Амэрыканскія кангрэсмэны — супраць ЧС-2014 у Менску

28 кангрэсмэнаў і сэнатараў палаты прадстаўнікоў ЗША зьвярнуліся да міжнароднай хакейнай фэдэрацыі з заклікам перанесьці чэмпіянат сьвету па хакеі-2014 зь Менску.
Падпісанты, сярод якіх як дэмакраты, так і рэспубліканцы, выказваюць у лісьце глыбокую заклапочанасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, адзначаючы рост уціску свабоды слова пасьля выбарчай кампаніі 2010 году.

Паводле аўтараў ліста, «татальная атмасфэра перасьледу ў Беларусі» дае сур’ёзныя падставы для занепакоенасьці, што бясьпека гульцоў, афіцыйных асобаў, журналістаў і заўзятараў ня будзе гарантаваная ў тым разе, калі чэмпіянат адбудзецца ў Менску. Падпісанты лічаць, што з улікам сытуацыі Міжнародная фэдэрацыя хакею мае права забраць у Беларусі чэмпіянат і перанесьці яго ў іншую краіну.

Кангрэсмэны, у ліку якіх, у прыватнасьці, сьпікер Палаты прадстаўнікоў Джон Бэйнэр і кіраўніца дэмакратычнай меншасьці Нэнсі Пэлосі, заклікаюць кожную з краін-чальцоў Міжнароднай фэдэрацыі хакею патрабаваць ад уладаў Беларусі вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. Калі гэтага не адбудзецца, Беларусь, паводле аўтараў ліста, мае быць пазбаўленая гонару прымаць удзельнікаў хакейнага першынства сьвету.