Сьледчых зацікавіла кніга “Лісты зь лесу” з аўтографам аўтара

Вечарам закончыўся ператрус у Бярозаўцы ў Сяргея Трафімчыка, які балятуецца ў лідзкі гарадзкі савет.
Ператрус праводзіў КДБ паводле крымінальнай справы пра махлярства супраць Алеся Зарэмбюка — каардынатара Руху «За свабоду», у складзе якога і сам Сяргей Трафімчык. Адначасна Трафімчык працуе на шклозаводзе «Нёман».

Супрацоўнікі КДБ забралі кнігу Паўла Севярынца «Лісты зь лесу», жорсткія дыскі ды іншыя рэчы. А шукалі — рэчавых доказаў супраць Зарэмбюка.

Пакуль працягваўся ператрус, тэлефанаваньні да Сяргея Трафімчыка ўвесь час абрываліся. Калі супрацоўнікі КДБ пакінулі Сяргея Трафімчыка, ён нарэшце адказаў і паведаміў наступнае:

«Была санкцыя пракурора на вобшук і выняцьцё матэрыялаў, якія могуць датычыць справы Алеся Зарэмбюка. Пачалося ўсё ў 14:20, закончылася паводле пратаколу ў 18:55, час пайшоў на зачытваньне пратаколу, сам ператрус ішоў тры з паловай гадзіны. Забралі бэйсболку «Рух „За свабоду“ — зь лягатыпам, былі налепкі рэклямныя „Белсату“, ліставаньне зь Севярынцам, рассылку БХД паштовую, бюлетэнь іхні, кнігу Севярынца „Лісты зь лесу“ забралі, з подпісам аўтара, мне падораную кнігу».

Колькі сьледчых праводзілі ператрус і адкуль яны былі?

Трафімчык: «Трое з КДБ, адзін сьледчы-дазнаўца Паршынцаў, капітан, другі — Шэўчык, а трэці — Антонаў, сказалі, што гарадзенскае ўпраўленьне».

Што было ў пратаколе?

Трафімчык: «Тое, што яны вынялі ў мяне па вопісе. Дыскі забралі розныя — зь фільмамі, музычныя, таксама забралі жорсткія дыскі для кампутара. У пастанове пракурора было напісана, што ў сувязі са справай Зарэмбюка абшукаць кватэру такога вось з мэтай знайсьці якія-небудзь доказы».

Ці працягвае Трафімчык сваю выбарчую кампанію?

Трафімчык: «Так, канечне. Але вось замест таго, каб агітацыю праводзіць, мусіў быць са сьледчымі, гэта заняло больш за чатыры гадзіны часу».