У Глыбокім “масьленіца” – па-беларуску

Агляд недзяржаўнага друку
“Народная воля” у артыкуле “Макей чакае прапаноў” распавядае пра навіны ад “Грамадска-кансультацыйнага савета, створанага на самым пачатку 2009 года для “абмеркаваньня актуальных пытаньняў разьвіцьця дзяржавы і грамадзтва, выпрацоўкі прапаноў па больш актыўным уцягваньні Беларусі ў агульнасусьветныя працэсы, удасканаленьня накірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага разьвіцьця краіны”. Сябры савета “доўга запрагалі”, абмяркоўваючы, як павінен працаваць дарадчы орган, якія пытаньні павінны выносіцца на абмеркаваньне, і ў рэшце рэшт “паехалі”. Куды і па што – падрабязнасьці на старонках “Народнай волі”.

Штотыднёвік “Газэта Слонімская” піша: “Жыхары населеных пунктаў, разьмешчаных уздоўж ракі Шчары і канала Агінскага, ужо сёньня чакаюць вясны з некаторай насьцярожанасьцю. Сьнегу сёлета выпала значна больш за папярэднія гады, таму слонімцы баяцца, што праз месяц-другі паўторыцца вясна 1958 года, калі ў Слоніме была вялікая паводка, што прынесла людзям шмат шкоды.

Жыхар Слоніму Тадэвуш Руткоўскі ўзгадвае: “У парку было вады больш за мэтар, вада пазрывала ўсе масты ў Слоніме, а яны тады былі драўляныя. Засталіся непашкоджанымі масты на Янкі Купалы і чыгуначны мост, астатнія вада змыла. У людзей пазалівала агароды, хаты. Змыла печы, якія потым прыйшлося перарабляць нанова. У ліквідацыі наступстваў паводкі актыўна ўдзельнічалі вайскоўцы”.
Начальнік Слонімскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Русілевіч карэспандэнту “ГС” сказаў, што напярэдадні паводкі ў раёне створаны адмысловы плян дзеяньняў. І калі паводка будзе вялікай, то, па словах Віталя Феліксавіча, супрацоўнікі іх аддзела гатовы аказаць людзям непасрэдную дапамогу. Найперш, калі такое здарыцца, гараджан змогуць перасяліць у іншае месца, заняцца адпампоўваньнем вады і іншай дапамогай. Адным словам, апэратыўныя службы Слоніма гатовыя адрэагаваць на магчымыя надзвычайныя сытуацыі, зьвязаныя са сьнежнай зімой і будучай паводкай.

Газэта “Вольнае Глыбокае” распавядае пра адраджэньне ўрачыстага сьвяткаваньня Масьленіцы і нараканьні мясцовых рыбакоў, распавядае рэдактар Уладзімер Скрабатун:

“Упершыню за шмат гадоў мерапрыемства праводзілася на беларускай мове. Напэўна, гэта зьвязана з дзейнасьцю новага міністра культуры. Яшчэ ў нас тут насьпела праблема: у нас тут вельмі шмат незадаволеных рыбакоў з прычыны таго, што шмат глыбоцкіх азёр, асабліва ў ваколіцах Глыбокага, аддаюцца ў арэнду менскім фірмам. А тыя адразу ж робяць рыбалку платнай. Прычым ня ўклаўшы ні воднай капейчыны – не зарыбіўшы тое возера нават. Так што народ піша нам абураецца, а мы разьбіраемся”.