Эўракамісія разумее візавыя праблемы беларусаў

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў абмеркаваў у Брусэлі пэрспэктывы спрашчэньня візавага рэжыму паміж Беларусьсю і ЭЗ.
Намесьнік кіраўніка Эўракамісіі Жак Баро ў часе сустрэчы зь Сяргеем Мартынавым «з разуменьнем успрыняў неабходнасьць узаемадзеяньня ў пытаньні візавых паблемаў, зь якімі сутыкнуліся беларускія грамадзяне пасьля далучэньня суседніх зь Беларусьсю краінаў ЭЗ да Шэнгенскага пагадненьня», – паведамляе БелТА.

Па выніках гутаркі дамоўлена пра рабочыя кансультацыі паміж беларускімі ўстановамі і службамі Эўракамісіі ў праблеме візавага рэжыму і рэадмісіі.

Прэсавая служба Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла Радыё Свабода, што пакуль няма інфармацыі, калі і ў якім фармаце могуць пачацца гэтыя кансультацыі. “Мы пакуль не даем камэнтароў на гэты конт”, – заявілі ў прэс-службе МЗС.

Алесь Лагвінец
Палітоляг, экспэрт па міжнародных пытаньняў Алесь Лагвінец тлумачыць, чаму эўрапейскія візы для беларусаў каштуюць даражэй, чым для грамадзянаў многіх іншых краінаў.

"Візавая праблема існуе для беларусаў з дзьвюх прычынаў. Першая – гэта адсутнасьць прагрэсу ў справе дэмакратыі і павагі да правоў чалавека. Пра гэта ўвесь час кажа Эўразьвяз, ён ня можа супрацоўнічаць з тымі краінамі, якія ламаюць прынцыпы, ня якіх будуецца Эўрапейская супольнасьць.

Другая прычына абумоўленая яшчэ і тым, што беларускае кіраўніцтва не згаджалася на прыняцьцё дамовы аб рэадмісіі, то бок аб прыняцьці назад тых нелегальных імігрантаў, якія траплялі праз беларускую тэрыторыю ў Эўразьвяз. Гэта абумоўлена яшчэ і тым, што ў Беларусі адкрытая ўсходняя мяжа.

Аднак той факт, што ўлады Беларусі і Эўразьвязу пачнуць кансультацыі на візавыя тэмы – гэта вельмі добра. Калі Менск нарэшце ўсур’ёз заняўся праблемай зьніжэньня коштаў візаў для беларускіх грамадзянаў – гэта можна назваць станоўчым сыгналам. Зараз беларускім уладам вельмі хочацца паказаць, што ёсьць пазытыўны працэс, ёсьць пазытыўныя зрухі. Яшчэ лепшым крокам з боку Менску магло б стаць увядзеньне бязьвізавага рэжыму для грамадзянаў Эўразьвязу."

Нагадаем, што шэнгенская віза для беларусаў каштуе 60 эўра. Для грамадзянаў Расеі, Украіны і Малдовы, краінаў, якія заключылі з Эўразьвязам адпаведныя дамовы, візы каштуюць 35 эўра.