З нараў — у дырэктарскае крэсла

Аляксандар Бароўскі прызначаны гендырэктарам “БелаўтаМАЗу”.
Як паведамляе БелаПАН, былы кіраўнік канцэрну “Белнафтахім” Аляксандар Бароўскі прызначаны генэральным дырэктарам вытворчага аб’яднаньня БелаўтаМАЗ – адкрытага акцыянэрнага таварыства “Менскі аўтамабільны завод”.

29 траўня 2007 году Аляксандар Бароўскі быў затрыманы, а 27 сакавіка 2008 году рашэньнем Вярхоўнага суда быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўленьня волі; яго прызналі вінаватым ва “злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, учыненым з асабістай зацікаўленасьці, што пацягнула прычыненьне істотнай шкоды”. Ён таксама быў на тры гады пазбаўлены права займаць кіруючыя пасады.

Прысуд Бароўскаму касацыйнаму абскарджваньню і апратэставаньню не падлягаў.

22 сьнежня 2008 году Бароўскі быў вызвалены з калёніі Бабруйску ў адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам аб памілаваньні.