Ці аб’яднаюцца апазыцыя і аўтааматары?

Паўлюк Быкоўскі

Беларускія аўтааматары працягваюць пратэставаць супраць высокіх коштаў на паліва і плянуюць зладзіць у пятніцу 4 чэрвеня масавую акцыю. Наколькі бяскрыўдны для ўладаў гэты стыхійны рух, ці можа ён набыць палітычную афарбоўку? Ці могуць апазыцыйныя сілы далучыцца да патрабаваньняў аўтааматараў, ці пажадаюць тыя прыняць дапамогу з боку апазыцыі? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: Ці дастаткова бяскрыўдны пакуль для ўладаў рух аўтааматараў пад дэвізам «Стоп-бэнзін. Мы — ня дойныя каровы!»? Ці можа ў пэўны момант гэты рух пераўтварыцца ў праблему для ўладаў?

Быкоўскі: На маю думку, улады могуць пры разумным падыходзе выкарыстаць гэтую акцыю сабе на карысьць, паказаць, што яны разумеюць патрэбы людзей — і зрабіць нейкія жэсты, якія могуць быць успрынятыя пазытыўна. Напрыклад, сымбалічна зьнізіць цэны на бэнзін. Калі ж будзе па-іншаму, то ў Беларусі каля 1,8 мільёну сем’яў маюць аўтамабілі — і гэта сапраўды закранае палову насельніцтва.

Цыганкоў: Апазыцыя ўжо спрабавала палітычна выкарыстаць гэтую тэму, калі Партыя БНФ арганізоўвала рэфэрэндум
Можа быць пяройдзена нейкая мяжа, калі ўжо людзі будуць думаць, што акрамя палітыкі, нічога не застанецца, каб прыцягнуць увагу да праблемы.
супраць падвышэньня мытаў. Аднак, улады не дазволілі рэфэрэндум, да таго ж самі пакуль гэтыя мыты не падвышаюць. Наколькі пасьпяховай можа быць спроба апазыцыі ў выбарчы год уздымаць такія тэмы ў сваёй палітычнай дзейнасьці?

Быкоўскі: Вядома, для апазыцыі было б вельмі карысна нешта падобнае рабіць. Але часам людзі, якія хочуць вырашыць нейкія праблемы, баяцца, каб да вырашэньня гэтых праблемаў далучаліся палітычныя структуры — бо ў такім выпадку можа стаць нават горш. Таму, з аднаго боку, прадстаўнікі апазыцыі паспрабуюць далучыцца да «народнага гневу» ў гэтай праблеме, а зь іншага — да нейкага моманту людзі будуць неахвотна ставіцца да спробы апазыцыі ўмяшацца.

Іншая рэч, што як і ў выпадку з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, можа быць пяройдзена нейкая мяжа, калі ўжо людзі будуць думаць, што акрамя палітыкі, нічога не застанецца, каб прыцягнуць увагу да праблемы. Тады ўжо ўдзел апазыцыі будзе прадвызначаны. Але, на маю думку, у тым пытаньні, якое мы абмяркоўваем, да такой мяжы вельмі далёка