“Навумаў патрапіў у апалу ў Лукашэнкі”

Чым можна патлумачыць гучныя раздоры ў беларускім хакеі? Як можа паўплываць на выступ беларускай зборнай на Алімпіядзе канфлікт паміж Уладзімерам Навумавым і Міхаілам Захаравым? Наколькі дапамаглі “спорту нумар адзін” шматлікія дзяржаўныя фінансавыя ўліваньні? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч.
Цыганкоў: Пра што кажуць цяперашнія бітвы паміж Захаравым і Навумавым? Чаму менавіта ў хакеі адбываецца такі беспрэцэдэнтны выпадак, калі грамадзкасьць становіцца сьведкам даволі гучных сварак?

Аляхновіч: Супрацьстаяньне Навумава і Захарава цягнецца ўжо шмат гадоў. Яны заўсёды перацягвалі коўдру на сябе, каб дабіцца большай увагі кіраўніка дзяржавы і прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандра Лукашэнкі. Навумаў тады зьяўляўся міністрам унутраных спраў, а Захараў выходзіць на лядовую пляцоўку ў адной камандзе з Аляксандрам Лукашэнкам.

Цяпер супрацьстаяньне дасягнула свайго апагею. Тое, што цяпер перавага на баку Захарава, кажа пра тое, што Навумаў патрапіў у апалу ў Лукашэнкі. Цяжка сказаць, ці зьвязана гэта зь нейкімі ўладнымі групоўкамі. Ходзяць чуткі, што за плячыма Захарава стаіць адзін з старэйшых сыноў Лукашэнкі. Канстатаваць можна адно: цяпер перавага на баку Захарава. Пра гэта відавочна сьведчыць тое, што яго прызначылі на пасаду галоўнага трэнэра зборнай Беларусі, нават не спытаўшыся, што наконт гэтага думае старшыня Фэдэрацыі хакею Навумаў.
Увага і дапамога дзяржавы падштурхнула разьвіцьцё беларускага хакею на ўсіх узроўнях.

Цыганкоў: За час прэзыдэнцтва Лукашэнкі менавіта хакей дэ-факта стаў у краіне спортам № 1 — паводле і ўвагі кіраўніка дзяржавы, і маштабаў фінансавай падтрымкі. Такая дзяржаўная ўвага (прадстаўнікі іншых відаў спорту скардзяцца, што ім не дастаецца і дзясятай долі таго, што дастаецца хакею) — ці дапамагла яна беларускаму хакею?

Аляхновіч: Мяркую, што так, дапамагла. Безумоўна, увага і дапамога дзяржавы падштурхнула разьвіцьцё беларускага хакею на ўсіх узроўнях.

Але ня трэба забываць, што многія посьпехі беларускага хакею зьвязаныя з канадзкімі спэцыялістамі, і найперш — з Гленам Хэнланам. Вельмі шкада, што ягоная кар’ера ў Беларусі скончылася такім сумным чынам. Ён, будаваўшы гэтую каманду і жадаючы паехаць на Алімпіяду ў Ванкувэр у якасьці галоўнага трэнэра, вымушаны быў проста зьехаць зь Беларусі.

Самае крыўднае будзе, што калі наша зборная праваліцца ў Ванкувэры, то тады мы ня знойдзем нікога, у каго трэба будзе спытаць, чаму так атрымалася. Захараў зможа сказаць, што ў яго не было часу падрыхтаваць зборную, у Хэнлана спытаць ужо будзе немагчыма. Калі, ня дай Божа, зборная ня ўвойдзе ў васьмёрку на Алімпіядзе, — гэтага Навумаву не даруюць. У такім выпадку ён не застанецца на пасадзе кіраўніка Фэдэрацыі.