Фотарэпартаж: вандроўка па кляштары бэрнардынцаў

15 верасьня актывісты Партыі БХД плянуюць перадаць у Адміністрацыю прэзыдэнта і Палату прадстаўнікоў некалькі тысячаў подпісаў, сабраных супраць таго, каб у будынку кляштару бэрнардынцаў, які разам з касьцёлам Сьвятога Язэпа складае адзіны архітэктуры комплекс, зрабілі гатэль і забаўляльны цэнтар.

Ад 19 сакавіка 2005 году сябрамі рымска-каталіцкай грамады сьвятога Язэпа ладзяцца штодзённыя вячэрнія малебны за вяртаньне будынку касьцёлу вернікам.

15 ліпеня 2009 году ўпаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка заявіў, што менскі касьцёл бэрнардынцаў ня могуць аддаць вернікам з-за таго, што няма куды перамясьціць разьмешчаныя ў гэтым будынку фонды архіву гісторыі літаратуры.

У 2008 годзе карэспандэнт «Свабоды» наведаў кляштар бэрнардынцаў. Міжгарнізонная вайсковая пракуратура адтуль ўжо зьехала, а будаўнікі яшчэ не зьявіліся.

Брама і КПП. За савецкім часам у будынку кляштару месьцілася вайсковая міжгарнізонная пракуратура.
На ўвесь кляштар — ніводнага чалавека. Нават вартаўніка тады не аказалася на месцы. Адзіныя жывыя істоты, якіх пабачыў аўтар здымкаў, — гэта вароны, што кружлялі над кляштарам.
Некалі ў гэтым дворыку адбываліся шыхтаваньні асабовага складу.
Ва ўнутраных дворыках вайскоўцы пакінулі тое, што не ўяўляла ніякай каштоўнасьці: ад старой сантэхнікі да пустых сэйфаў і нагляднай агітацыі

Такі калючы дрот гадамі агароджваў насельнікаў міжгарнізоннай вайсковай пракуратуры ад усяго іншага сьвету.
А праз такое вочка вайскоўцы падглядалі за тым, што робіцца ў цывільным жыцьці. Цяпер празь яго можна пабачыць офіс «Менскай спадчыны» — прадпрыемства, якое займаецца рэстаўрацыяй архітэктурнай спадчыны Менску.
На гэтым здымку бачна, што патынкаваная і пафарбаваная толькі тая сьцяна касьцёлу Сьвятога Язэпа, якая выходзіць на Музычны завулак.
Сьцены ўнутраных дворыкаў ніхто даўно не фарбаваў.

Сярэднявечныя сьцены: некалькі мэтраў у шырыню, амаль дзесяць мэтраў у вышыню.
Сутарэньні кляштару былі прыстасаваныя пад камэры для парушальнікаў вайсковай дысцыпліны. Цёмныя пустыя калідоры. Гарыць толькі адна лямпачка, сьвятло падае з маленькіх вокнаў, якія знаходзяцца на ўзроўні зямлі.
Скляпеньні кляштару.
Столі папсаваныя вільгацьцю. Шмат дзе на столях можна было пабачыць цьвіль.
Пустыя пакоі і калідоры. На той час там не было нават электрычнасьці.

Сьвятло ў некаторыя калідоры трапляла толькі празь дзьверы.
Зьяжджаючы, вайскоўцы забралі ўсё, што маглі зьнесьці.
Такое ўражаньне, што апошнія насельнікі гэтых пакояў шукалі сярэднявечныя скарбы. Шмат дзе сарваная падлога і абшыўка сьценаў.
А вось умураваны ў сьцяну сэйф ня зьнесьлі. На дзьверцы сэйфу напісана «Литовская ССР».
Рэдкі выпадак: беларуская мова ва Ўзброеных сілах. Гэтыя дзьверы мелі права адчыняць толькі начальнік каравулу ці ягоны памочнік.
Жаўнеры пакінулі сьляды на падваконьні.
З вокнаў кляштару бэрнардынцаў бачны катэдральны сабор Сьвятога Духу.

Кляштар бэрнардынцаў у Менску
Заснаваны ў 1624 г. Фундатарамі выступілі Андрэй і Ян Кансоўскія. Пасьля пажару да 1652 г. быў збудаваны каменны касьцёл і кляштар. У 1752 адбылася рэканструкцыя, пасьля якой будынкі набылі цяперашнія рысы.

У 1864 годзе касьцёл і кляштар былі зачыненыя і канфіскаваныя расейскімі ўладамі за ўдзел гараджанаў Менску ў нацыянальна-вызвольным паўстаньні.