Бо прыйшоў працаваць у пітушчы калектыў. “Ах, ты ня п’еш? Баптыст, шэры, ня наш чалавек...” Цьвярозаму значна складаней жыць. П’янаму мне было прасьцей: ранкам 100 грамаў выпіў – дзень ты вольны”.

Хоць алькагалізм называюць хваробай сацыяльнай, але жыцьцёвая пасьпяховасьць і фінансавая незалежнасьць ніяк не аберагаюць людзей ад алькагалізму, кажа Ўладзімер Іваноў:

“У нас нават мільянэр ёсьць цяпер адзін. У нас іх два цягам апошніх пары гадоў сустракалася. Вось гэты чалавек – канадзец, беларускага паходжаньня, з нашых. Чалавек ён малады, яму каля 40 гадоў, 8 год зь іх – вельмі цяжкага п’янства. Распавядаў, што дзе толькі ні лекаваўся, у тым ліку і ў Канадзе, па якіх толькі дактарах ня езьдзіў, – толку не было. Зьвярнуўся да нас – пачаўся толк. На цяперашні момант у яго паўтара году рэмісіі. Вось нядаўна, летам, прылятаў да нас”.

"Кадаваньне, падшыўка – гэта ўсё трымаецца на страху, гэта наагул падман, фокус"

На пытаньне, хто спрабаваў вылечыцца мэтадам кадаваньня, рукі паднялі чацьвёра. Незайздросным досьведам дзеліцца Барыс:

“Гэта дурдом. Кадаваньне, падшыўка – гэта ўсё трымаецца на страху, гэта наагул падман, фокус. Я пазнаў, што такое “сухі запой”. Гэта калі п’янкі не было, ты ня п’еш, а зранку ў цябе стан, як пасьля натуральнай п’янкі, калі цябе трасе, калоціць. Я многіх людзей ведаю, якія на фоне кадаваньня зрываліся ў запой. І пачыналі піць у 5-6 разоў болей, чым да кадаваньня. Асабіста я кадаваўся на год. Сарваўся на 8-м месяцы. Звычайная сытуацыя, стрэс на працы – і пакацілася: я цар і Бог, мне можна ўсё”.

Наяўнасьць кадаваньня ў афіцыйна дазволеных мэдычных паслугах ня сьведчыць пра цывілізаванасьць мэдычнай сыстэмы, кажа Ўладзімер Іваноў:

“Мэдыцына ў заходніх краінах абавязана быць даказальнай, а пацыента абавязаныя інфармаваць, як і чым яго зьбіраюцца лячыць. І яны ня маюць права на падман пацыента. Таму на Захадзе кадаваньне немагчымае. Доктар ня мае права працаваць мэтадамі, якіх ня можа патлумачыць. А калі кадаваньнік пачне тлумачыць, што ён зьбіраецца зрабіць, да яго проста ніхто ня пойдзе – за што ж грошы плаціць? Гэта ж – фокус”.

Фокус заключаецца ў тым, што з дапамогай пэўных рэчываў у пацыента ствараюць уражаньне, што цяпер, пасьля кадаваньня, яму будзе вельмі блага ад любой колькасьці любога гатунку алькаголю. Насамрэч гэтая рэакцыя арганізму часовая.

Чаму дзяржава не падтрымлівае хаця б інфармацыйна таннага і дзейснага досьведу рэабілітацыі хворых на алькаголь – незразумела, робіць выснову Ўладзімер:

“Я неаднаразова спрабаваў інфармаваць мэдычную грамадзкасьць пра гэты досьвед, але сустракаў самы халодны прыём. Я б мог выступаць у інстытуце ўдасканаленьня дактароў, гэта ж рэальныя рэчы, гэта ж рэальныя людзі. Я ж магу хворых прадставіць. Мы ж пачыналі з жаночага алькагалізму. Першыя дзесяць жанчын, якіх я ўзяў у праграму 9 год таму – гэта ж унікальны выпадак, думаю, ня толькі для Беларусі. Яны ж усе цьвярозыя цяпер. Не. Хаця аргумэнтаваць свайго “не” яны ня могуць. Яны проста адводзяць вочы”.