Адносна былога гендырэктара "Пінскдрэва" пачата крымінальная справа

Пажар на Пінскдрэў, 25 кастрычніка 2010 году

Генэральная пракуратура пачала крымінальную справу адносна былога генэральнага дырэктара холдынгавай кампаніі "Пінскдрэў" Ларана Арыніча.

Пра гэта паведаміў журналістам намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Віктар Конан, перадае "Інтэрфакс".

"Ён не затрыманы. Справа вельмі складаная. Прызначаны шэраг
экспэртыз", - паведаміў Конан.

Адказваючы на пытаньне журналістаў, па якім артыкуле пачатая крымінальная справа адносна Арыніча, намесьнік генпракурора сказаў:

"Я не хацеў бы пра гэта казаць. Ёсьць на гэта пэўныя прычыны. Крымінальны артыкул, па якім распачата справа, дастаткова суровы, у хуткім часе яму будзе прад'яўлена абвінавачваньне".

Паводле Конана, "ёсьць пэўныя моманты пры расьсьледаваньні справы, ёсьць тактыка сьледзтва ".

"Затрымліваць Арыніча няма неабходнасьці, чалавек 1936 года нараджэньня. Тут пытаньне маральнае, нельга забываць пра самае галоўнае - пра бясьпеку людзей". Справа "Пінскдрэва вельмі складаная, расьсьледаваньне абцяжарана выбухам".

Прадстаўнік Генпракуратуры нагадаў, што ў выніку надзвычайнага здарэньня на "Пінскдрэве" у кастрычніку 2010 года загінула 14 чалавек, 7 чалавек атрымалі траўмы.