На Пінскдрэве і пасьля трагедыі нічога не зьмянілася

Пажар на Пінскдрэве, 25 кастрычніка 2010 году

У Пінску працягваецца судовы працэс паводле крымінальнай справы аб выбуху на прадпрыемстве «Пінскдрэў-ДСП».
У выніку выбуху, які адбыўся на прадпрыемстве 25 кастрычніка 2010 году на месцы загінулі 2 чалавекі, у шпіталях памерлі яшчэ 12 працаўнікоў, якія апынуліся ў эпіцэнтры трагедыі. Агулам пацярпелі больш за 20 чалавек, прадпрыемства атрымала шкоду ў памеры 4 мільёнаў рублёў. На лаве падсудных апынуўся былы галоўны інжынэр ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Уладзімер Шастакоў, дырэктар «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін і галоўны інжынэр гэтага прадпрыемства Ігар Логвін. Галоўны фігурант справы — былы генэральны дырэктар «ХК „Пінскдрэў“» Ларан Арыніч уцёк ад сьледзтва і ў судзе адсутнічае. Пінчукі мяркуюць, што ўцёкі галоўнага абвінавачанага ў гібелі людзей маглі адбыцца толькі з дапамогай уплывовых апекуноў Ларана Арыніча. Судовы працэс у справе «Пінскдрэву» камэнтуе мясцовы журналіст Віктар Ярашук:

«Да судовага працэсу жыхары Пінску ставяцца па-рознаму: адны лічаць, што пакараць менавіта тыя, хто зараз сядзіць на лаве падсудных, іншыя лічаць самым галоўным злачынцам адсутнага на працэсе Ларана Арыніча. Ніхто ня ведае, дзе ён знаходзіцца — некаторыя кажуць, што ў Польшчы, іншыя кажуць, што ў Англіі. Людзі таксама калі ня кажуць, то мяркуюць і перашэптваюцца пра тое, што проста так Арыніч ня змог бы зьехаць, бо гэта мяжа, пашпартны кантроль і гэтак далей. Напэўна яму далі такую магчымасьць людзі вельмі ўплывовыя. Бо калі б Ларан Арыніч апынуўся на лаве падсудных, то ён штосьці б сьведчыў і гэта магло б паўплываць на і людзей з высокапастаўленых колаў. У гэтым зьвязку варта прыгадаць, што Арыніч пэўны час быў дарадчыкам Лукашэнкі па эканоміцы.

Цікава таксама, што нават тыя людзі, чые сваякі загінулі ў трагедыі таксама па-рознаму ставяцца да суду. Адныя кажуць, што ўсіх падсудных неабходна вызваліць, бо вінаваты толькі Арыніч, а іншыя кажуць, што пакараньне не галоўнае, а галоўнае, каб падобнай трагедыі больш не паўтарылася. Тым часам, паводле людзей, якія працягваюць працаваць на прадпрыемстве, пасьля адбытага выбуху на „Пінскдрэве“ нічога не зьмянілася».