Кубілюс: расейскі рэактар, якія плянуюць пабудаваць у Беларусі, — «экспэрымэнтальны»

Андрус Кубілюс

Літва будзе змагацца праз Эўрапейскі Зьвяз і АБСЭ супраць атамных электрастанцый, якія плянуюць пабудаваць побач зь яе мяжой.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Літвы Андрус Кубілюс, перадае DELFI.

Паводле Кубілюса, дасьледаваньні ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе абедзьвюх заплянаваных АЭС — у Беларусі і ў Калінінградзкай вобласьці — не завершаныя, і няма адказаў на пытаньні, якія хвалююць Літву.

«Паколькі не завершаныя гэтыя працэдуры, то любыя працы па разьвіцьці гэтых праектаў былі б парушэньнем міжнародных канвэнцый», — сказаў Кубілюс. Ён адзначыў, што расейскія рэактары, якія плянуюць пабудаваць у Беларусі і Калінінградзе, адносяцца да ліку «экспэрымэнтальных».

«Мы лічым, што калі парушаць канвэнцыю АБСЭ і пабудуюць побач зь Літвой экспэрымэнтальны рэактар, то будзе створана вялікая небясьпека, не апраўданая ніякімі матывамі».