Урад Беларусі спрачаецца з ААН наконт скаргі апазыцыянэраў

Пятро Кузьняцоў

Кіраўнік гомельскай абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пётар Кузняцоў атрымаў з Камітэту ААН па правах чалавека тлумачэньні беларускага ўраду наконт накладзенага на мясцовых актывістаў штрафаў і арышту за ўдзел у акцыі памяці зьніклага міністра ўнутраных спраў Юры Захаранкі, якая ладзілася 7 траўня 2009 году.
Тады пяцёра гамельчукоў — Уладзімер Кацора, Васіль Палякоў, Пётар Кузьняцоў, Юрась Захаранка і Анатоль Паплаўны — сталі з партрэтамі генэрала Захаранкі на вуліцы Камунараў, акурат насупраць будынка ўправы Гомельскай абласной міліцыі, дзе ў свой працаваў Захаранка.

Удзельнікаў імпрэзы ў той дзень не затрымлівалі, але пасьля выклікалі позвамі ў міліцыю і склалі адміністрацыйныя пратаколы, абвінаваціўшы ў парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. На падставе міліцэйскіх пратаколаў раённы суд пакараў апазыцыянэраў штрафамі, а Ўладзімера Кацору арыштам, падчас якога ён трымаў сухую галадоўку.

Адміністрацыйныя штрафы і арышт актывісты аспрэчвалі ў абласным і Вярхоўным судах, але безвынікова. Пасьля гэтага яны і зьвярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Працэдура разгляду скаргі патрабуе атрымаць тлумачэньні ад ураду той краіны, адкуль паступіла скарга. Беларускі ўрад са скаргай не пагадзіўся. Нібыта ніхто з названых актывістаў, у тым ліку і Пётар Кузьняцоў, ня мелі права скардзіцца ў міжнародную структуру, бо ня вычарпалі ўсіх сродкаў прававой абароны ўнутры краіны. У прыватнасьці, ня скардзіліся ў пракуратуру. Таму любое рашэньне Камітэту па дадзенай справе ўрад будзе лічыць несапраўдным.

Кузьняцоў: «Мы накіравалі ў Камітэт ААН свае тлумачэньні на ўрадавае рэзюмэ. Беларуская пракуратура — не судовая інстанцыя, а таму яна не зьяўляецца эфэктыўным інструмэнтам абароны правоў чалавека. На гэты конт існуюць і крытэрыі самога Камітэту ААН. Дарэчы, скарга ў парадку нагляду ў Беларусі таксама ня ёсьць такім інструмэнтам. Нядаўні прыклад: у Вярхоўным судзе яшчэ была на разглядзе скарга ў парадку нагляду Ўладзіслава Кавалёва, а маладога чалавека расстралялі, не чакаючы высновы».

Пасьля атрыманьня двухбаковых тлумачэньняў Камітэт ААН разгледзіць скаргі гомельскіх актывістаў па сутнасьці.