Баранавічы: збор подпісаў супраць «чарніла»

Баранавіцкі актывіст АГП Рыгор Грык падаў у гарвыканкам больш як сто подпісаў, сабраных у Баранавічах за тое, каб абмежаваць гандаль танным віном, а ў далейшым увогуле вывесьці яго з продажу.
Спадар Грык кажа, што ўжываньне такога алькагольнага напою надзвычай небясьпечна адбіваецца на здароўі, таму ў пэрспэктыве яго варта было б забараніць:

«Заўсёды па тэлебачаньні ўсе кажуць, што сьпіваецца наш народ. Я зьбіраў подпісы, каб у Баранавічах і Баранавіцкім раёне ўвечары спынілі продаж пладова-ягадных вінаў, або, як у народзе іх называюць, „чарніла“. Зьбіраў каля крамаў, прадпрыемстваў, проста на вуліцы, і бачу, што людзі вельмі ахвотна падпісваюцца. Найбольш актыўна падпісваюцца жанчыны, але і мужчыны добра ўспрымаюць ідэю. Бо ўсе ж разумеюць, што ў такіх вінах ніякага віна няма, там хімія адна. Можа, дзякуючы збору подпісаў уладам будзе лягчэй штосьці зрабіць, бо будзе зварот ад народу», — кажа Рыгор Грык.

Цяпер збор подпісаў супраць «чарніла» працягваецца ў Баранавіцкім раёне.