Зьнявечылі птушанят — дзеля прэміі ад рыбгасу

Віцебшчыну, дый усю краіну, скалыхнула вестка пра барбараў, якія нявечылі птушанят бакланаў дзеля прэміі ад рыбгасу. Але знайсьці іх нават з дапамогай міліцыі будзе цяжка, а яшчэ цяжэй — знайсьці падставы для пакараньня, лічаць арнітолягі.

На думку адмыслоўцаў з грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», трэба ўдасканаліць заканадаўчую базу, каб падобнае не паўтарылася.

Некалькі дзясяткаў маладых бакланаў з адрэзанымі наддзюбкамі заўважыў Ігар Бышнеў, які 16-га чэрвеня адмыслова прыехаў зь Менску, каб зьняць відэафільм пра белую чаплю. На Новалукомскім возеры ён убачыў вялікую калёнію бакланаў. На дрэвах сядзелі так званыя «падлёткі» — маладняк, які яшчэ ня ўмее лятаць, і таму птушанят пакуль кормяць бацькі.

Дзюбы ў птушанят былі абрэзаныя, кажа спадар Бышнёў: «Наша мэта была — белая чапля. Хаця ўразіла, што па дарозе на выспу ўбачылі нежывога баклана без наддзюбка. Палічылі, што гэта выпадковасьць. А потым заўважылі, што на ніжніх галінаў дрэў сядзяць маладыя бакланы, чакаюць бацькоў. І ўсе — без наддзюбкаў».

Зьбіраюцца лавіць тых бакланаў, каб потым усыпіць — каб ня мучыліся. Я баяўся, што будуць страляць, але ж, здаецца, ня будуць!
Віталь Кашчэеў

Скалечаныя птушаняты сканаюць ад голаду, як толькі падрастуць і бацькі перастануць іх карміць. Пасьля таго як зьвесткі пра зьнявечаных птушак трапілі ў інтэрнэт, у Чашніцкім райвыканкаме сабралася адмысловая камісія, якая пастанавіла забіць «падлёткаў», каб збавіць іх ад пакут. Бакланаў вырашылі былі адстрэльваць, але гэта небясьпечна для навакольнага асяродзьдзя — стрэлы могуць напалохаць іншых птушак. А на Лукомскім возеры гняздуюцца і рэдкія віды, кажа мясцовы арнітоляг-аматар Віталь Кашчэеў, які разам з адмысловай камісіяй скіраваўся сёньня на выспу, дзе на Лукомскім возеры калёніяй жывуць бакланы:

«Камісія створана. Тут зараз прыехаў начальнік раённай экалягічнай службы. Зьбіраюцца лавіць тых бакланаў, каб потым усыпіць — каб ня мучыліся. Я баяўся, што будуць страляць, але ж, здаецца, ня будуць! Завялі тут справу, займаецца Чашніцкі РАУС. Будуць усіх апытваць — рыбгас і гэтак далей».

Паводле папярэдняй вэрсіі, невядомыя барбары адразалі бакланам наддзюбкі, каб атрымаць грошы ад рыбгасаў. Такія прадпрыемствы заахвочваюць паляўнічых, каб адстрэльвалі бакланаў, бо тыя нішчаць рыбу ў вадаёмах. Але, кажа спадар Кашчэеў, у Новалукомскім рыбгасе «трафэем», за які даюць грошы, лічыцца галава забітай птушкі. Тут жа маладняк не адстрэльвалі, а адразалі толькі наддзюбкі. Верагодна, каб здаць за грошы недзе яшчэ.

Ва ўсіх рыбгасах прымаюць дзюбы, і я дзюбы прымаю. Але ж гэта дзюба ад забітай птушкі! 50 тысяч адна каштуе

Пра тое, што недзе прымаюць галовы, супрацоўнік яшчэ аднаго рыбгасу — «Навінкі» на Пастаўшчыне ніколі ня чуў: «Ва ўсіх рыбгасах прымаюць дзюбы, і я дзюбы прымаю. Але ж гэта дзюба ад забітай птушкі! 50 тысяч адна каштуе. Бакланаў трэба адстрэльваць, бо карысьці ад іх аніякай, а рыбай харчуюцца. У нас тут шмат азёраў, так што пазыцыя павінна быць самая непрымірымая».

Чаму браканьеры ў Чашніцкім раёне адразалі птушкам толькі верхнюю частку дзюбы — наддзюбак — ніхто дакладна сказаць ня можа. Таму яшчэ адна вэрсія — што так маглі дзейнічаць псыхічна нездаровыя людзі. Але ў кожным выпадку — цэлай групай, бо баклан — птушка вялікая і моцная, і адзін чалавек наўрад ці здолее зь ёй управіцца.

Бакланы засталіся безабароннымі, бо ў Беларусі дагэтуль не прыняты закон аб адказнасьці за жорсткае абыходжаньне з жывёламі, лічыць старшыня грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук:

«Прыняцьце закону пра жорсткае абыходжаньне з жывёламі рэгулявала б, што чалавек мае права рабіць, а што — не. А так у нас чалавек мае права змагацца як заўгодна з так званымі непажаданымі відамі. Па-другое, ёсьць правілы вядзеньня паляваньня ў паляўнічых гаспадарках, і там сьпіс „непажаданых“ птушак яшчэ хочуць пашырыць, каб туды трапілі канюк, балотны лунь, грак, воран... Канюк, прыкладам, ловіць мышэй па палях, так што ў чым ён „правініўся“, незразумела...»

Пакуль адпаведнага закону няма, і выпадкі, падобныя да страты бакланаў пад Новалукомлем, здараюцца то тут, то там. У 2007 годзе птушанят бакланаў невядомыя браканьеры расстралялі ў вусьці рэчкі Лань у заказьніку «Сярэдняя Прыпяць». А летась у рыбгасе каля вёскі Сялец Бярозаўскага раёну зьнішчылі вялікую белую чаплю — від, занесены ў «Чырвоную кнігу».