Мыта на аўтамабілі для грамадзянаў ня зьменіцца да 1 ліпеня 2011 году

Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі не прагназуе, што мыта на легкавыя аўтамабілі, якія ўвозяцца ў Беларусь грамадзянамі для асабістага карыстаньня зьменяцца да 1 ліпеня 2011 году.

"У ДМК адсутнічаюць дадзеныя пра магчымую зьмену гэтай даты", — заявіў намесьнік старшыні ДМК Беларусі Сяргей Барысюк.

Начальнік прававога ўпраўленьня ДМК Беларусі Аляксандар Адзярэйка нагадаў, што памер мыта на ўвоз фізычнымі асобамі ў Беларусь легкавых аўтамабіляў для асабістага карыстаньня ўключаны ў пералік выняткаў Мытнага кодэксу Мытнага саюзу. У той жа час пытаньне зьмены мытных ставак вырашаецца толькі пры ўзгадненьні яго ўсімі краінамі Мытнага саюзу.

"Беларусь у аднабаковым парадку зьмяніць дату ня мае магчымасьці", — адзначыў Адзярэйка.

У студзені-жніўні юрыдычныя і фізычныя асобы завезьлі на тэрыторыю Беларусі 133 тыс. легкавых аўтамабіляў, пры гэтым 128 тыс. аўтамабіляў было ўвезена фізычнымі асобамі, перадае Інтэрфакс.