Чарговы дзень акцыі салідарнасьці на Акрэсьціна

У пачатку сёмай вечара ад турмы сыходзілі апошнія сваякі затрыманых. Троху раней сышлі праваабаронцы і дэмакратычныя актывісты. Акцыя кампаніі "Салідарнасьць" закончылася а 18-й гадзіне.

Як паведамілі арганізатары, яны вырашылі зьмяніць фармат яе правядзеньня і далей праводзіць ня толькі у форме маральнай падтрымкі, але і матэрыяльнай. Таму акцыя сёньня адбывалася цягам усяго дня. Вязьням прыносілі пасылкі зь цёплымі рэчамі, сродкамі гігіены і ежай. Так гэта будзе і ў наступныя дні. Другі этап – збор сродкаў на выплату штрафаў і адвакатаў.

Чаму быў зьменены фармат? Як паведаміў адзін з арганізатараў Франак Вячорка, існуе пагроза, што людзі, якія будуць прыходзіць на мітынг ля муроў турмы, будуць далей арыштоўвацца. А карысьці ад актывістаў будзе болей, калі яны застануцца на свабодзе. Такім чынам, акцыя будзе праходзіць кожны дзень ад 10-й гадзіны раніцы да 18-й гадзіны вечара.

Некаторыя людзі не пасьпелі перадаць свае перадачы, некаторыя працягваюць шукаць сваіх сваякоў і блізкіх, бо ведаюць, што яны зьняволеныя, але ня ведаюць, дзе яны знаходзяцца. У турме ля ўваходаў вывешаны сьпіс вязьняў, але ён няпоўны – там імёны каля 200 чалавек, але як вядома, сапраўдная колькасьць затрыманых значна большая. Міліцыянты адмаўляюцца паведамляць, дзе астатнія – магчыма, ня ведаюць, магчыма, маюць адпаведныя інструкцыі. Факт застаецца фактам, да сёньняшняга дня многія людзі ня ведаюць, дзе знаходзяцца іх блізкія, якія, як яны даведаліся, асуджаныя на кароткія тэрміны зьняволеньня.