Гісторыя аднаго цуду: Ігар Марачкін

Ігар Марачкін. Здымак Арцёма Канцавога.

Ігар Марачкін кажа, што трыццаць гадоў таму ў Беларускую Майстроўню яго прывёў бацька. А я думаю – не яго аднаго. У пэўным сэнсе мастак Аляксей Марачкін для ўсёй Майстроўні быў бацькам. Ня толькі таму, што даваў нэафітам чытаць “Адвечным Шляхам” Абдзіраловіча. Найперш таму, што ўвасабляў адказнага ў гэтай з усіх бакоў беспрэцэдэнтнай справе.


Мы ўсё рабілі спантанна. А ў такіх выпадках міліцыя звычайна пытаецца: хто тут галоўны і хто адказны? Мы казалі: мы ўсе галоўныя, хоць “галоўным”, лідэрам у нас быў Вінцук Вячорка. І мы казалі: усе адказныя, хоць мне ўяўлялася, што за ўсё, што мы робім, па вялікім рахунку адказвае Аляксей Марачкін. Зразумела, што словамі такая роля не агаворвалася.

ХТО АДКАЗНЫ?


Старэйшы Марачкін бачыўся мне правадыром нефармальнай беларушчыны, тым, хто вядзе, бо лепш за іншых ведае маршрут, ён жа і абароніць у разе патрэбы. Пры гэтым гаворка ідзе не пра канкрэтнага Аляксея Марачкіна, а хутчэй пра ягоны вобраз.

Мы адчувалі, што робіцца нешта вялікае, небывалае й неверагоднае...
Мы адчувалі, што робіцца нешта вялікае, небывалае й неверагоднае, быццам мы ўсе разам ляцім да зор. Але чалавеку ўласьціва азірацца – а што, калі не туды заляцім або ўзьнікне якаясь прыкрая сытуацыя? Хто тады наша апошняя інстанцыя, да каго зьвяртацца? Не як да ратавальніка ці прарока. Проста заўсёды мусіць быць той, да каго ты можаш зьвярнуцца. Ты быццам сабраўся ўпершыню скокнуць з парашутам. Ты ведаеш, што й як рабіць і ня маеш пытаньняў да інструктара. Але табе важна ведаць, што інструктар тут, побач. Можа быць, гэта ты сам прыдумаў яму ролю інструктара, неістотна. Табе дастаткова ведаць, што ён побач, каб кінуцца ў справу без аглядкі.

Вобраз самага надзейнага і адказнага ствараўся і з аблічча, і з гутарак, і з таго, што старэйшы Марачкін паводзіўся завадатарам сярод іншых мастакоў, а таксама з таго, што ў Майстроўні разам з намі быў Марачкін малодшы.

Ігар кажа, што наўпрост яго бацька не выхоўваў, не штурхаў да беларушчыны. Але адказнасьць адчувалася заўсёды.
Ігар і Аляксей Марачкіны. У бацькавай майстэрні, 1982 год.

Ігар: “Ня тое, што я гэта кажу. Ён можа сам сказаць: як гэта так атрымалася, што ты такі вырас? Ён, як усе творчыя асобы, рэалізоўваў свае творчыя магчымасьці. І мы з маці гэта разумелі. Пастаянна ў майстэрні, пастаянна творы, нейкія пляны свае. Але ж я і не скажу, што ён мяне кінуў. Я хадзіў у майстэрню, маляваў, абавязкова. Мне гэта было цікава. Паступаў у вучэльню, не паступіў, заваліў дыктоўку. У астатнім, канечне, ніякага такога прымусу не было. І калі я трапіў у маладзёвы асяродак, у Майстроўню, ён хадзіў і падглядаў – а што мы робім, чым мы там займаемся? Нават калі мы ладзілі першы выхад на Новы год і нас хацелі “забраць”, то бацькі стаялі побач і назіралі. Яны не падыходзілі, але кантралявалі. Ім усё ж такі за нас было боязна. Але, дзякуй богу, усіх нас тады адпусьцілі, а яны стаялі, глядзелі. Іх захапляла, што маладзёвы рух, што мы стварылі Майстроўню”.

Дубавец: Старэйшыя мастакі глядзелі на Майстроўню як на нечаканае зьяўленьне, у якім уцелаўляліся іхныя мары. Можа быць, ім ужо тады бачылася цудоўная прырода гэтае зьявы, тое, што нам стане зразумела шмат пазьней. І таму натуральна, што яны не імкнуліся гэтым авалодаць або кіраваць, інакш цуд зьнікне.
Ігар у ролі Рыцара на прэм’еры “Цара Максіміляна”. Менск, актавая заля філфаку, вясна 1981 году.

Ігар: “Ніхто не піхаў. Не казалі: ты там ідзі, у сем гадзін ты павінен быць, а чаго ты тут сядзіш... Ляці хутчэй на філфак, там жа пачынаецца гэта... Нічога ня ведалі, дзе што. Мы самі рабілі. Ну, канечне, пераказвалі ім, што будзе, дапусьцім, спэктакаль. Прыходзьце на “Цара Максіміляна”, запрасіце Караткевіча... Не без удзелу іх. Але ім было прыемна, што гэта не замкнулася на іх, а што дзеці і ўсё пайшло далей разьвівацца”.


нармальныя беларускія ДЗЕЦІ


Дубавец: Сёньня Ігару самому столькі, колькі тады было бацьку, а ягоным дзецям – колькі тады было самому. Праўда, час стаў іншы, зоркі пералеглі іншым парадкам, і таму нельга сказаць, што дачыненьні бацькоў і дзяцей паўтарыліся тыя самыя.

Ігар: “Сытуацыя памянялася. Магчыма ў той сытуацыі ўсё так і было б. Але ўсё ж яшчэ залежыць і ад характараў. У мяне такі характар, што мне нават нешта забароненае было цікава зрабіць на той момант. Зараз гэта ўсё крыху памянялася. Але дзеці... Ніхто іх таксама не прымушаў, яны варыліся ў нашым асяродку, у нашай сям’і. Магчыма, нам, бацькам, хацелася нечага такога большага, рэвалюцыйнага. Але, зноў жа, у кожнага свой характар, свае адметнасьці. Таму атрымаліся нармальныя беларускія дзеці.

Хрысьціна наша прайшла праз усе беларускія школы, беларускія садочкі, якія Галіна Прыма арганізоўвала. Усё гэта мы стараліся скіроўваць. Магчыма, можна было й не скіроўваць, усё адно адбітак сям’і, сямейнага ўкладу даў бы свой вынік. Злат таксама беларускую гімназію заканчваў дзявятую, тады паступіў у наш каледж Ахрэмчыка, які лічыцца, прынамсі, беларускамоўным афіцыйна... Дазваляюць карыстацца беларускай мовай.
Ігар Марачкін. Плот.

На сёньняшні дзень я маю 47 гадоў. Мастак. Сябра суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў. Працую ў мастацкай школцы імя Ахрэмчыка, выкладаю мастацтва, дызайн. Усё, што магу, тое й выкладаю. Што дзецям цікава. Ну і творча працую, ежджу на пленэры. Удзельнічаю ў выставах. Вось такое жыцьцё”.

НЯЗВЫКЛЫ ШЛЮБ


Дубавец: У 1982 годзе Ігар Марачкін разам з Ірынай Крук зьдзівілі менскую публіку. Ня тым зьдзівілі, што ўзялі шлюб, а тым што гэта быў першы шлюб у нацыянальных строях.
Шлюб у нацыянальных строях, 1982 год.

Ігар: “Ірыне пашылі нацыянальны касьцюм, вэлюм, усё крыжыкам вышыта, як сьлед.
Мы былі адзінай такой парай.
У мяне таксама белая кашуля была, белыя штаны, паясок. І, канечне, гэта быў шок! Калі ўсе прыходзілі ў загс расьпісвацца ў касьцюмах пры гальштуках, а тут заходзіць пара... Мы былі адзінай такой парай. І пасьля мастакі нават шмат карцін зрабілі, натхніла іх гэта. Са слайдаў ужо глядзелі пасьля. Бо шмат было на вясельлі фатографаў вядомых. Вячаслаў Дубінка быў здымаў. І Пётра Сьвентахоўскі рабіў слайды. Пасьля мне прадавалі за каньяк. Ёсьць слайд вельмі добры, так што калі хочаш, пляшка каньяку, і ён твой. Раскручвалі мяне так...”
Карціна Леаніда Шчамялёва, натхнёная нязвыклым шлюбам.

Дубавец
: Незвычайны быў шлюб, незвычайнае было й знаёмства да шлюбу. У мінулай перадачы Ірына распавядала пра падпольную імпрэзу Забэйды Суміцкага, на якой яны пазнаёміліся.
Ірына Марачкіна зь Яўгенам Куліком на Купальлі. Вязынка, 1987 год.


Ігар
: “Пасьля гэтай вечарынкі неўзабаве адбылося Купальле. Я, зразумела, хлопец, вымушаны быць там, бо арганізоўвалі мастакі – там і бацька быў і Яўген Сяргеевіч Кулік і Маркавец і іншыя старэйшыя былі. А мне ж аднаму ўжо нецікава было. Я ўжо, ведаючы, што ёсьць такая дзяўчына, я ўжо давай яе клікаць. А яе не адпускаюць. Куды ты на ноч паедзеш, у Вязынку!.. Карацей, атрымалася так, што мы ўламалі бацькоў Ірыны. І ў гэтай справе дапамог Яўген Сяргеевіч Кулік. І цэлую ноч мы там былі да раніцы. Памятаю, там трэба было ў лесе з паходняй даганяць дзяўчыну, выбіраць долю сваю. І я тады бегаў з паходняй... Паходню мне далі, гэта таксама мяне ўразіла...”

СТАНОЎЧЫ ГЕРОЙ


Дубавец: Дазволю сабе працягнуць думку, выказаную ў мінулай перадачы.
На Купальлі з паходняй, 1980 год.
У якасьці этычнага ўзору савецкая сыстэма выхаваньня прапаноўвала “Маральны кодэкс будаўніка камунізму”, перафармуляваны з хрысьціянскага дэкалёгу. З гэтым ніхто не спрачаўся. Але прыклады станоўчага героя, які жыве паводле гэтага кодэксу, зусім не натхнялі. Гэта былі або пакутнікі накшталт Карчагіна, Марэсьева ці Матросава, або штампаваныя перадавікі вытворчасьці, што вывозілі больш за ўсіх арганікі на палі, або касманаўты, што выходзілі ў адкрыты космас і часам гераічна гінулі ад недахопу кіслароду. Словам, суцэльныя подзьвігі альбо пакуты. Паміж камуністычным дэкалёгам і рэальным жыцьцём зеўраў правал. Мы ведалі, як жыць правільна, але прывабных прыкладаў правільнага жыцьця без пакут у афіцыйнай прапаганды не было. Для мяне асабіста яны знайшліся ў зусім нечаканым месцы – сярод старэйшых мастакоў – тых, хто на думку артадаксальнай савецкай публікі павінен быў увасабляць у сабе адваротныя, адмоўныя прыклады скрайняга індывідуалізму, распуснай багемы і ўсіх магчымых заганаў. Беларускія мастакі, зь якімі я сустрэўся ў Майстроўні, былі пазбаўленыя як гэтых адмоўных рысаў, так і снабізму, а галоўнае, чым уражвалі – уменьнем жыць. У іх усё было ў парадку з самаацэнкай, і ў мэтафізыцы яны дзейнічалі як пасьпяховыя прагматыкі. Жыць, аказваецца, можна было не для подзьвігу, не для пакутаў і не для працоўных рэкордаў, а, напрыклад, для сваёй культуры, для самавыяўленьня ў гэтай культуры – хіба ж гэта не найбольшае, што ты можаш зрабіць – самарэалізавацца? Выглядае, што ў Беларусі камунізм пасьлізнуўся на мастаках.

Ясна, што жыць так, як яны, зусім не абавязкова. Але істотна ведаць, што ёсьць такія, хто так жыве – як істотна было ведаць, што ў самалёце прысутнічае інструктар. У гэтым сэнсе ў ідэальнай Беларусі ўся гэтая сям’я Марачкіных мусіла б прысутнічаць на экранах. Як тыя, з каго публіцы хацелася б браць прыклад. Незалежна ад таго, што ты ў самім сабе аналізуеш – які ты беларус, які прафэсіянал, гаспадар, бацька ці сын. Пры гэтым кожная іпастась тут зараджаная пазытыўна. Жыцьцё занадта кароткае, каб марнаваць яго на зьвягу, і занадта прыўкраснае, каб гэтага не заўважаць.

Зразумела, чаму за савецкім часам Марачкіны не маглі патрапіць на экран. Але не трапляюць яны туды і сёньня. Чаму?

Каб забыць гісторыю, яе трэба дэпэрсаніфікававаць.
Каб забыць гісторыю, яе трэба дэпэрсаніфікаваць. Не было нікога, ніхто нічога не рабіў, значыць, нічога й ня здарылася. Тое самае і з сучаснасьцю. Нікога няма, ніхто нічога ня робіць – для краіны, для нацыі, для незалежнасьці, -- значыць і паняткі гэтыя нібы фантомныя. Ёсьць яны ці няма – ня важна. Сёньня ёсьць, заўтра няма. Гэткае ўсьведамленьне насаджала і насаджае афіцыйная прапаганда. Публіка не павінна пераймацца тым, што аднойчы акажацца, што ні краіны, ні нацыі, ні незалежнасьці ня стане. Бо “ніхто за імі не стаіць”.

Афіцыйная прапаганда ўсяляк піярыць маскоўскіх тэлевізійных пэрсанажаў, якія ані да нашай краіны, ані да культуры, ані, тым больш, да хрысьціянскага дэкалёгу і ўменьня жыць ня маюць ніякага дачыненьня. Але яна іх піярыць – як сваё.

У выніку атрымліваецца, што за нацыянальнай ідэяй ніхто быццам і не стаіць, нікому канкрэтна гэтая ідэя быццам і не патрэбная. Хоць гэта ня так. Сёньня людзей, якія стаяць за нацыянальнай ідэяй у сотні разоў болей, чым было трыццаць гадоў назад. Але як і тады, гэта не інсьпірацыя дзяржавы, а ўнутраны покліч саміх гэтых людзей, якіх дзяржава ўсімі сіламі імкнецца не заўважаць.

Ігар: “Улады самі стварылі такі міт, ім гэта не падабалася. Таму што хацелі зрабіць савецкі народ. І хацелі экспэрымэнт паставіць на Беларусі. Беларусь гэта іх быў палігон. А нашто мы тут былі з традыцыямі, зь беларускай культурай, зь песьнямі й абрадамі? Казалі: куды вы цягнеце, мы ад гэтага ўжо адыходзім, а вы зноў туды цягнеце. Вы ж паглядзіце, прагрэс кругом, а вы тут песьні сьпяваеце бабульчыны. Мастакоў абвінавачвалі ў этнаграфізме. Куды вы лезеце, трэба перадавікоў маляваць, важдзей, а вы што робіце?

... А інакш чаго за намі палявалі й на варанках лёталі й выглядалі – дзе мы там ходзім, што мы там сьпяваем. Кантроль, канечне, быў пільны”.

cьвята забароненага сьцяга


Дубавец: У 1981 годзе Ігар і Ірына разам зь іншымі майстроўцамі ўпершыню адзначаюць дзень 25 сакавіка, і ўпершыню ўздымаюць бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта была цалкам закансьпіраваная акцыя ў лясным гушчары. Асіповіцкая электрычка, 20 хвілін ад Менску, прыгадвае Арына Вячорка:
Арына: “Першае
Арына Вячорка. Здымак Арцёма Канцавога.
сьвяткаваньне сваё пад гэтым сьцягам мы зрабілі ў лесе. Мы вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг, сьпявалі песьні, чыталі вершы. Гэта было ў лесе каля Асееўкі, каля лецішча маіх бацькоў, недалёка ад Гатава. Гэта была вельмі небясьпечная акцыя. Мы ўсе гэта разумелі. Калі сьпяваючы калядкі, ты мог сказаць, што гэта культура, дык вывешваньне сьцяга магло быць строга пакарана”.

Дубавец: Першы майстроўскі Дзень Волі выходзіць за межы нашага цуду нараджэньня. Бо акцыя рабілася для сябе, гэтаксама, як перад тым падобныя акцыі рабілі нашы папярэднікі. Цуд пачынаўся тады, калі Майстроўня выходзіла на людзі, калі бел-чырвона-белы сьцяг зьзяў на фірмовай майстроўскай каляднай зорцы, калі на гэтай глебе пачыналіся знаёмствы з новымі людзьмі і маладзёвы рух разрастаўся на вачах.
Бела-чырвона-белы сьцяг на майстроўскай каляднай зорцы. Заслаўе, пачатак 1982 году.

8-МІЛІМЭТРОВАЕ КІНО


Кінахроніка трыццацігадовае даўніны, якую мы выстаўляем на старонцы Свабоды ў сеціве, перадае тую дзівосную атмасфэру. Дарэчы, зьявілася і захавалася тая хроніка, дзякуючы Ігару Марачкіну, які здымаў майстроўскія імпрэзы.

Ігар: “Мне дасталася камэра ізноў такі ад бацькі. Ён яе купіў яшчэ калі вучыўся ў Акадэміі. На той час “Кварц” -- гэта досыць дарагая 8-мілімэтровая камэра была. І вось гэтая камэра мне дасталася. А працэс праяўкі я ўжо ведаў, бо ён гэтыя бачкі ў майстэрні круціў, праяўляў, асьвятляў. Сергіевіча жывога ў Вільні адзьняў – вельмі вялікі архіўны матэрыял. Таксама зараз на тэлевізію бралі гэтую хроніку, карысталіся. Адзінае, што не згадалі, адкуль гэтыя матэрыялы...
Ігар стварае кінахроніку Майстроўні. Заслаўе, вясна 1982 году.

А пасьля і я, на гэта ўсё паглядзеўшы, падумаў – носьбіт ёсьць, можна ж на яго пісаць нешта. Майстроўня пайшла яшчэ першае Гуканьне Вясны адзначаць у Зялёным Лузе, вогнішча распалілі, чучала палілі... Ёсьць гэтая хроніка. Маладыя ўсе, па дваццаць гадоў, усе такія апантаныя. Ходзім-сьпяваем. Нават адчуваецца, што за песьня сьпяваецца. Па рытму, як мы гэтыя карагоды водзім. Можна нават накласьці гук і будзе агучка зроблена.

Пасьля Майстроўні я яшчэ зьняў Шлях на Курапаты, калі крыж несьлі. Але я ўжо тады зразумеў, што зьявіліся відэакамэры і там здымалі хлопцы, і я там вырашыў, што трэба пераходзіць. Менавіта пасьля Курапат зьявілася надзея набыць відэакамэру. І пасьля ўжо здымаў вельмі шмат на відэа. Зараз відэа архіў таксама багаты, я гэта ўсё аблічбаваў. Карацей, архівіст я ўжо з Майстроўні быў.

МАЙСТРОЎНЯ НАВУЧЫЛА СЬПЯВАЦЬ


Майстроўцы сьпяваюць у электрычцы. Ігар Марачкін і Віялета Ефіменка, вясна 1982 году.
Ларыса Сімаковіч нам галасы паставіла – гэта вялікая яе заслуга. Яна над намі, як над студэнтамі кансэрваторыі, стаяла і вымагала цягнуць ноту і сьпяваць адкрытым голасам. Яна кажа: што ты схаваў голас унутры, ён павінен выйсьці, не трымай яго.

Вось “Дробна скача кача” песьня, яе сьпяваў Пётра Садоўскі. Вельмі спадабалася мне гэтая песенька. А ўжо калі лічыць першую песьню, якая ў Майстроўню прыйшла са мной і спадабалася ня толькі мне, але й іншым, яе называюць песьняй мастакоў, “Дробна драбніца”. Таму што па-першае, усе мастакі яе сьпявалі, па-другое, гэта песьня зь Віцебскага рэгіёну, там, дзе мае бабуля й дзядуля, і там гэтую песьню ўсе ведаюць. “Дробна драбніца, дробна драбніца, дробны дождж ідзе, сабралася бедна басота ды гарэлку п’е”. Гэта каронка наша. Хто б з мастакоўскага асяродзьдзя ні сабраўся, пачынаюць з гэтай застольнай песьні.

Што яшчэ цікава было ў Майстроўні... Я, дапусьцім, вывучыў беларускі касьцюм, у нас Раманюк выкладаў, беларускі касьцюм, сэмантыку арнамэнтаў, значэньне іх. Я навуковую працу зрабіў. І запрасілі нават ва ўнівэрсытэт да матэматыкаў, Арына Вячорка запрасіла, сказала, слухай, прачытай лекцыю. А былі і слайды, былі фотаздымкі, можна было гэта паказаць. І плякацік зрабілі, што Ігар Марачкін праводзіць лекцыю, прысьвечаную арнамэнту. Так што езьдзілі і выступалі сярод іншых студэнтаў.

МАЙСТРОЎНЯ ПАЗБАВІЛА КОМПЛЕКСАЎ


Што яшчэ дала Майстроўня, мы можам сьмела пайсьці ў масы, так бы мовіць, няма бар’ера. Аўдыторыя для мяне – гэта нармальная сытуацыя, я магу і правесьці заняткі і выступіць, нешта расказаць. А напачатку трошкі закамплексаваны быў і гэта цяжка было пераадолець. Мы ж дзеці таго пакаленьня. Усё ж такі ў рамках нас трымалі. А праз Майстроўню як бы рукі разьвязаліся і ты стаў даступны, ты стаў вольны”.

Дубавец: Пра тое, што Майстроўня пазбавіла комплексаў і навучыла выступаць перад вялікай аўдыторыяй, кажа таксама і Ірына Марачкіна.

Ірына: “Майстроўня
Ірына Марачкіна (Крук). Здымак Арцёма Канцавога.
дала імпульс для маёй будучай дзейнасьці. Многія рэчы, якія я пасьля разьвіла і працягвала ў сваім жыцьці, адтуль вырасьлі, з Майстроўні. Я стала там больш сьмелай, больш раскаванай, упэўненай у сваіх сілах, у сваёй праваце, нават у нашай беларускай справе стала больш упэўненай, бо зразумела, што вакол ёсьць людзі, паплечнікі. Упэўненасьць і сіла зьявіліся пасьля Майстроўні. І кожны, хто прайшоў праз Майстроўню, ужо ніколі ня здрадзіў беларускай мове, беларускаму слову. І мы назаўсёды засталіся сябрамі, нават калі ня бачымся гадамі, гэта ўсё роўна свае людзі, я ім вельмі веру і ведаю, што мы заўсёды паразумеемся ў галоўных пытаньнях”.

Дубавец: Сёньня часам даводзіцца пачуць, што Майстроўня так нічога й не дасягнула, маўляў, паглядзіце, што робіцца зь бе ларушчынай. Маўляў, гукалі гукалі вы вясну й не дагукаліся. Між тым, сёньняшні дзень ад майстроўскіх часоў аддзяляюць трыццаць гадоў, за якія пасьпела зьмяніцца эпоха.

Ігар: “Справа ў тым, што дагукаліся. Ня думалі, што дагукаемся да таго ж. Усё ж гэта пасьля грымнула й рухнула неўзабаве. Вось і гуканьне. Пачало старэйшае пакаленьне. Мы, моладзь, працягнулі гэта ўсё, далі штуршок той жа Талацэ, і пасьля гэта ўсё стала настолькі бурна абрастаць колькасьцю, масай людзей, усе гэтай ідэяй захапіліся, а гэта нацыянальная ідэя была. А зараз. Вы працуеце, перадачы робіце, мы працуем, дзецям расказаваем, іншыя працуюць, на сваіх спэцыяльнасьцях нешта робяць, такіх жа шмат. Гэта ж і ёсьць штуршок. Вось гісторыя, вось архівы, расказаць, паказаць, перадаць дзецям. І гэта інфармацыя. Яна закладваецца і генэтычна, і праз словы, праз відэа тое ж. І яно недзе пасьля стрэліць. Яно проста так ня можа зьнікнуць. Ня можа так быць, што Майстроўня была й зьнікла. Ня зьнікла. Яна дала штуршок, а працэс гэты разьвіваецца і зараз”.

ІГАР ЦІ ЯГОР


Дубавец: Застаецца высьветліць, чаму ў Ігара Марачкіна два імені. Майстроўцы запомнілі яго як Ігара і як Ягора.
Ігар падчас вучобы, 1981 год.


Ігар: “Я па-свойску, па-хатняму Ягор. Таму што Ігар неяк не прыжылося. Бо мяне маленькага зусім, калі я нарадзіўся, завезьлі на вёску да дзеда з бабай і мяне там клікалі ўсе Ягор. І пасьля гэтага ўжо і бацькі называлі Ягор, і ў школе і пасьля школы і сябры бацькоў таксама клікалі Ягор. Ну а цяпер усе кажуць Ігар і толькі свае блізкія клічуць Ягорам. Па-сямейнаму ў Майстроўні клікалі Ягорам і зараз калі тэлефануюць і кажуць Ягор, я ведаю, што свой чалавек, блізкі.

Сярод маіх аднаклясьнікаў я таксама Ягор. Былі ў мяне там блізкія сябры і цяпер ёсьць. І я ў іх зафіксаваўся як хлопец-беларус, адзіны ў клясе. Які рабіў газэты пра Мацея Бурачка, які размаўляў па-беларуску. Я іх цікавіў як асоба, да мяне цягнуліся. І вельмі часта дахаты прыходзілі, супольна ладзілі нейкія сустрэчы, вечарынкі. Я такі ня быў, што я такі адзін і ўсё, наадварот. Падтрымлівалі мяне. Але ўсё ж такі я глыбей сядзеў каранямі ў іншым. А ў іх была крышачку абмежаваная сытуацыя. Я іх разумеў і не цураўся. Сяброўства нармальнае было паміж аднаклясьнікамі”.