Рыгор Кастусёў і партыя БНФ распачалі кампанію за вызваленьне палітвязьняў

Ігар Лялькоў, Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў

Партыя БНФ пры падтрымцы былога кандыдата на прэзыдэнта Рыгора Кастусёва распачала кампанію за вызваленьне палітвязьняў, зьняволеных у зьвязку з падзеямі 19 сьнежня ў Менску.

У адмысловым звароце да беларускага народу кіраўніцтва партыі заклікала грамадзян не спыняць акцыю салідарнасьці і прадоўжыць справу вызваленьня праз асабістае паручніцтва за кожнага палітзьняволенага.

Гэта юрыдычная працэдура, прадугледжаная беларускім заканадаўствам, якая дазваляе хадайнічаць аб зьмяненьні меры стрыманьня зьняволенаму пад асабістую адказнасьць паручніка.

Ад сёньня ў сядзібе партыі можна падпісацца пад хадайніцтвам аб вызваленьні 29 палітвязьняў, якія зьняволеныя ў турме КДБ і сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.