У Лукашэнкі абмяркуюць прапановы аб зьменах у выбарчым заканадаўстве

Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правядзе нараду па пытаньнях удасканаленьня выбарчага заканадаўства. У нарадзе возьме ўдзел старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік патлумачыў карэспандэнту Свабоды:

“Прапановы стануць праектам закону, калі ён будзе насамрэч мець статус праекту. А гэта азначае, што ён будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў адным з суб’ектаў, якія абазначаныя ў канстытуцыі: прэзыдэнтам, саветам міністраў, саветам рэспублікі ці дэпутатам. Мяркуецца, што гэты праект будзе ўносіць прэзыдэнт. Вось калі ён яго ўнясе, тады гэта будзе афіцыйны дакумэнт, праект. А пакуль абмяркоўваюцца прапановы ў гэты праект”.

Законапраект мяркуецца разгледзець на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.