“Народную волю” папярэдзілі другі раз за год

Міністэрства інфармацыі 24 сьнежня вынесла папярэджаньне недзяржаўнай газэце «Народная воля» паводле абвінавачаньня ў распаўсюдзе інфармацыі, якая не адпавядае сапраўднасьці (арт. 4 закону «Аб СМІ»).

Нагодай для санкцыі стала нататка ў нумары 193–194 «Народнай волі» ад 11–14 сьнежня, у якой рэдакцыя прапаноўвала чытачам пералік гандлёвых кропак «Белсаюздруку» ў Мінску, дзе можна на больш выгадных умовах аформіць падпіску на газэту. Такая падпіска атрымліваецца таньней, чым, напрыклад, праз паштовыя аддзяленьні. «НВ» назвала гэтыя ўмовы «льготным тарыфам».

Мінінфармацыі палічыла ўжываньне гэтага словазлучэньня парушэньнем. «Паводле інфармацыі, прадстаўленай РУП "Белсаюздрук" (…), дадзеныя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці, паколькі згаданая арганізацыя аказвае паслугі па прыёме падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі на падставе зацьверджанага Міністэрствам інфармацыі тарыфу. Пры гэтым якога-небудзь ільгатаваньня па газэце "Народная воля" не прадугледжана», — паведамляецца ў дакумэнце за подпісам новапрызначанага міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага.

Гэта ўжо другое цягам году папярэджаньне на адрас выданьня. 17 лістапада рэдакцыю «НВ» пісьмова папярэдзілі за артыкул «…Не мешай другим отстаивать свободу» (№ № 169–170 ад 30 кастрычніка — 2 лістапада). Міністэрства палічыла, што ў артыкуле «ўтрымліваўся заклік перашкаджаць законнай дзейнасьці ЦВК, а таксама заклік да іншай дзейнасьці, якая адносіцца да экстрэмісцкай». 27 лістапада рэдакцыя накіравала ліст ў Мінінфармацыі, у якім выказала сваю нязгоду з папярэджаньнем, але міністар пакінуў яго ў сіле.

Між тым, паводле арт. 51 п. 2.2. закона «Аб СМІ», вынясеньне рэдакцыі альбо заснавальніку СМІ на працягу году двух і больш папярэджаньняў можа пацягнуць за сабой прыпыненьне выпуску гэтага СМІ.

Рэдакцыя НВ пакуль адмаўляецца камэнтаваць папярэджаньне.

Мы папрасілі пракамэнтаваць яго намесьніка старшыні БАЖу Андрэя Бастунца.

Бастунец: Умяшаньне дзяржавы ў свабоду друку, у свабоду СМІ мае быць абумоўлена, і мусяць быць сур’ёзныя прычыны для гэтага. Гэта ня проста папярэджаньне, за кожным папярэджаньнем мінінфармацыі стаіць магчымасьць закрыцьця выданьня. Таму магу сказаць, што з пункту гледжаньня права (не беларускага заканадаўства, а права) гэтае папярэджаньне выглядае абсалютна неабгрунтаваным. Я ўсё ж такі ўпэўнены, што да прыпыненьня, а дакладней да спыненьня выпуску газэты справа ня дойдзе, бо гэта будзе занадта красамоўна. Цяжка сказаць, ці будзе "НВ" абскарджваць гэтае папярэджаньне, гэта ўжо будзе залежаць ад пазыцыі рэдакцыі. Міністэрства інфармацыі з такім падыходам можа выносіць па два папярэджаньні пасьля выхаду кожнага нумару і зразумела, што плаціць па 20 базавых вялічыняў, каб пайсьці ў суд і змагацца зь дзяржаўным органам – гэта вельмі сур'ёзная праблема і ня кожны на гэта можа пайсьці.