Суд над Байковай будзе закрытым

Сьвятлана Байкова

Старшы сьледчы па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Беларусі Сьвятлана Байкова абвінавачваецца па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суду Анастасія Цімановіч, паведамляе БЕЛТА.

Яна патлумачыла, што Сьвятлана Байкова абвінавачваецца ва ўчыненьні злачынстваў супраць правасудзьдзя, а таксама супраць інтарэсаў службы (ч. 2 арт. 393 — «Прыцягненьне ў якасьці абвінавачанага заведама невінаватага», ч. 1, 2 арт. 394 — «Прымус да дачы паказаньняў», ч. 1, 2 арт. 397 — «Заведама незаконныя затрыманьне або заключэньне пад варту», ч. 3 арт. 424 — «Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі», ч. 3 арт. 426 — «Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў»).

Для вырашэньня пытаньня аб вінаватасьці ці невінаватасьці Байковай у зьдзяйсьненьні інкрымінаваных ёй злачынстваў суд дасьледуе шэраг абставінаў, у тым ліку зьвесткі, атрыманыя падчас розных апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, сказала Анастасія Цімановіч.

Згодна з заканадаўствам, такія зьвесткі адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў (арт.14 закону «Аб дзяржаўных сакрэтах»). У адпаведнасьці з прамымі нарматыўнымі прадпісаньнямі справа падлягае разгляду ў закрытым судовым пасяджэньні.

Сьвятлану Байкову затрымалі супрацоўнікі КДБ у лютым 2010 году. Судовы разбор яе крымінальнай справы пачнецца ў Вярхоўным судзе 10 сакавіка.