У выпадку зьняволеньня Лашманкін паабяцаў распачаць галадоўку

Аляксандар Лашманкін

Сьвятлана Чарнова, грамадзянская жонка затрыманага мінулай ноччу журналіста, рэдактара самарскага інфармацыйна-прававога агенцтва "Свабода " Аляксандра Лашманкіна, ня верыць у тое, што ён мог абражаць міліцыянтаў падчас затрыманьня.

Аляксандра Лашманкіна ноччу 24 сакавіка зьнялі зь цягніка Чалябінск —Берасьце на падставе нейкага ананімнага тэлефанаваньня. Супрацоўнікі транспартнай міліцыі цьвердзяць, што ў іх былі зьвесткі пра тое, што журналіст перавозіў амфэтамін. Пры асабістым даглядзе ў яго знайшлі толькі лекі — агульнадаступныя, якія прадаюцца ў кожнай аптэцы бэз рэцэпту. Знойдзенае адправілі на экспэртызу.

"Аляксандар увогуле імкнецца не ўжываць лекаў, нават калі іх прызначыў доктар. Ставіцца да прэпаратаў асьцярожна. Я больш за ўсе баялася, што яго будуць вінаваціць у перавозцы наркотыкаў . У Расеі здараецца так, што іх падкідаюць знарок", — кажа Сьвятлана Чарнова.

Тое, што спадара Лашманкіна судзяць за дробнае хуліганства — за лаянку матам на міліцыянтаў падчас затрыманьня — грамадзянская жонка журналіста камэнтуе так:

"Гэта поўны абсурд! Ён ведае закон, і ён ня мог так рабіць. Цалкам выключана, каб ён нецэнзурна лаяўся падчас затрыманьня. Я нават згадаць не магу, каб ён брыдкасловіў увогуле".

Абвінавачаньні ў дробным хуліганстве Аляксандар Лашманкін катэгарычна абвяргаў падчас судовага працэсу, які праходзіць у судзе Воршы і Аршанскага раёну. Ён заяўляе, што ехаў у Менск, каб у якасьці журналіста назіраць за сьвяткаваньнем Дня волі 25 сакавіка.

Сьведкамі супраць Аляксандра Лашманкіна выступаюць толькі міліцыянты, якія яго затрымлівалі. Судзьдзя Іна Кохава абвясьціла перапынак да 15:30. Затрыманы журналіст паведаміў прысутнаму на судзе праваабаронцу Васілю Леўчанкаву, што абвесьціць галадоўку пратэсту, калі яму прысудзяць "суткі".