Хто быў у Брузгах — вызначаюць па відэаздымцы

У гарадзенскіх судах працягваецца разгляд новых справаў на ўдзельнікаў пратэсту кіроўцаў і прадпрымальнікаў на КПП “Брузгі” на беларуска-польскай мяжы, што адбыўся ўвечары 12 чэрвеня. Тады адразу былі затрыманыя чатырнацць чалавек, па іх на мяжу з Горадні прыслалі аўтазак.

Паводле кіраўніка абласной арганізацыі АГП Юрыя Істоміна, новых удзельнікаў вызначаюць на падставе відэаздымкі, зробленай у Брузгах у той час. Іх выклікаюць у розныя суды, напрыклад, у Ленінскі раённы, хаця абавязаны разглядаць справы ў Гарадзенскім раённым, паколькі Брузгі — вёска ў гэтым раёне, зазначае Юры Істомін. Ён кажа: гэтых людзей штрафуюць на трыццаць-сорак базавых адзінак, артыкулы ранейшыя — удзел у несанкцыянаванай акцыі і — непадпарадкаваньне законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады або супрацоўнікаў міліцыі.

На цяперашні час пакараныя штрафамі былі таксама два сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі.